Вы тут

Жыццё — мелодыя складаная. Адна з апошнiх гутарак журналіста Зіновія Прыгодзіча з кампазiтарам Iгарам Лучанком


Добра памятаю нашу першую сустрэчу. Iгар Мiхайлавiч прыйшоў з кiёчкам, прыкметна накульгваючы. Я ведаў, што ў яго была складаная аперацыя на тазабедраным суставе, i таму са спачуваннем запытаў:

— Што, не зажывае?

Iгар Мiхайлавiч працяў мяне пранiзлiвым позiркам i сурова сказаў:

— Не дачакаецеся!

Я разгубiўся: цяжка было зразумець, цi то чалавек жартуе, цi кажа сур'ёзна. На ўсякi выпадак я стаў апраўдвацца:

— Iгар Мiхайлавiч, хiба ж нехта жадае вам благога? Вы — паважаны, любiмы ў народзе чалавек.

— Мне гэта не трэба! — адрэзаў Лучанок.

I, убачыўшы, мабыць, маю збянтэжанасць, Iгар Мiхайлавiч нечакана ўсмiхнуўся:

— Не звяртайце ўвагi. Вы мяне не ведаеце... Я — чалавек складаны.

I добразычлiва запрасiў:

— Пойдзем у Дом афiцэраў. Там у мяне як старшынi ваенна-шэфскай камiсii ёсць асобны кабiнет. Пасядзiм спакойна, пагаворым...

Праўда, гаварыць з Лучанком было ох як няпроста. Але дужа цiкава. Ён — чалавек iмпульсiўны, эмацыянальны, парывiсты. У нечым наiўны, безабаронны як дзiця. I як дзiця — даверлiвы, ранiмы. Аднак калi справа датычылася рэчаў для яго важных, прынцыповых, Iгар Мiхайлавiч станавiўся рэзкi, катэгарычны, бескампрамiсны. Ад гэтага часам узнiкалi непаразуменнi, канфлiкты.

Зрэшты, такое бывае ва ўсiх генiяльных людзей. А таго, што Лучанок — генiяльны кампазiтар, не могуць адмаўляць нават яго апаненты.

А ў маiм хатнiм архiве застаўся запiс адной з апошнiх маiх гутарак з Iгарам Лучанком.

Мой родны кут

— Iгар Мiхайлавiч, гэта праўда, што вы паходзiце са старажытнага шляхецкага роду?

— Праўда. Але я даведаўся пра гэта нядаўна. I то не сам. Мне дапамог мой сябар, пiсьменнiк Уладзiмiр Лiпскi. Калi ён узяўся пiсаць пра мяне кнiгу, то вырашыў заглыбiцца ў архiвы, даследаваць каранi нашага роду. I аказалася, што мая мацi Аляксандра Герасiмаўна Жук — са старажытнага роду, якi вядомы яшчэ з Сярэднявечча.

Першы даўным-даўно зарэгiстраваў свой сямейны герб сандамiрскi ваявода Ян. I адбылося гэта ажно ў 1352 годзе. Амаль семсот гадоў таму. Во куды, у якую глыбiню, сягаюць каранi нашага роду!

— Вы згадалi пра сямейны герб. Цi маеце вы яго выяву? Што сiмвалiзуе ваш герб?

— Маю. Дзякуючы таму ж Лiпскаму, якi знайшоў гэты герб у архiвах i зрабiў мне яго копiю. Што на iм адлюстравана? На блакiтным полi — сярэбраная падкова з замацаваным зверху сярэбраным крыжом. На iм, гэтым крыжы, сядзiць чорны груган з залатым пярсцёнкам у дзюбе. А яшчэ там намаляваны рыцарскi металiчны шлем — як знак таго, што ў гэтым родзе былi воiны, абаронцы Айчыны. Карона ж — сiмвал знатнасцi, улады, велiчы. Сярэбраная падкова — на шчасце, а крыж над ёй — знак заступнiцтва Бога.

— Мець такi герб — трэба было заслужыць. Гэта вялiкi гонар i пашана. Чым жа займалiся вашы далёкiя продкi? У якiх мясцiнах яны жылi?

— З тых Жукоў, з якiх паходзiць мая мацi, усе былi землеўладальнiкi. Адзiн з iх — Людвiг Аляксандравiч Жук, матчын прапрадзед, меў 81 дзесяцiну зямлi. Чым ён займаўся яшчэ, акрамя хлебаробства, архiўныя дакументы не паведамляюць.

А вось пра iншага продка, майго прапрадзеда Фёдара Лучанка, сёе-тое ўдалося раскапаць. Аказваецца, ведучы немалую сялянскую гаспадарку, ён выконваў яшчэ i абавязкi войта. Па тым часе — гэта немалая пасада. Па сутнасцi, ён быў начальнiкам над жыхарамi сваёй, а можа, i суседнiх вёсак.

