Вы тут

Чаму важна ведаць, пра што гаворыцца ў Канстытуцыі?


Канстытуцыя нашай краіны змяшчаецца ў невялічкую кніжачку, але менавіта яна — аснова і падмурак усіх законаў дзяржавы. Чаму сёння важна ведаць, пра што гаворыцца ў асноўным законе краіны, які, дарэчы, з'яўляецца адным з сімвалаў дзяржаўнага суверэнітэту?


Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:

— Канстытуцыя — асноўны закон любой дзяржавы, у ім прапісаны ўсе галоўныя правы і абавязкі кожнага чалавека. Законапаслухмяны грамадзянін павінен ведаць Канстытуцыю.

Не думаю, што гэта веданне неяк дапаможа ў штодзённых справах — ці то ў ваджэнні аўтамабіля, ці то ў прыгатаванні ежы. Але ж узнікаюць сітуацыі, калі веданне Канстытуцыі аказваецца вельмі карысным: чалавек тады можа заявіць, што ён — грамадзянін Рэспублікі Беларусь і мае адпаведныя правы. Лічу, што веданне Канстытуцыі — нялішняе.

Валянціна Жураўская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце:

— На маю думку, гэта нават не абмяркоўваецца. Кожны адукаваны чалавек, які паважае сябе — а ў нашым грамадстве люді вельмі адукаваныя, — павінен ведаць Канстытуцыю. Гэта асноўны закон, які рэгулюе наша жыццё ў дзяржаве. Дакумент мае пад сабой вялікую базу, менавіта на аснове яго патрабаванняў працуюць усе законы дзяржавы.

Заўсёды раю пачытаць Канстытуцыю маладым людзям — там яны могуць знайсці адказы на многія свае пытанні, патрабаванні. Сыходзячы з вопыту сваёй дэпутацкай працы — гэта ўжо мой другі тэрмін у Палаце прадстаўнікоў, — скажу, што нашы людзі з вялікай павагай ставяцца да асноўнага закона краіны. Яны прыходзяць падрыхтаванымі, ведаюць тыя нормы Канстытуцыі, якія могуць ім дапамагчы. Неяк прыйшоў да мяне малады чалавек — з Канстытуцыяй. Аказваецца, ён атрымаў адукацыю, а працу знайсці не мог. Хлопец працытаваў мне артыкул асноўнага закона краіны, дзе гаворыцца, што «грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і працы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэб, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы». Натуральна, я яму дапамагла — таму што тут і сказаць няма чаго: чалавек сапраўды мае такое права! Увогуле, гэта вельмі правільны падыход, калі да дэпутата прыходзяць падрыхтаванымі.

Юрый Шаўцоў, дырэктар Цэнтра праблем еўрапейскай інтэграцыі:

— Для абывацеля гэта важна для таго, каб разумець свае правы і абавязкі. Часта на звычайным узроўні нам здаецца, што законы пішуцца Прэзідэнтам або высокапастаўленымі чыноўнікамі. Насамрэч гэта няправільнае ўяўленне. Усе нашы законы ствараюцца на аснове Канстытуцыі.

Пакуль чалавек не сутыкнуўся на ўласнай практыцы з, напрыклад, нейкімі судовымі працэсамі, ён не разумее логікі функцыянавання прававой сістэмы. У Канстытуцыі ж выразна прапісана, на што можа прэтэндаваць чалавек, як сябе паводзіць, як сябе абараняць у пэўнай сітуацыі. Веданне асноўнага закона краіны дае людзям магчымасць адчуваць сябе больш упэўненымі.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Падмурак упэўненасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.