Вы тут

Якую ролю адыгрываў Месяц у народных павер'ях?


Л. М. Кернажыцкая з Віцебска ў сваім допісе распавядае: «Неаднаразова чула ад старых людзей, што лёс чалавека шмат у чым залежыць ад часу яго нараджэння, ад становішча Месяца ў той дзень, калі ён ажаніўся. Казалі нават, што на малочнасць каровы ўплывае фаза Месяца, калі яе прыдбалі гаспадары. Якія ўяўленні існуюць у традыцыйнай культуры на гэты конт?»


За многія стагоддзі назіранняў за станам прыроды і яго ўплывам на жыццядзейнасць чалавека сталася так, што найбольшая колькасць назіранняў і рэгламентацый, зафіксаваных у свядомасці нашых продкаў і адлюстраваных у творах вусна-паэтычнай спадчыны ўсходніх славян, звязана з першай квадрай Месяца — маладзіком. Станоўчыя адносіны да яго грунтуюцца на асацыяцыі пачатку, росту.

Менавіта ў гэтую фазу Месяца, якая прадвызначаецца патэнцыялам набіраючага моц Месяца, выконвалі шэраг магічных і рытуальна-абрадавых дзеянняў для дасягнення жадаемага выніку, для паляпшэння дабрабыту ў гаспадарцы, а таксама здароўя: «У маладзіковы тыдзень у Беларусі звычайна пачынаюць сеяць, жаць, касіць і выконваць іншыя сельскагаспадарчыя работы, гледзячы па тым, што абяцае маладзік — пагоду ці дождж, мароз ці адлігу. Селяніну-земляробу... было вельмі лёгка, канешне, заўважыць, што з надыходам маладзіка вельмі часта мяняецца надвор'е, а таму не дзіва, што маладзіковы тыдзень і да гэтага часу займае значнае месца ў беларускіх народных прыкметах» («Віленскі веснік», № 79, 1893).

Прывядзём некалькі прыкладаў, якія датычацца розных сфер жыццядзейнасці чалавека. Каб у калодзежы заўсёды было шмат чыстай, смачнай вады, капаць ці чысціць яго пажадана на маладзік.

Было заўважана, калі час ідзе пад поўню, то ўсе «жыццёвыя сокі» раслін і дрэў збіраюцца ў іх ствалавой частцы (г. зн. над узроўнем зямлі), а калі Месяц на сходзе, то хутка развіваецца іх каранёвая сістэма. Таму ў сялянскім асяроддзі прытрымліваліся наступнага правіла: расліны, у якіх плады ўтворацца над узроўнем зямлі, саджалі пад поўню, а караняплоды — на трэцяй чвэрці Месяца. Было заўважана, што дрэва, прышчэпленае на трэці дзень маладога Месяца, будзе расці хутка. Спелую цыбулю лепш за ўсё выбіраць на 4-5-ы дзень маладзіка, тады яна будзе добра захоўвацца. Каб кіслая капуста добра захоўвалася і была цвёрдая, хрумсткая, гаспадыні ведаюць, што яе лепш квасіць у мужчынскі дзень тыдня (аўторак, чацвер) на першую чвэрць Месяца.

Да маладзіка стараліся прымеркаваць пачатак доўгатэрміновай справы, напрыклад ад'езд з хаты або вяселле. Каб валасы і пазногці лепш раслі, стрыгчы іх варта ў першай чвэрці Месяца.

Усе жыццесцвярджальныя абрадава-рытуальныя дзеянні прымяркоўвалі да маладога Месяца, але ведалі, што самымі спрыяльнымі для такіх спраў днямі з'яўляюцца некалькі дзён, максімальна прыбліжаныя да поўні. Нашы продкі верылі, што дзейнічае прынцып падабенства: «Як Месяц на небе расце, прыбывае, так і шчасце, дабрабыт, грошы, здароўе ў хаце і сям'і будуць прыбываць»; «каб усё было поўна».

Таму першы вянок новага зруба закладвалі пад поўню, «каб было, як кажуць, поўнаю чашаю», рабілі ўваходзіны, або ўлазіны, — засяляліся ў новую хату. Казалі: «Месяц расце, прыбывае, хай і ў хаце дабро і шчасце прыбываюць, поўняцца». На Палессі самымі шчаслівымі лічылі тых, хто справіў вяселле за некалькі дзён да поўні. Нездарма на вяселлі гучыць пажаданне: «Жадаем шчасця поўню».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: hi-news.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.