Пазней Фёдар Лучанок пераехаў у Язаўкi Iгуменскага павета, меў там немалы надзел зямлi. Унук яго Лукаш стаў бацькам Мiхаiла, а той, у сваю чаргу, — маiм бацькам.

— А як склалася доля ў вашых бацькоў?

— Напачатку здавалася, што i мой бацька застанецца на зямлi, падоўжыць род хлебаробаў. Ён рана навучыўся касiць i араць, малацiць i сеяць. Умеў абыходзiцца з канём. Аднак душа яго цягнулася да iншага. Змайстраваўшы дудачку, падбiраў на ёй галасы птушак, выводзiў мелодыi, якiя гучалi тады на вясковых вяселлях, танцавальных вечарах.

Лукаш бачыў гэтае захапленне сына, але не замiнаў яму. Наадварот — заахвочваў. Адшкадаваўшы немалыя грошы, купiў нават сапраўдную скрыпку. Больш за тое, адвёз сына за рэчку Чарняўку, у вёску Заботы — да Сiдаравых хлопцаў. Каб навучылi Мiшу iграць на гэтым няпростым iнструменце. I кемлiвы, таленавiты хлопец так авалодаў скрыпкаю, што пагалоска пра музыку-самавука дайшла ажно да дзядзькi Галубка.

— Да Уладзiслава Галубка, славутага тэатральнага рэжысёра i акцёра? А як гэта адбылося?

— Трупа Галубка, як вы ведаеце, была вандроўная. Аднойчы яна апынулася на Iгуменшчыне. Нехта падказаў Галубку, што там i там ёсць такi хлопец, якi выдатна iграе на скрыпцы. Уладзiслаў Iосiфавiч паслаў ганца ў Язаўкi. А потым была сустрэча i з самiм Галубком. Аб чым яны гаварылi, як дамовiлiся, бацька асаблiва не расказваў. Але ў кнiзе ўспамiнаў пра Уладзiслава Галубка ёсць невялiчкi аповед i майго бацькi. Дык вось ён там пiша, што Галубок доўга з iм размаўляў, расказваў пра сваiх артыстаў, пра асаблiвасцi работы перасоўнага тэатра i нарэшце запрасiў працаваць разам. I бацька пагадзiўся.

Так Мiхаiл Лукiч Лучанок стаў, як запiсана ў адной з яго анкет, рабочым сцэны Беларускага дзяржаўнага перасоўнага тэатра БССР. I адбылося гэта 20 лютага 1926 года.

«Але чаму рабочым сцэны?» — можаце запытацца вы. Адкажу. Паколькi гэта быў тэатр на калёсах, то кожны артыст, калi было трэба, станавiўся i грузчыкам, i рабочым сцэны, i асвятляльнiкам, i прыбiральшчыцай. Вось Мiхаiла Лукiча i запiсалi ў рабочыя. Напэўна, яшчэ i дзеля пралетарскага каларыту. Хоць асноўная праца ў яго была, канешне ж, у тэатральным аркестры.

— А мацi ваша мела якое-небудзь дачыненне да тэатра, да мастацтва наогул?

— Нiякага.

— Дык як жа яны пазнаё-мiлiся, калi жылi далёка адно ад аднаго?

— Пазнаёмiлiся падчас гастроляў тэатра ў Крупскiм раёне, дзе Аляксандра Герасiмаўна працавала настаўнiцай. Яна ўжо скончыла Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт, прыродазнаўчае аддзяленне, i мела адпаведны дыплом. Тады гэта было вялiкай рэдкасцю — унiверсiтэцкая адукацыя. Таму, вiдаць, простаму сялянскаму хлопцу, скрыпачу-самавуку няпроста было заваяваць сэрца адукаванай дваранкi. Аднак жа неяк заваяваў!

Пажанiлiся мае бацькi ў 1931 годзе. Згулялi вяселле. I пражылi Аляксандра Герасiмаўна i Мiхаiл Лукiч у любовi i згодзе пяцьдзясят тры гады.

Спачатку жылi ў Мiнску. Здымалi пакойчык у доме на Iгуменскiм тракце — цяпер вулiца Маякоўскага. У гэтым доме нарадзiлася мая старэйшая сястра Ларыса, а пазней, у 1938 годзе, i я. Да таго часу бацька паспеў ужо скончыць медыцынскi iнстытут i атрымаць дыплом урача. З тэатрам Галубка, вiдаць, не без настойлiвых угавораў маладой жонкi, ён развiтаўся яшчэ ў 1931 годзе.

