Абмяркоўваліся як пытанні бягучай работы ведамства, так і працаўладкаванне зняволеных, а таксама нядаўняя аперацыя па абясшкоджванні рабаўніка банка ў Магілёве.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што перш за ўсё яго цікавіць аналітычны бок работы міністэрства.
— У сувязі з гэтым тэндэнцыі ў грамадскай бяспецы — перш за ўсё. Што насцярожвае? Гэта галоўнае. Каб я разумеў, на што павінен звярнуць увагу, — адзначыў кіраўнік краіны.
У шэрагу іншых пытанняў Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, у якім стане справы ў людзей, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, — зняволеных:
— Як яны заняты працай? Памятаеце, калі вы толькі сталі міністрам, у нас была праблема з занятасцю. Як зараз там справы ідуць?
Ігар Шуневіч, акрамя таго, што ўзначальвае Міністэрства ўнутраных спраў, выконвае і пэўную грамадскую работу — узначальвае Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама». Спытаў Прэзідэнт і пра гэтую працу кіраўніка ведамства:
— Што ў нас з таварыствам «Дынама» і, у прыватнасці, з яго асноўным кірункам дзейнасці — хакейным клубам «Дынама»? На што мы можам разлічваць? Пакуль яшчэ казаць пра стабільнасць рана... І ці выйдзем мы на тыя рубяжы, якія нам абяцаныя трэнерамі і кіраўнікамі гэтага клуба? Адным словам, што там адбываецца?
Падчас сустрэчы міністр прадэманстраваў кіраўніку дзяржавы два ўзоры хакейных клюшак, якія былі выраблены на базе крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, — з пластыку і з дрэва. У хуткім часе яны пачнуць прадавацца масава.
* * *
Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў нядаўняму здарэнню ў Магілёве.
— І вам, і хлопцам з Магілёўскай вобласці вельмі дзякую за той прафесіяналізм, які праявілі пры затрыманні асабліва небяспечнага злачынцы, які захапіў адно з аддзяленняў банка і імкнуўся ўзяць у заложнікі людзей. Гэта была адна з лепшых аперацый, — заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў: на падобныя злачынствы адказ павінен быць адпаведным.
— Рэакцыя павінна быць самая жорсткая, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, і супрацоўнікі АМАПа, і супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі бліскуча, таму ён, кіраўнік дзяржавы, прыняў рашэнне аб іх узнагароджанні.
Ігар Шуневіч паведаміў, што падчас гэтай аперацыі сыграў станоўчую ролю эксперымент, праведзены зусім нядаўна ў МУС. Так, вядома, што там ёсць спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». У міністэрстве вырашылі, што ў кожнай вобласці на базе АМАПа будуць створаны мікрападраздзяленні, якія будуць трэніраваць байцы «Алмаза». «Для таго каб здзяйсняць дзеянні, падобныя гэтым, — да прыбыцця асноўных сіл, асноўнай групы, — расказаў міністр унутраных спраў. — У гэтым выпадку АМАП сыграў ролю падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам і выканаў гэтую задачу».
У тэму
Ігар Шуневіч, міністр унутраных спраў:
— У цэлым мы зарэгістравалі менш злачынстваў амаль на 8%, чым у мінулым годзе. Гэта выклікае такі лёгкі аптымізм. Але я падкрэсліў бы, што вынік, які мы сёння атрымалі, — гэта дзейнасць у цэлым усёй сістэмы ўлады ў краіне і не толькі і не столькі Міністэрства ўнутраных спраў. Увесь комплекс тых мер, які быў прыняты ў дзяржаве, дазволіў сёння атрымліваць такі эфект. Цяпер грамадская бяспека ў краіне не патрабуе сур'ёзных карэкціровак — ні на заканадаўчым, ні на арганізацыйным узроўні.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.