Вы тут

Як падаваць ваенную гісторыю сучаснай моладзі?


У кожнага народа свая памяць пра вайну. У Беларусі Вялікая Айчынная вайна закранула кожную сям'ю. Сотні тысяч нашых прадзедаў ваявалі ў Чырвонай Арміі і ў партызанах, жыхары гарадоў і вёсак станавіліся сведкамі жахлівых злачынстваў, што тварыліся акупантамі, людзі ведалі, якой цаной давалася перамога. Дзеці і моладзь выхоўваліся на аповедах відавочцаў. Але як падаваць ваенную гісторыю сучаснай моладзі, тым больш, калі сыходзяць не толькі сведкі, але і пакаленне, якое бачыла і размаўляла з удзельнікамі тых падзей.


Ці змогуць маладыя людзі сарыентавацца ў тым неверагодным патоку інфармацыі ў замежных СМІ і інтэрнэце, да якіх у іх сёння ёсць доступ? Ці здольны яны самастойна адфільтраваць інфармацыю, адрозніць фальсіфікацыі і скажоныя рэаліі? Навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алена Трубчык упэўнена, што дзяржава і сістэма адукацыі павінны больш увагі аддаваць кантролю за тым, што ўваходзіць у галовы маладых людзей. Яе засмучае той факт, што ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах перасталі выкладаць курс, прысвечаны гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што ў школьных праграмах недастаткова гадзін даецца на вывучэнне гэтай тэмы, а ў метадычных рэкамендацыях да школьных падручнікаў пазначана, што некаторыя пытанні можна не разглядаць падрабязна (напрыклад, акупацыйны рэжым і вызваленне Беларусі), а аб'ядноўваць з іншымі. Сёння, каб выхоўваць новае пакаленне, неабходна шукаць новыя сродкі і падыходы, аб'ядноўваць намаганні педагогаў і вучоных, грамадскіх арганізацый і СМІ. І натуральна, у такі час патрэбны будуць новыя кнігі пра вайну.

І сёння выдаўцы ведаюць, як падладзіцца пад патрэбы пакалення з кліпавым мысленнем. Серыя «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» якраз разлічана на моладзь. Невялікія па фармаце, сучасна аформленыя, з кароткімі ёмкімі тэкстамі, багата аздобленыя ілюстрацыямі, кнігі распавядаюць пра тое, што давялося перажыць нашым папярэднікам. Факты, якія прыводзяцца ў іх, прымушаюць страсянуцца, задумацца над тым, якія жахі нясе вайна. Кнігі з вышэйзгаданай серыі «Хатынь. Трагедыя беларускага народа», «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы», «Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку» ўжо атрымалі шырокае прызнанне ў краінах СНД і адзначаны найлепшымі ў намінацыі «Перамога» Міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі — 2019».

А нядаўна выдавецтва прэзентавала яшчэ адну навінку — «Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных»

Замораныя голадам і холадам

У 1941 годзе ў палон патрапіла 3,4 мільёна салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Да канца студзеня 1942-га з іх у жывых засталося толькі 1,4 мільёна. Астатнія былі расстраляны, закатаваны, памерлі ад холаду, голаду і хвароб у нацысцкіх лагерах ці падчас транспарціроўкі ў месцы зняволення. Звыш 800 тысяч ваеннапалонных (і гэта лічба не канчатковая, некаторыя гісторыкі ўжо называюць і 900 тысяч) было знішчана захопнікамі на тэрыторыі Беларусі.

На жаль, за савецкім часам гаварыць пра забойствы ваеннапалонных не было прынята. І хоць пакутніцкая смерць у палоне здрадай не лічылася, пра ўшанаванне памяці такіх ахвяр у Савецкім Саюзе асабліва не гаварылі. З гэтай тэмай амаль не працавалі даследчыкі. На месцах масавых забойстваў ваеннапалонных не ставілі мемарыялаў. Таму новая кніга выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» будзе цікавая не толькі жыхарам нашай краіны, тым больш, што на беларускай зямлі загінулі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў.

