Вы тут

Пажылыя беларусы асвойваюць мабільныя тэхналогіі


Яшчэ зусім нядаўна многія нашы пенсіянеры марылі знайсці агульную мову з персанальным камп'ютарам, а планшэты і смартфоны лічыліся атрыбутам моладзі. Час ідзе, і сёння гэтыя разумныя прылады становяцца ўсё больш папулярнымі і сярод людзей залатога ўзросту. Яны вельмі зручныя — гэта сапраўдныя міні-камп'ютары ў кішэні. З іх дапамогай можна не толькі патэлефанаваць сваякам, але і ў любы час і ў любым месцы заходзіць у інтэрнэт і чытаць навіны, аплачваць камунальныя паслугі, а калі ўсталяваць на смартфон спецыяльныя праграмы для кантролю здароўя, то цаны такому мабільнаму памочніку не будзе.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

А яшчэ, напрыклад, можна спампаваць праграму з раскладам руху транспарту, і вы заўсёды будзеце ведаць, калі адпраўляецца патрэбны вам аўтобус, тралейбус альбо трамвай ці праз колькі хвілін ён прыбудзе на ваш прыпынак. А заўзятыя грыбнікі з дапамогай інтэрнэту проста ў лесе змогуць удакладніць: есці гэты грыб ці лепш трымацца ад яго далей. І гэта яшчэ не кажучы пра мноства карысных дробязяў накшталт будзільніка, ліхтарыка, калькулятара, компаса і г. д.

Іншая справа, што сярод пенсіянераў ёсць шмат тых, хто асцерагаецца новых мабільных прылад, баіцца націснуць там на нешта лішняе і зламаць, хоць гэта ў сучасных разумных тэлефонах выключана. Таму здараецца, што нават калі пажылому чалавеку дзеці ці ўнукі падарылі смартфон, ён выкарыстоўвае яго як просты тэлефон. Не стварае акаўнт пры першай настройцы тэлефона, не ўсталёўвае сучасныя праграмы. Ёсць нават людзі, якія баяцца заходзіць у налады тэлефона, каб нешта ўключыць або адключыць, таму што баяцца ўсё сапсаваць.

Мы пагаварылі з двума мінчанамі ва ўзросце, якія карыстаюцца магчымасцямі разумных тэлефонаў і раяць усім паспрабаваць.

Галіна Сныткіна, 74 гады:

— Я два месяцы таму купіла ў растэрміноўку смартфон. На старым тэлефоне клавіятура ўжо цалкам сцерлася, і я не магла яго выкарыстоўваць. Але я ўмела ў тэлефоне карыстацца толькі кантактамі — і больш нічога. Не магла набраць СМС, не ўмела працаваць з тэлефонам у інтэрнэце, з электроннай поштай.

Я спрабавала асвоіць інструкцыю, але для мяне ў ёй было замала інфармацыі. Ведаеце, у нашым узросце ўжо трохі запаволеная рэакцыя, раней я хутчэй засвойвала новае...

Я, вядома, падыходзіла да дачкі, да зяця, але ім лягчэй проста выканаць патрэбную аперацыю. Яны казалі: «Дай, я зраблю», — і ўсё. Вядома, калі ў мяне былі цяжкасці, яны прыходзілі на дапамогу, але, каб тлумачыць, як там усё ўладкавана, патрабуюцца цярпенне і час. І тут я ўбачыла аб'яву, што Цэнтр актыўнага даўгалецця запрашае на курсы па навучанні карыстанню смартфонам, і запісалася на іх.

Там мяне навучылі і падключаць Wi-Fi, і перапісвацца з сябрамі з дапамогай электроннай пошты, і бясплатна тэлефанаваць па Viber і Skype. Гэта вельмі зручна: я маю сувязь з усімі ў любы момант, заўсёды, нават у дарозе, магу атрымаць патрэбную інфармацыю. Нядаўна з сямігадовым унукам хадзілі ў батанічны сад, я там сфатаграфавала мноства хрызантэм, лебедзяў на сажалцы і тут жа паслала гэтыя здымкі сяброўцы. Там было так прыгожа!

Хоць для майго хобі смартфон не вельмі падыходзіць. Я займаюся вывучэннем гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Тут ужо патрэбна Нацыянальная бібліятэка, і я туды рэгулярна езджу. Але і ў інтэрнэце таксама шукаю інфармацыю, якая цікавіць мяне і дае мне новыя веды.

Аляксей Германовіч, 81 год:

— Я займаўся канструктарскай і навукова-даследчай работай, сфера маіх інтарэсаў — ветраўстаноўкі. З 2011 года я ўжо не працую, але ў мяне ёсць намер напісаць кнігу па сваёй рабоце. Камп'ютарам я валодаю, а дзесьці 4-5 гадоў таму ў мяне з'явіўся планшэт. Ён невялікі, кішэннага тыпу, яго зручна насіць з сабой. Я зараз вольны чалавек, шмат езджу не толькі па Мінску, але і па краіне.

Многія цяпер асвойваюць розныя дэвайсы, яны вельмі зручныя ў бытавым плане, для зносін. Можна тэлефанаваць бясплатна сваякам, знаёмым, а калі па Skype, то там ёсць відэасувязь — можна бачыць чалавека, з якім размаўляеш. Але мне бытавы ўзровень іх выкарыстання не вельмі цікавы.

Мне ў свой час, калі працаваў, даводзілася ездзіць у Маскву ў публічную бібліятэку, каб прагледзець замежныя навуковыя часопісы, азнаёміцца з цікавай для мяне навуковай інфармацыяй. Цяпер з развіццём інтэрнэту многія крыніцы інфармацыі можна атрымаць не выходзячы з дому бясплатна або за невялікую плату. Гэта самае вялікае дасягненне апошняга часу, я лічу. Ну, ва ўсякім разе, для мяне.

Зараз у сусветным сеціве ёсць і электронныя альбомы мастакоў. Творы маіх любімых імпрэсіяністаў можна глядзець на экране, у тым ліку і на вялікім, калі падключыць да тэлевізара, у вельмі добрай якасці. Можна захоўваць іх у сябе, і яны будуць даступныя ў любы момант.

У мяне ёсць хобі — гэта лодкі, адпачынак на вадзе, рыбалка. Часам літаральна на хаду трэба атрымаць нейкую інфармацыю, звесткі з інтэрнэту. А летам практычна жывеш на лецішчы, але, вядома, камп'ютар з сабой туды не павязеш. Планшэт — найлепшае рашэнне ў гэтым выпадку. Па ім і фільм можна паглядзець, і канцэрт — ён вельмі разнастаіць жыццё. А вось тэлефон у мяне самы звычайны, толькі што з фотакамерай, якая дазваляе сфатаграфаваць, напрыклад, расклад электрычкі, каб не запісваць.

Дэвайсы — вельмі карысная рэч для ўсіх, акрамя хіба што малодшых школьнікаў, якія занадта захапляюцца гульнямі. На жаль, знайсці залатую сярэдзіну ў гэтым пытанні не ўсім бацькам удаецца...

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Смартфон — не толькі для ўнукаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.