Штогадовая Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Дабратворным агнём ад Гроба Гасподняга па добрай традыцыі з'яўляецца састаўной часткай Дня беларускага пісьменства. Сёлета ў апошнія дні жніўня экспедыцыя дваццаць пяты раз адправіцца па чарговым маршруце праз гарады і вёскі Беларусі. Прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі разам з духавенствам наведаюць розныя рэгіёны краіны і завершаць сваё перадсвяточнае паломніцтва ў Іванаве — сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства.
У гэтыя дні арганізатары экспедыцыі занятыя адказнай справай: схематычна пракладзены маршрут даводзіцца да ведама мясцовых улад, царкоўнай грамадскасці, каб разам выпрацаваць найбольш зручны план для сустрэч з жыхарамі населеных пунктаў, правядзення там набажэнстваў, творчых сустрэч, навукова-практычных канферэнцый. Наведваючы мясціны будучай паездкі, арганізацыйныя групы таксама праводзяць творчыя сустрэчы з жыхарамі, знаёмяць з фотавыстаўкай матэрыялаў папярэдніх экспедыцый.
Скарбніца нашай веры і духоўнасці, спадчыннае багацце нашага пісьменства — вось пра што будуць расказваць падчас экспедыцыі вядомыя літаратары, гісторыкі, дзеячы мастацтва. Ва ўсіх населеных пунктах разам з жыхарамі, насельнікамі манастыроў і прыхаджанамі храмаў яны будуць (як гэта рабілі ва ўсе мінулыя гады) садзіць дрэўцы сімвалічнага Саду супольнай малітвы. На ўсім маршруце будуць асвячаць Дабратворным агнём ад Гроба Гасподняга помнікі славы і мужнасці нашага народа, на пахаваннях загінулых воінаў і партызан прагучаць памінальныя ліціі. Удзельнікі сёлетняга паломніцтва наведаюць школы і правядуць урокі беларускага пісьменства.
Агульная працягласць маршруту дваццаць пятай рэспубліканскай экспедыцыі «Дарога да святыняў» складзе тысячу кіламетраў. 29 жніўня яна пабывае ў Лагойскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім раёнах. 30 жніўня — у Дзяржынскім, Клецкім раёнах. 31 жніўня — у Баранавіцкім, Пружанскім, Івацэвіцкім раёнах. 1 верасня ў Пінскім, Іванаўскім раёнах. 2 верасня пасля Божай літургіі экспедыцыя прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Свята беларускага пісьменства ў Іванаве.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.