Вы тут

Дзень Незалежнасці. Пастскрыптум


Масавае святкаванне галоўнага свята краіны — Дня Незалежнасці — прайшло без пазаштатных сітуацый.


Як адзначыў начальнік упраўлення аховы правапарадку Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Дзмітрый КУР'ЯН, ахову грамадскага парадку і бяспекі забяспечвалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў сумесна з ваеннаслужачымі ўнутраных войск МУС. «У месцах правядзення святочных мерапрыемстваў з найбольш масавым знаходжаннем грамадзян быў арганізаваны прапускны рэжым, на асобных участках дарог было ўведзена часовае абмежаванне руху транспартных сродкаў, — нагадаў палкоўнік міліцыі. — З улікам практыкі мінулых гадоў у Мінску было прынята рашэнне аб перанясенні кантрольна-прапускных пунктаў, а таксама аб павелічэнні іх колькасці. Толькі падчас правядзення парада ў раёне стэлы было арганізавана каля 140 пунктаў пропуску. Для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама бацькоў з малалетнімі дзецьмі, былі арганізаваны дадатковыя пункты пропуску. Дзякуючы прынятым захадам удалося пазбегнуць натоўпу грамадзян і забяспечыць найбольш камфортны і хуткі праход да месца правядзення мерапрыемстваў. У цэлым у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў надзвычайных здарэнняў зафіксавана не было».

Увогуле 3 ліпеня органы ўнутраных спраў забяспечылі ахову грамадскага правапарадку звыш 500 масавых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня Незалежнасці. У іх прыняло ўдзел каля мільёна чалавек. Толькі каб паглядзець парад войск Мінскага гарнізона, на адзін з галоўных праспектаў сталіцы прыйшлі больш як 350 тысяч мінчан і гасцей горада.

Як заўважыў намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-ратаўнічых службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС Анатоль БАЛЯБІН, органы Міністэрства па надзвычайных сітуацый былі гатовыя да рэагавання на пазаштатныя здарэнні, але, на шчасце, рэагаваць ім не давялося. Праўда, свае карэктывы ўнёс лівень, які абрынуўся на сталіцу пасля абеду. «У выніку моцнага дажджу былі падтоплены 4 участкі дарогі, адбылося спыненне руху на 7 тралейбусных маршрутах, — адзначыў прадстаўнік МНС. — На працягу гадзіны становішча на кожным маршруце стабілізавалася. У гэты час рух транспартных сродкаў ажыццяўляўся па аб'язных маршрутах. Патаплення пэўных аб'ектаў не адбылося, пацярпелых няма. Таксама зафіксавана 8 выпадкаў падзення дрэў, у выніку чаго былі пашкоджаны аўтамабілі. Супрацоўнікамі МНС і іншых арганізацый праводзіліся работы па прыборцы дрэў».

— У сувязі з тым, што адпаведныя органы бяспекі краіны добрасумленна выконвалі сваю справу, працы ў сістэме аховы здароўя было няшмат, — расказаў начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег ПАНЧУК. — У месцах правядзення масавых мерапрыемстваў дзяжурылі брыгады хуткай дапамогі, укамплектаваныя ўсім неабходным. За час правядзення святочных мерапрыемстваў па краіне па медыцынскую дапамогу звярнуліся 43 чалавекі, 8 з якіх былі шпіталізаваны. Іх стан здавальняючы».

Трэба адзначыць, што тыя, хто прыйшоў на парад, назіралі ўрачыстае шэсце пад моцным сонцапёкам. Звароты да медыцынскіх супрацоўнікаў на гэты конт былі адзінкавымі. Прычым яны нават не ўвайшлі ў гэтую статыстыку, бо не патрабавалі ўрачэбнага ўмяшання. У асноўным медыцынская дапамога было аказана з прычыны насавога крывацёку і чэрапна-мазгавых траўмаў. Але, на шчасце, гэта былі адзінкавыя выпадкі, якія ніяк не паўплывалі на святочны настрой беларусаў і гасцей нашай краіны.

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.