Вы тут

Прэзідэнт Беларусі: Мы захоўваем вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі


Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі.


Кіраўнікі Беларусі і Архангельскай вобласці пазнаёміліся пяць гадоў таму ў Мінску. А на гэтым тыдні Ігар Арлоў на ўласныя вочы ўпэўніўся, як за гэты час узрос эканамічны, вытворчы і навуковы патэнцыял нашай краіны. Праз афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет архангельскі губернатар паспеў падрабязна пазнаёміцца з нашымі дасягненнямі. І не толькі ён — у дэлегацыі больш за 50 чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў прадпрымальніцкай суполкі.

«Мы захоўваем вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі. А вы для нас — увогуле родны чалавек. У нас шмат агульных задач, якія мы мусім вырашаць. У нас дастаткова прамысловых тавараў і тавараў народнага спажывання для гандлю з вашым рэгіёнам. Але вы павінны ведаць, што мы сёе-тое ўмеем рабіць», — звярнуўся да губернатара Аляксандр Лукашэнка.

Асабліва гэта тычыцца будаўнічай сферы. У Прэзідэнта ёсць інфармацыя, што ў Архангельскай вобласці рэалізуецца праграма па перасяленні грамадзян з аварыйнага жылога фонду.

«Можам паказаць нашы магчымасці, калі спадабаецца — будзеце нас прыцягваць. Мы можам цалкам абсталяваць вашыя дамы. Я не думаю, што вы там ужо надта высоткі будуеце (мы любой паверхавасці пабудуем), але нават у Беларусі я не арыентуюся на высотку. Людзям трэба камфортнае жыллё. Але тым не менш ужо пешшу па сходах не ходзяць, таму, калі трэба, мы паставім вам камплекты цалкам ліфтоў», — прапанаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў таксама пра наш вялікі вопыт у машынабудоўлі — ад транспарціроўкі грузаў да лесанарыхтоўкі.

«Мы знаходзімся з вамі ў зоне рызыковага земляробства, практычна Архангельская вобласць — крытычнага земляробства. Мы можам вам дапамагчы і ў племянной справе, і ў вырошчванні агароднінных культур, абсталяванні малочнатаварных фермаў, асабліва ў цяплічнай гаспадарцы», — выказаў гатоўнасць беларускі лідар.

Ён нагадаў, што першыя маленькія цяпліцы пасля распаду Савецкага Саюза былі пабудаваныя ў рэзідэнцыі Прэзідэнта і далі добры эфект, пасля чаго досвед распаўсюджаны па ўсёй краіне. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што госць паспеў пакаштаваць беларускія прадукты.

«Мы гандлюем не толькі ў Расіі, мы гандлюем вельмі шмат ужо ў Еўрасаюзе, але яшчэ больш — з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Адзін з нашых бізнесмэнаў ужо папрасіў дазволу пастаўляць мясныя прадукты ў Кітай. Вельмі, кажа, выгадна», — падзяліўся інфармацыяй Прэзідэнт.

Узгадаў Аляксандр Лукашэнка і буйныя тарфяныя радовішчы, якія Архангельск мае. А ў Беларусі ўмеюць працаваць з торфам. І калі трэба, гатовы нават ствараць сумесныя прадпрыемствы з навучэннем спецыялістаў.

«З Расіяй мы мусім карыстацца паслугамі адно аднаго, аказваць дапамогу і падтрымку. Таму ўсё, пра што вы дамовіліся ў Мінску ў гэты візіт, я гарантую, што мы рэалізуем. Мы вельмі абавязковыя людзі ў гэтым плане. З гэтага жыве ўся Беларусь, таму праца з вамі — гэта не дабрачыннасць», — абазначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Па выніках гэтага візіту я ў чарговы раз упэўніўся, што ўсе нашы ўзаемадзеянні асуджаны на поспех на ўсіх узроўнях. Для Архангельскай вобласці Беларусь, безумоўна, вельмі цікавы і вельмі перспектыўны партнёр», — у сваю чаргу запэўніў Ігар Арлоў.

Ён паведаміў журналістам, што Архангельская вобласць вельмі зацікаўлена ў дапамозе Беларусі ў рэалізацыі буйных нацыянальных праектаў.

«Мы вельмі б хацелі, каб „беларускі квартал“ з’явіўся ў цэлым шэрагу нашых гарадоў, дзе мы вядзем маштабныя будоўлі. Канечне, гэта і пасажырскія перавозкі. МАЗ — гэта ўжо атрыбут Архангельска, хацелася б, каб іх з’яўлялася больш. Немагчыма ўжо ўявіць ні сельскую гаспадарку, ні лясную галіну, ні перавозкі без вашай тэхнікі. Мы буйныя пакупнікі БелАЗаў — больш за 50 аўтамабіляў працуюць на алмазных радовішчах», — абмаляваў Ігар Арлоў кірункі супрацоўніцтва.

Сярод іншага ён падкрэсліў жаданасць узаемадзеяння ў развіцці арктычнай зоны Расіі і культурных абменаў. Асабліва моцныя ўражанні ў губернатара выклікала наведванне мемарыяльнага комплексу «Хатынь», і ён упэўнены, што маладыя пакаленні мусяць бываць у такіх месцах.

«Дыета — гэта шкодна», — заявіў губернатар журналістам пад уражаннем ад дэгустацыі прадукцыі цяпліц агракамбіната «Ждановічы». А відэавіншаванне жанчынам Архангельскай вобласці ён запісаў на фоне мільёна беларускіх пунсовых ружаў.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.