Кліматычная зіма ў Беларусі пачнецца ў студзені, паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела клімату службы навукова-метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічных назіранняў і фондаў даных Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Алена Камароўская.
Яна паведаміла, што 2017-ы завяршыўся анамальна цёплым снежнем. Сярэднямесячная тэмпература склала плюс 0,6 градуса — гэта вышэй за кліматычную норму на 3,9 градуса. Такім цёплым снежань бывае прыкладна раз на 15 гадоў.
А на гэтым тыдні ў Беларусі надвор'ем будзе кіраваць антыцыклон, які прынясе маразы да мінус 9 градусаў. Тэмпературны фон адразу панізіцца, і нарэшце выгляне сонца. Чакаецца, што будзе ў асноўным без ападкаў, таму на аднаўленне снежнага покрыва разлічваць не выпадае.
Сёння ўмовы надвор'я будзе ў асноўным вызначаць зона павышанага атмасфернага ціску, так што будзе пераважна без ападкаў. Толькі па паўночным усходзе краіны пад уплывам малаактыўнага франтальнага падзелу пройдзе невялікі мокры снег. Раніцай месцамі чакаецца туман. Максімальная тэмпература паветра ўдзень — ад мінус 3 да плюс 2 градусаў. У сераду істотных змен у надвор'і не чакаецца. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы ў асобных раёнах па паўночным усходзе краіны магчымы кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ў ноч на чацвер складзе 2—8 марозу, удзень — ад мінус 2 да плюс 3 градусаў.
У чацвер і пятніцу марозіць будзе выключна ў начны час. У антыцыклон стане пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы на чацвер складзе ад мінус 2 па паўднёвым захадзе да мінус 9 градусаў па ўсходзе краіны, днём будзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў. У пятніцу стане халадней і ўдзень. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—9 марозу, удзень будзе ад нуля да мінус 5 градусаў.
У топ-10 цёплых гадоў
Алена Камароўская падлічыла, што 2017 год у цэлым быў цёплы. Сярэднегадавая тэмпература паветра склала плюс 7,6 градуса — гэта на 0,9 градуса вышэй за кліматычную норму. 2017 год заняў дзявятае месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад найбольш цёплага да найбольш халоднага. «Самым цёплым быў 2015 год з сярэднегадавой тэмпературай плюс 8,5 градуса», — сказала Алена Камароўская.
Тэмпература паветра перавысіла кліматычную норму ў сямі з 12 месяцаў 2017 года. «Выключна цёплыя ў гэтым годзе былі сакавік і снежань, калі адхіленні тэмпературы ад нормы склалі 4,1 градуса і 3,9 градуса адпаведна. У Езярышчы 7 студзеня была зарэгістраваная самая нізкая тэмпература паветра за мінулы год — мінус 34,4 градуса. Самая высокая тэмпература за 2017 год была зафіксаваная 31 ліпеня ў Брэсце — плюс 32,6 градуса. Гэтым летам было адзначана ад 14 да 59 гарачых дзён (з тэмпературай плюс 25 градусаў і вышэй) пры норме ад 28 да 60 такіх дзён. Лік вельмі гарачых дзён (з тэмпературай плюс 30 градусаў і вышэй) у гэтым годзе склаў ад 1 да 17. Звычайна колькасць вельмі гарачых дзён летам у Беларусі — ад 3 да 15», — адзначыла начальнік аддзела клімату.
На адной мове з Еўропай
Белгідрамет плануе ўкараніць вопыт еўрапейскіх гідраметэаралагічных службаў па адрасным абслугоўванні спажыўцоў, паведаміла першы намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Марыя Гермянчук.
Вядома, што нашы спецыялісты ў лістападзе — снежні летась наведалі найбуйнейшыя нацыянальныя гідраметслужбы Еўропы — польскую і французскую. Атрыманы цікавыя вынікі. Цяпер ідзе гаворка пра тое, каб тыя тэхналогіі, якія паспяхова выкарыстоўвае гідраметслужба Польшчы, укараняць у нас. «Хацелася б наладзіць кантакт з польскай гідраметслужбай, каб мы маглі атрымліваць інфармацыю з іх сеткі назіранняў у рэжыме рэальнага часу, а не раз на тры гадзіны, як звычайна робіцца ў сістэме Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі. Што датычыцца французскай нацыянальнай гідраметслужбы, мы ацэнім, якія яе мадэлі зможам выкарыстаць у нас. Плануем укараніць той вопыт, які выкарыстоўваюць еўрапейскія гідраметслужбы па адрасным абслугоўванні спажыўцоў, асобных галін эканомікі, таму што ў кожнай з іх свае патрэбы. Менавіта гэтая задача стаіць перад намі ў 2018 годзе», — сказала Марыя Гермянчук.
