Вы тут

І адступае адзінота


На Гродзеншчыне актыўна развіваюць адносна новую форму сацыяльных паслуг — дамы самастойнага сумеснага пражывання пажылых людзей. Такіх дамоў у вобласці цяпер 13 (на 84 месцы) і яшчэ 3 запланавалі стварыць сёлета. Па адным з падобных адрасоў на Зэльвеншчыне накіраваўся наш карэспандэнт.


Са­цы­яль­ны ра­бот­нік Ган­на ЖАК ра­зам са сва­ёй па­да­печ­най Ма­ры­яй ЗЕ­ЛЯН­КО.

Па дарозе ў вёску Акцябрскую начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Зэльвенскага райвыканкама Наталля ЮРКЕВІЧ і дырэктар раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана ЖАМОЙЦІНА расказалі, што дом самастойнага сумеснага пражывання для адзінокіх грамадзян ствараўся па прынцыпе «пры мінімальных расходах — максімальны эфект». Што маецца на ўвазе?

Калісьці ў раёне былі дзве базы ПМК, адна з якіх размяшчалася ў Акцябрскай. Вакол яе пабудавалі рабочы пасёлак з двухпавярховых дамоў. Калі ж вытворчай базы там не стала, з'явіліся незанятыя кватэры.

На першым паверсе аднаго з двухпавярховікаў аказаліся пустымі тры з чатырох кватэр і іх перадалі Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зэльвенскага раёна.

Кватэры і інжынерныя камунікацыі капітальна адрамантавалі (100 мільёнаў рублёў выдзеліла вобласць і 50 мільёнаў рублёў — раённы бюджэт), забяспечылі новым сантэхнічным і кухонным абсталяваннем, мэбляй. Дапамогу аказалі Гродзенскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, раённы прафсаюз работнікаў АПК, абласныя арганізацыі Чырвонага Крыжа і Фонда міру. Работнікі сацыяльнай службы самі паклеілі ў гэтых кватэрах шпалеры. А на ўваходзіны прыехалі прадстаўнікі ўсіх арганізацый — зразумела, не з пустымі рукамі: кожны падарыў нешта патрэбнае ў гаспадарцы.

Дом самастойнага сумеснага пражывання ў Акцябрскай разлічаны на 7 чалавек. Зараз там жывуць тры жанчыны і мужчына, а яшчэ двое пастаяльцаў туды вернуцца пасля лячэння ў бальніцы. У асноўным гэта людзі, якія не маюць дзяцей альбо па тых ці іншых прычынах не падтрымліваюць з імі пастаянных кантактаў. Кватэры знаходзяцца на балансе раённага ўпраўлення ЖКГ, якое заключыла з кожным чалавекам дагавор найму жылога памяшкання. Сістэма разліку за жыллёва-камунальныя паслугі, па сутнасці, такая ж, як і ўсюды. Плюс аплата паслуг сацыяльнага работніка — гэтыя абавязкі тут выконвае Ганна ЖАК. Атрымаў пенсію, зрабіў абавязковыя выплаты — астатняй сумай распараджайся як хочаш. Зразумела, прадукты, лекі, нешта іншае трэба купляць.

Наша першая суразмоўца — Марыя ЗЕЛЯНКО. Яе хата непадалёк, у вёсцы Галынка, а ў гэтым доме Марыя Антонаўна тры месяцы. Прыйшла сюды на зіму, хоць, магчыма, застанецца і надалей, бо жыць адной інваліду першай групы цяжка. А тут ні пра ацяпленне не трэба клапаціцца, ні пра харчаванне.

— Мне вельмі падабаецца. Цёпла, чыста. Ёсць тэлевізар, радыё. Жанчына, якая нас абслугоўвае, чалавек цудоўны. І з іншымі людзьмі, хто тут жыве, адносіны нармальныя, бо навошта нам сварыцца? — гаворыць Марыя Антонаўна.

Гэтак жа пазітыўна, нягледзячы на свае хваробы, настроена і 82-гадовая Клаўдзія ГАЛЕНДА. Яна ў гэтым доме з самага адкрыцця і жартам называе яго «курортам». Клаўдзія Ільінічна таксама вельмі ўдзячная сацыяльнаму работніку Ганне Жак:

— Усё зробіць, што папросіш. А сёння нават вадохрышчанскай вадзічкі нам з храма прынесла.

