Вы тут

Канстанцін Бердніковіч: "Не чакаць зваротаў, а папярэдзіць іх"


Жыццё — гэта заўсёды нейкія праблемы, якія патрабуюць вырашэння. І хіба ж можна, па вялікім рахунку, паскардзіцца, што да надзённых пытанняў людзей бракуе ўвагі з боку тых ці іншых дзяржаўных структур? У рэгіёнах рэгулярна праводзяцца прыёмы грамадзян, увайшлі ў норму прамыя тэлефонныя лініі, у тым ліку і па суботах. Так і на Зэльвеншчыне. Праўда, апошнім часам у раёне заўважылі, што зваротаў становіцца ўсё менш. Вось якое меркаванне выказаў наконт гэтага старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў Канстанцін БЕРДНІКОВІЧ.

— Канстанцін Іванавіч, чаму зваротаў цяпер практычна адзінкі?

— Бо трэба, каб не людзі ішлі да ўлады, а работнікі ўладных структур ішлі ў народ. Каб ведаць існуючыя праблемы, недапрацоўкі і старацца прыняць адпаведныя меры. І тым самым папярэдзіць незадаволенасць людзей, скаргі ў раённыя і вышэйстаячыя інстанцыі.

Узяць, напрыклад, аглядныя камісіі ў сельсаветах. Калі яны існуюць фармальна, на паперы, то, зразумела, ніякага толку не будзе. Ды і каму гэта патрэбна? Аднак калі падыходзіць адказна, з жаданнем убачыць праблему і яе вырашыць, то гэта вельмі сур'ёзная і дзейсная справа. У нас ужо склаўся парадак, што раз на тыдзень аглядныя камісіі, куды ўваходзяць спецыялісты ўсіх зацікаўленых службаў, наведваюць домаўладанні жыхароў з так званай групы рызыкі, пажылых адзінокіх людзей і на свае вочы пераконваюцца, якія ў іх умовы пражывання. Дапамагаюць у вырашэнні бытавых пытанняў (электраправодка, ацяпленне і г. д.), уручаюць памяткі аб выкананні правілаў пажарнай бяспекі, выдаюць адпаведныя прадпісанні аб устараненні выяўленых парушэнняў. Бывае, пісьмова нагадваюць дзецям пра іх абавязак дапамагаць састарэлым бацькам. Гэта ж не проста пытанне сумлення, а канстытуцыйная норма.

— Камісійна заўважылі, адзначылі ў акце. А вынік?

— Вось гэта самае галоўнае. Зазначу, што тыя ці іншыя «балячкі» мы не проста бачым і фіксуем, а бяром на кантроль, рэгулярна разглядаем вынікі работы аглядных камісій у кожным сельсавеце на ўзроўні раённага выканаўчага камітэта. Каб не сурочыць, не буду прыводзіць нейкую статыстыку ў дачыненні да пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, але, паверце, эфект ад такой сумеснай працы ўлады і актывістаў мясцовага самакіравання відавочны.

Дарэчы, многія скаргі таксама папярэджваюцца дзякуючы сустрэчам з вяскоўцамі членаў раённых інфармацыйных груп, а таксама сельскім сходам. Вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем са старастамі вёсак. Яны цесна кантактуюць з кіраўнікамі сельскіх Саветаў, удзельнічаюць у рабоце сесій, а многія старасты яшчэ і дэпутаты.

— А ці не з'яўляецца ў чалавека звычка да ўтрыманства, калі ён і пальцам сам не паварушыць, а толькі спадзяецца на ўладу?

— Безумоўна, святая справа ўлады — дапамагчы людзям, якім без гэтай падтрымкі сапраўды не абысціся — нядужым, пажылым, адзінокім грамадзянам. А іншым трэба, як кажуць, і самім не спаць у шапку. На мой погляд, такое разуменне паступова ўсё ж адбываецца. Раней нярэдка прыходзілі ў орган улады і патрабавалі «нешта даць». А цяпер больш просяць дапамагчы — прычым не сабе асабіста, а ў рэчышчы грамадскага інтарэсу. Напрыклад, як заасфальтаваць вуліцу? Пытанне ж не прыватнае, яно хвалюе і іншых жыхароў. У падобных выпадках, вядома, імгненнага рашэння не бывае, бо яны звязаны з грашовымі сродкамі, але і безнадзейнасці няма. Напрыклад, асноўныя дарожныя непрыемнасці ў Зэльве за апошнія гады ўсё ж устаранілі. І гэтую работу райвыканкам прадоўжыць.

Хаця ёсць і звароты па прыватных пытаннях — як правіла, кансультатыўнага характару. Нядаўна, напрыклад, жыхарка адной з вёсак звярнулася да мяне наконт дома, які ў свой час купляўся пад субсідыю для шматдзетнай сям'і. Яна хоча аформіць яго на дзяцей, патрэбна згода былога мужа, які цяпер недзе ў Расіі, але дзе дакладна — невядома... Пастараемся гэтай жанчыне дапамагчы.

prakopchіk@zvіazda.by

Зэльвенскі раён

Фо­та Але­сі ШУ­МО­ВІЧ

Загаловак у газеце: Не чакаць зваротаў, а старацца іх папярэдзіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.