Айчынныя сіноптыкі выкарыстоўваюць інфармацыю з двух доплераўскіх радыёлакатараў — у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» і ў Гомелі. «Лакатары — гэта неабходны элемент пры прагназаванні, асабліва кароткатэрміновым, таму што яны могуць рэгістраваць у атмасферы перадумовы ўзнікнення неспрыяльных і небяспечных з'яў. З польскай гідраметэаралагічнай службай мы цяпер вырашаем пытанне абмену інфармацыяй з метэаралагічных радараў у рэжыме рэальнага часу. Мы ўжо падрыхтавалі праект пагаднення. Прынцыповых тэхнічных перашкод няма. Будзем разлічваць, што ў найбліжэйшы час нашы польскія калегі прымуць рашэнне, і мы будзем працаваць у агульнай інфармацыйнай прасторы», — адзначыла першы намеснік начальніка Белгідрамета.
У рэжыме рэальнага часу
«Важным напрамкам нашай працы з'яўляецца комплексны маніторынг стану навакольнага асяроддзя ў зоне будаўніцтва БелАЭС. Зараз мы ажыццяўляем маніторынг па некалькіх напрамках — метэаралагічны, кліматычны, гідралагічны маніторынг, маніторынг хімічнага забруджвання атмасфернага паветра і паверхневых вод. У цэнтры ўсёй гэтай працы знаходзіцца радыяцыйны маніторынг. Мы ўжо правялі фонавае даследаванне стану навакольнага асяроддзя да запуску БелАЭС, цяпер ідзе назапашванне статыстычнай інфармацыі, якая дасць магчымасць у будучыні ацэньваць уздзеянне атамнай станцыі на стан навакольнага асяроддзя. Дзейнічае аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў раёне БелАЭС. Інфармацыя паступае ў рэжыме рэальнага часу», — сказала Марыя Гермянчук.
Сістэма забяспечаная спецыялізаванымі датчыкамі, якія ў рэжыме рэальнага часу рэгіструюць любыя змены ў радыяцыйнай абстаноўцы. «Гэта гарантуе належны ўзровень радыяцыйнай бяспекі навакольнага асяроддзя і насельніцтва ў зоне БелАЭС», — падкрэсліла першы намеснік начальніка Белгідрамета.
Зімовая паводка на Заходняй Дзвіне
Анамальна цёплае надвор'е канца снежня і пачатку студзеня прывяло да раставання лёду і снегу, што ў сваю чаргу выклікала паводку на Заходняй Дзвіне.
Прыкладна з 26 снежня на прытоках галоўнай ракі Віцебскай вобласці пачала падымацца вада. Яе ўзровень за суткі вырастаў на 1—46 см. У Віцебску максімальны рост вады быў адзначаны якраз у Новы год. Так, 31 снежня вада ў Заходняй Дзвіне прыбыла на 56 см, 1 студзеня — на 54 см. У цэлым
з 26 снежня па 7 студзеня рака паднялася з 255 см да 529 см над нулём паста. Сённяшняе значэнне — 525 см, паведамілі ў аблгідрамеце.
Паколькі ўзровень вады ў Заходняй Дзвіне ўжо пачаў змяншацца (і, паводле папярэдніх прагнозаў, такая тэндэнцыя захаваецца), то небяспекі падтаплення тэрыторый няма. Спецыялісты растлумачылі, што зімовая паводка ў апошні час адзначалася ў рэгіёне не так часта і звычайна здараецца ў канцы зімы. Цяперашняй паводцы акрамя цёплага надвор'я паспрыяла і тое, што рэкі ўступілі ў зіму з досыць высокім узроўнем вады.
Сяргей КУРКАЧ
Фота БЕЛТА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.