Майстар-клас па баскетболе, гатаванне канапэ і тэст на прафесію. Гэтымі і іншымі справамі на выхадных займаліся выхаванцы палатачнага ваенна-патрыятычнага лагера «Абаронцы Айчыны» на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар», што непадалёк ад Ждановічаў. Да падлеткаў завіталі трэнер Аляксандр Куль з сям'ёй, прадстаўнік МНС Віталь Дэмбоўскі, супрацоўнікі сталічнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей і сябры «Клуба львоў».
Арганізатары прафілактычнай акцыі «Сям'я — тэрыторыя здароўя» зладзілі свята ў «Лідары», каб расказаць падлеткам і моладзі пра здаровы лад жыцця.
— Мы вырашылі зладзіць майстар-класы з вядомымі спартсменамі і кулінарамі, — расказаў Вячаслаў ШЧЭРБА, старшыня праўлення РДГА «Клуб ільвоў». — Як вядома, бацькі найчасцей песцяць сваіх малых і многія хатнія абавязкі выконваюць за іх. А тут яны змогуць нешта зрабіць самастойна.
26 падлеткаў, якія адпачываюць у лагеры, — незвычайная змена. Усе яны — найлепшыя вучні, што летась неслі пачэсную вахту памяці каля Вечнага агню на плошчы Перамогі. Дзевяць дзён змены яны загартоўваліся, набывалі навыкі самастойнасці і адказнасці за свае паводзіны, жывучы ў палатках.
— У нашым лагеры існуе камандны склад з кіраўніком змены і начальнікамі каравула. Падлеткі адпрацоўваюць лідарскія якасці, загартоўваюць характар і вучацца дысцыпліне, — расказаў начальнік лагера, культарганізатар Палаца дзяцей і моладзі Генадзь ХЛУТКОЎ. — Адпрацоўвалі страявую падрыхтоўку, гулялі ў ваенна-спартыўныя гульні «Зарніца» і «Арлёнак», якія імітуюць баявыя дзеянні, выязджалі ў Хатынь і наведвалі роту ганаровага каравула. А на свята Дня Незалежнасці ўсклалі кветкі да Вечнага агню і неслі ганаровую вахту.
Прадстаўніца цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей на прафарыентаваным майстар-класе давала падлеткам тэсты, каб выявіць іх здольнасці да будучай прафесіі. Яна заўважыла, што пры жаданні хлопцы могуць летам і падпрацаваць. Прадпрыемства «Мінскзеленбуд» і тэрытарыяльны цэнтр пазашкольнай працы ахвотна прымаюць на сезонныя работы падлеткаў да 16 гадоў.
Шар, куб, піраміду і іншыя выявы хлопцы і дзяўчаты ляпілі з кенетычнага пяску на майстар-класе па займальнай псіхалогіі, спрабуючы праз атрыманае зразумець сваё стаўленне да свету.
Паказаць свае спартыўныя здольнасці яны змаглі на баскетбольнай пляцоўцы, дзе пад кіраўніцтвам Аляксандра КУЛЯ, экс-цэнтравога баскетбольнай каманды «Цмокі-Мінск», асвойвалі тэхніку гульні і трохачковыя кідкі.
— Работа з дзецьмі для мяне задавальненне, — кажа Аляксандр. — Калі ёсць магчымасць падзяліцца вопытам, паказаць ім, што не трэба ўвесь вольны час праводзіць за рознымі мабільнымі прыладамі, — гэта цудоўна. Да таго ж мы выехалі за горад усёй сям'ёй, думаю, усе атрымалі станоўчыя эмоцыі.
На кулінарным майстар-класе ад шэф-кухароў «Клуба львоў» падлеткі змаглі не толькі навучыцца рабіць «хуткія стравы», але і тут жа падсілкавацца імі. Кавалачкі хлеба, агуркоў, каўбасы, сыру, лімонаў і іншых прысмакаў фарміраваліся ў стройнае канапэ строга па рэцэпту.
Тры гадзіны мерапрыемства праляцелі незаўважна. Самі падлеткі пра дзень, з якога кожны вынес для сябе нешта важнае, казалі з энтузіазмам:
— Усё вельмі спадабалася! А магчымасць пажыць асобна, без апекі бацькоў, і павучыцца самастойнасці — цудоўны вопыт!
Ірына СІДАРОК
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.