Вы тут

Сямён Шапіра адказаў на пытанні журналістаў


У прымаўцы «хлеб — усяму галава» схаваны глыбокі сэнс. Ад таго, як пасеем, які ўраджай збяром, залежыць дабрабыт не толькі сялян, але і краіны ў цэлым. Не выпадкова падчас чарговай прэс-канферэнцыі старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры ў Мар'інай Горцы першае пытанне журналістаў датычылася сёлетняй пасяўной і відаў на будучы ўраджай.


Будзе хлеб і да хлеба

— Сёлета пасяўная плошча на Міншчыне складае 550 тыс. гектараў, у тым ліку 200 тыс. гектараў ранніх зерневых і зернебабовых. Крыху больш як 200 тыс. гектараў адводзіцца пад кукурузу: работы распачнуцца пасля трэцяй дэкады мая. Усё ідзе ў спакойным рэжыме, — канстатаваў Сямён Шапіра. — Цяпер у раёнах, гаспадарках займаюцца пытаннямі корманарыхтоўкі: правяраецца гатоўнасць тэхнікі, ідзе забеспячэнне палівам, вызначаецца структура кармавога поля.

Што датычыцца будучага ўраджаю, то ў вобласці плануецца сабраць 2,5 млн тон зерня. Вядома, многае залежыць ад умоў надвор'я. Але, на думку губернатара, такая задача цалкам здзяйсняльная. Ужо цяпер у цэнтральным рэгіёне разглядаюцца варыянты, як дасягнуць трохмільённых намалотаў. Прычым вялікую стаўку робяць на кукурузу. Мінулы год паказаў, што гэта культура добра ўрадзіла на Міншчыне — па 100 цэнтнераў з гектара. А ў агракамбінаце «Сноў» выйшлі на рэкордныя 180 цэнтнераў на круг.

У большасці раёнаў вобласці апошнім часам значна павысіўся ўзровень апрацоўкі зямлі. «З прыходам у Пухавіцкі раён новага кіраўніка Сяргея Ленкаўца сталі заворваць тыя ўчасткі зямлі, якія шмат гадоў пуставалі, зарасталі, — адзначыў Сямён Шапіра. — У Валожынскім раёне за апошні год узровень апрацоўкі зямлі кардынальна змяніўся. А ідэальныя палі — гэта залог ураджаю».

Разняволіць бізнес

Цікавіліся журналісты і стаўленнем губернатара да праверак суб'ектаў гаспадарання, яго бачаннем развіцця прыватнага бізнесу на Міншчыне.

Сямён Шапіра адзначыў, што трэба пазбавіцца ад паказухі, праверак дзеля праверак і даць людзям магчымасць спакойна працаваць. «Разняволіўшы ініцыятыву нашых людзей, можна зрабіць сур'ёзны прарыў у эканоміцы», — лічыць старшыня аблвыканкама.

Разам з тым губернатар нагадаў, што і самі кіраўнікі суб'ектаў гаспадарання павінны несці адказнасць за бяспеку людзей, санітарныя і вытворчыя ўмовы, своечасовы разлік за работу і выплату падаткаў.

Сёння ў нас палова прадпрыемстваў прыватныя. Акцыяніруюцца дзяржаўныя структуры, паступова мяняецца іх форма ўласнасці. Губернатар не супраць прыватызацыі, а супраць «прыхватызацыі», калі проста дзеліцца тое, што стваралі многія пакаленні работнікаў.

Дарога, ты значыш так многа

«Яшчэ перад Дажынкамі 2012 года стаяла пытанне будаўніцтва вакол Маладзечна аб'язной дарогі. Але без дапамогі вобласці цяжка яго вырашыць», — лічыць галоўны рэдактар раённай газеты Аляксандр Лазоўскі.

— Усе сродкі бюджэту вобласці размеркавалі па раёнах, зыходзячы з колькасці жыхароў. Грошы знаходзяцца ў раённых фінансавых структурах райвыканкамаў. І мы кажам: вырашайце на месцы, куды ў першую чаргу трэба іх патраціць: на аб'язную дарогу, жыллёва-камунальную або сельскую гаспадаркі, — канстатаваў Сямён Шапіра.

Па словах старшыні аблвыканкама, на Міншчыне ёсць больш напружаныя аўтадарогі, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане. «На рамонт дарог з фондаў вобласці будуць накіраваны значныя сродкі, што планаваліся на іншыя мэты, — удакладніў Сямён Шапіра. — Мы папрасілі падтрымкі ў кіраўніка дзяржавы і атрымалі яе. Ужо сёлета пачнуцца работы на ўчастку трасы ад Слуцка да Салігорска. Тут будзе ўладкавана бетонна-цэментнае пакрыццё. На гэта выдзяляецца прыкладна 600 млрд недэнамінаваных рублёў. На чарзе дарога Курган Славы — Смалявічы ў напрамку Барысава і далей, а таксама шаша ад Заслаўя да Маладзечна.

Што важней: інтэрнат ці паліклініка

— У Салігорску стаіць недабудаваным інтэрнат на 240 месцаў, які ў цяперашні час закансерваваны. Давесці яго да ладу не хапае сродкаў. А жыллё спатрэбіцца медыкам, паколькі ў горадзе ў найбліжэйшы час будзе ўзведзена новая паліклініка, — звярнуўся па дапамогу да губернатара мясцовы журналіст.

Між іншым, у Мар'інай Горцы не могуць закончыць будаўніцтва Цэнтра адпачынку і творчасці, у Жодзіне мараць аб новым дзіцячым садку. І ўсе просяць губернатара падкінуць фінансаў.

— Як бы цяжка ні было, сёлета мы вырашылі дабудаваць у Салігорску паліклініку, паколькі старая моцна загружана: чэргі. Я не супраць таго, каб увесці ў дзеянне інтэрнат. Няхай вырашаюць мясцовыя ўлады: усе грошы ў старшыні райвыканкама, — растлумачыў сваю пазіцыю Сямён Шапіра і нагадаў: — Падчас наведвання Прэзідэнтам аднаго з сучасных медыцынскіх цэнтраў у Бараўлянах высветлілася, што каля 400 медыкаў не маюць свайго жылля. Яны вымушаны здымаць кватэры па цэнах, якія перавышаюць сталічныя. Да таго ж у Бараўлянах размяшчаецца дзесяць устаноў аховы здароўя. Сюды прыязджаюць на абследаванне або даглядаць хворых сваякоў людзі з усёй краіны, за арэнду кута для часовага пражывання яны выкладваюць значныя сумы.

— Прэзідэнт падтрымаў ідэю будаўніцтва жылля і сказаў, што фінансаванне павінна ісці за кошт Мінаблвыканкама (мы прадугледзелі гэта ў бюджэце), а таксама — Міністэрства аховы здароўя і прыватнага бізнесу. Словам, кожны павінен выдзеліць па 60 млрд «старых» рублёў, — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама.

P.S. Як сказаў кіраўнік дзяржавы, крызіс у нас у галовах, а не ў эканоміцы. У гэтым яшчэ раз упэўніліся журналісты расійскіх, нацыянальных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, калі наведалі чатыры прадпрыемствы Пухавіцкага раёна: «Мароз-прадукт», «Аўгуст-Бел», ТЭЦ-5, завод горнага воску. Яны працуюць стабільна, з добрымі фінансавымі і эканамічнымі паказчыкамі, а людзі тут зарабляюць больш як па 500 долараў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: За прыватызацыю, але супраць «прыхватызацыі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.