У Клаўдзіі Ільінічны сваіх дзяцей няма, але вырасціла чужых, і яны сваю «другую маму» не забываюць — пастаянна наведваюць яе ў Акцябрскай.

Прыязджаюць сюды і з канцэртамі. Адзін наладзілі школьнікі з Галынкі, другі — аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зэльвенскага раёна.

— Прыехаў баяніст — і адразу да мяне, бо я вельмі люблю спяваць беларускія народныя песні. Так мы разам і выступалі, — усміхаецца Ніна ТАРАНЕЎСКАЯ.

Ні­на ТА­РА­НЕЎ­СКАЯ  яшчэ і вы­дат­ная май­стры­ха.

Ніна Аляксандраўна, акрамя таго, што валодае артыстычнымі здольнасцямі, яшчэ і выдатная майстрыха. Цяпер яна вяжа шкарпэткі, рукавіцы ў сваім пакоі, а калі пацяплее, то перамесціцца з гэтым заняткам у «грыбок», што зрабілі на вуліцы каля дома (лаўка і стол пад навесам). Вось там і будзе вязаць.

Дарэчы, некаторым пастаяльцам цяжка самім выйсці на вуліцу — у гэтым і многіх іншых надзённых пытаннях заўсёды дапаможа сацыяльны работнік. Ганна Жак жыве ў вёсцы Снежная (таксама Галынкаўскі сельсавет) і раніцай прыязджае на працу ў Акцябрскую аўтобусам. Перш за ўсё трэба, канешне, прыгатаваць ежу, прыбраць у кватэрах. А таксама выканаць заказы ад усіх падапечных.

— Альбо просяць: «Сядзьце побач, пагаворым». Нават раўнуюць мяне да іншых, бо здаецца, што камусьці больш увагі ўдзяляю. Калі я пакідаю гэты дом на выхадныя, то яны вельмі сумуюць. Тэлефануюць мне дахаты па звычайным тэлефоне, а ў бабы Клавы ёсць мабільнік — можа і ў 9, і ў 11 вечара патэлефанаваць, калі забудзе, якую таблетку трэба прыняць. Канешне, пракансультую і па гэтым пытанні, — кажа Ганна Фадзееўна.

— Значыць, трэба быць спецыялістам шырокага профілю?

— Так. Я і юрыст, і псіхолаг, і медсястра...

А, пэўна, галоўнае — добры, спагадлівы чалавек.

Вельмі важна і тое, што мясцовыя жыхары да пастаяльцаў гэтага дома ставяцца прыязна. Яны ў Акцябрскай ужо не чужыя.

prakopchіk@zvіazda.by

Зэльвенскі раён

Фота Наталлі МАЦЮК

Валянцін СЕМЯНЯКА, намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама:

— У раёне прымяняюцца розныя формы сацыяльнай дапамогі, і адна з новых для нас — дом самастойнага сумеснага пражывання пажылых грамадзян. Гэтую ініцыятыву мясцовых улад фінансава і кансультатыўна падтрымалі на абласным узроўні. Цяпер у дамах жывуць людзі, якія апынуліся ў адзіноцтве, у складанай жыццёвай сітуацыі. Яны знаходзяцца ў камфортных і бяспечных умовах і пры гэтым сацыяльныя паслугі, у параўнанні з іншымі стацыянарнымі ўстановамі, значна менш затратныя для бюджэту. Калі і ёсць праблема, дык хіба што толькі ў адаптацыі вяскоўцаў пажылога ўзросту да новых умоў пражывання.

Разам з гэтай мы развіваем і іншыя формы сацыяльнай дапамогі, а таксама аб'ядноўваем намаганні дзяржаўных структур, органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх арганізацый, каб забяспечыць нармальныя ўмовы пражывання пажылых людзей у іх асабістых домаўладаннях. У гэтым кірунку ў населеных пунктах актыўна працуюць аглядныя камісіі: работу штотыдзень аналізуем на ўзроўні раённага выканаўчага камітэта, карэкціруем узаемадзеянне розных службаў. Цяпер, у халады, гэта асабліва важна, каб пазбегнуць нейкіх праблемных сітуацый.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.