Вы тут

Сімвал экалогіі і талісман спорту


Вясёлы, дасціпны, па-беларуску вельмі прыязны звярок — такім бачыцца талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў беларускай сталіцы будучым летам. Ім стала лісяня па мянушцы Лесік. Творчы калектыў, які працаваў над канцэпцыяй талісмана, намагаўся ўвасобіць у гэты вобраз энергію, актыўнасць, жыццярадаснасць, якія заўсёды ідуць і ад спартыўных відовішчаў, і ад беларускага характару, і, нарэшце, характэрныя гэтаму хітраватаму, кемліваму, але і даверліваму жыхару нашых лясных ускраін, герою шматлікіх народных казак і паданняў.


Народ спрадвеку ставіўся з павагай да рыжай драпежніцы — лісы. Нават на гербе беларускага Мсціслава ўвекавечана гэтая «асоба». А некалькі гадоў таму ў названым райцэнтры з'явіўся і помнік герою герба. Трэба ведаць, што ліса як заўсёдная прадстаўніца беларускай фаўны — незаменнае звяно ў экалагічным ланцужку. Дзякуючы вялікім спартыўным баталіям, якія будуць транслявацца на ўвесь еўрапейскі кантынент, Беларусь будуць адкрываць як прыгожую краіну з велічнай прыродай, з цікавым жывёльным светам, краіну, якая клапоціцца не толькі пра свой спартыўны імідж, а і пра сваю экалагічную бяспеку.

Мне не аднойчы даводзілася назіраць і здымаць лісянят у дзікай прыродзе. Патомства ў лісіных пар з'яўляецца ў сярэдзіне красавіка — пачатку мая. Прыблізна праз месяц лісяняты выходзяць з нары, знаёмяцца з навакольным светам. Гэта яшчэ маленькія пухнатыя калабкі з мутнымі вочкамі. Пакуль іх матуля палюе за птушкамі і мышамі, «немаўляты» грэюцца на сонейку. Дзень за днём яны ператвараюцца ў спрытных, дапытлівых лісянят, падобных на Лесіка. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня, падросшы і пераадолеўшы страх, «Лесікі» вандруюць вакол сваёй тэрыторыі і набываюць першы жыццёвы вопыт — выжывання, перанясення нягод, змагання за існаванне. Ім дапамагаюць выключны нюх, слых і зрок. А яшчэ сіла волі і моц, як у сапраўдных спартсменаў.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Фота «Лесіка» зрабіў Андрэй САЗОНАЎ падчас прэзентацыі талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.