Лагер у Масюкоўшчыне (шталаг № 352) быў адным з найбуйнейшых у Беларусі па колькасці знішчаных савецкіх ваеннапалонных. З ліпеня 1941 да ліпеня 1944 года ў ім загінула больш за 80 тысяч чалавек. Найбольш жахлівай стала першая ж «палонная» зіма — людзі масава паміралі ад голаду і холаду. Фашысты спрабавалі схаваць гэтае злачынства, але адразу пасля вайны былі знойдзены закапаныя імі скрыні з дакументамі, якія пацвярджалі факты смерці
ваеннапалонных ад знясілення.

Лагер складаўся з дзвюх частак. Адна размяшчалася ў горадзе ў межах вуліц Калініна — Якуба Коласа. (Дарэчы, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» якраз размяшчаецца ў тых мясцінах, дзе чыніліся злачынствы і дзе былі пахаваны ахвяры тэрору — былая так званая «могілкавая горка»). У гэтай частцы лагера загінула каля 10 тысяч ваеннапалонных. У разы больш ахвяр было знішчана ў другой частцы лагера, якая размяшчалася за горадам на месцы былога ваеннага гарадка (сёння гэта прыпынак электрычкі «Масюкоўшчына»).

Аўтар кнігі — загадчык аддзела навукова-даследчыцкай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Яцкевіч, дапамогу аказалі архівы і ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны Узброеных Сіл, пад кіраўніцтвам якога праводзіліся раскопкі ў Масюкоўшчыне. У кнізе размешчаны фатаграфіі, якія пацвярджаюць масавыя забойствы ваеннапалонных. Захаваліся паказанні сведак і газета «Палонная праўда», што ўпотай стваралася зняволенымі.

«Многія пабудовы лагера ваеннапалонных у Масюкоўшчыне можна бачыць і ў наш час, — заўважае вядучы навуковы рэдактар выдавецтва, рэдактар кнігі Міхаіл Нікіцін. — Па вуліцы Якуба Коласа — гэта трохпавярховыя казармы (раней лазарэт), адкуль вынеслі 10 тысяч загінулых, і ў самой Масюкоўшчыне захаваліся трохпавярховыя казармы, цяпер паўразваленыя, адкуль вынеслі загінулых ад нечалавечых умоў не менш за 50 тысяч чалавек у першую ж
ваенную зіму. Таксама на тэрыторыі ваеннага гарадка Масюкоўшчына захаваліся сталовая і аб'ект, звязаныя з супраціўленнем ваеннапалонных, — будынак аўтамайстэрні, пад якую гітлераўцы выкарысталі армейскі клуб. Ваеннапалонныя, што там працавалі, здолелі арганізаваць уцёкі на бронемашынах, якія яны рамантавалі. У 1943 годзе так удалося выратавацца групе каля 10 чалавек. Упраўленне па ўвекавечанні памяці прадставіла план лагера, і ў кнізе ёсць фатаграфіі ацалелых аб'ектаў».

У выданні ўдзяляецца ўвага і іншым месцам масавага знішчэння ваеннапалонных. Дарэчы, адны з першых ахвяр былі знішчаны ў часовым лагеры побач з вёскай Дразды. Гітлераўцы расстралялі тут адабраных паводле «Загада аб камісарах» 10 тысяч найбольш «небяспечных» вайскоўцаў.

Масавая гібель ваеннапалонных, генацыд яўрэяў і іншыя расправы акупантаў падштурхоўвалі жыхароў Беларусі на барацьбу з нацыстамі. І яшчэ адна кніга, якую прэзентавала выдавецтва, якраз і расказвае пра гэта. У кнізе «Беларусь партызанская» ідзе гаворка пра рэйкавую вайну, сувязь з падпольшчыкамі і мірнымі жыхарамі і пра звычайнае жыццё партызанаў — у іх былі сталоўкі, лазарэты, школы, выдаваліся свае газеты і часопісы, асобныя партызанскія зоны дзейнічалі так, быццам савецкая ўлада адсюль нікуды і не сыходзіла. У кнізе змешчана каля 600 фатаграфій, многія з якіх раней не друкаваліся. Тэксты падрыхтавалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Трэба адзначыць і тое, што ўпершыню такое буйное грунтоўнае даследаванне выходзіць з перакладам на англійскую мову.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Палонная праўда

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.