Летам 1940 года сям'я Лучанкоў пераехала ў Магiлёў, у жылы раён чыгуначнай станцыi. Пасялiлiся ў доме чыгуначнiкаў на Першамайскай вулiцы. Сястра пайшла ў школу, а бацька стаў працаваць на трыццатым урачэбным участку станцыi Магiлёў.

Ды радасць наша была кароткая. Мне не споўнiлася i трох гадоў, калi пачалася вайна.

Трывожная памяць

— Iгар Мiхайлавiч, а вы тое лiхалецце крыху памятаеце? Як склаўся лёс вашай сям'i з пачаткам вайны?

— З вайной усё пераблыталася ў нашай сям'i. Я тады, хоць i маленькi быў, памятаю адзiн эпiзод. Мы некуды беглi, вакол нас узрывалiся снарады. I раптам у маiм чаравiку развязаўся шнурок. Мы прыпынiлiся, каб завязаць шнурок. I тут наперадзе ўзарвалася бомба. Калi б мы працягвалi бегчы, нас бы накрыла...

Яшчэ помню, як начавалi ў лесе паблiзу Пячэрска. Мы — мама, сястра Ларыса i я — уцяклi туды з Магiлёва, якi немцы ўжо бамбiлi. Бацьку мабiлiзавалi крыху раней. Перад самай вайной ён скончыў трохмесячныя курсы i атрымаў званне ваенурача 3-га ранга. З пачаткам вайны яго прызвалi на службу. На шчасце, яму яшчэ ўдалося ўзяць дазвол на эвакуацыю сям'i. У тыя днi якраз фармiраваўся новы эшалон на ўсход. Мы паспелi трапiць на гэты поезд. Ехалi ў таварным вагоне. Людзей — як мурашак. Над намi ляталi самалёты, кiдалi бомбы. Цягнiк часта спыняўся, загружалi параненых. У рэшце рэшт мы даехалi да станцыi Марозаўская, гэта пад Сталiнградам, i нас там высадзiлi. Зiмавалi на хутары Бакланава, у доме Марачкiных. У гаспадынi сваiх было пяцёра дзяцей, ды нас яшчэ трое. Галадалi i мерзлi страшна.

Але аднойчы адбыўся цуд. Бацька, якога вайна прывяла на Сталiнградскi фронт, адшукаў нас на хутары i забраў да сябе. Некалькi дзён мы жылi ў Сталiнградзе на вакзале. А пасля пераехалi ў Сальск, куды бацьку накiравалi на працу.

— Вайна пакiнула ў вашай душы балючы след?

— Як вам сказаць... Часам было вельмi страшна, асаблiва калi побач узрывалiся снарады, калi на маiх вачах гiнулi людзi. Няпроста было перажыць холад i голад. Але дзяцiнства ёсць дзяцiнства. Помню, мы, хлапчукi, злавiлi ў полi зайчыка. Пушысценькi такi, шэранькi, цёплы. Ён галодны, i мы галодныя. Але гулялi разам, не пакрыўдзiлi звярка.

Альбо яшчэ. Перад вачыма, як жывы, стаiць дзень, калi з Сальска вытурылi немцаў. Выйшаў я на вулiцу, iду па шарпаку, нагой iльдзiнкi падбiваю. Хораша так, весела!..

Помню, як прывялi мяне ў школу, у першы клас. Сцены напалову разбураныя — у будынак трапiла бомба. Холадна. Чарнiла замярзала. А сшыткi ў нас былi з газет. Пiсалi на палях, мiж радкоў... Але прага да вучобы была вялiкая. Усiм нам хацелася хутчэй стаць дарослымi, адукаванымi i ўключыцца ў аднаўленне разбуранай краiны.

А ў мяне наперадзе была сустрэча з роднай Беларуссю, якую я мала ведаў, але якая вабiла мяне i хвалявала.

Шлях да прызнання

— Я разумею: талент даецца ад Бога. Але ж гэты Боскi дар можна развiць, умацаваць, а можна загубiць, закапаць, вобразна кажучы, у зямлю. Што трэба для таго, каб творца максiмальна рэалiзаваў свой прыродны творчы патэнцыял?

— Многае: не ленавацца, не распыляцца, не раскiдвацца на дробязнае, другаснае. Але найперш — многа i сур'ёзна вучыцца.

На шчасце, я гэта зразумеў дастаткова рана. Пасля музычнай школы паступiў у кансерваторыю. I вучыўся адразу на двух факультэтах — у Анатоля Васiлевiча Багатырова праходзiў клас кампазiцыi, а ў Рыгора Iльiча Шаршэўскага, заснавальнiка беларускай фартэпiяннай школы, удасканальваў выканальнiцкае майстэрства. Некалькi гадоў быў ленiнскiм стыпендыятам.

— Вы даволi рана атрымалi прызнанне як кампазiтар. Ужо першыя вашы музычныя творы, напiсаныя яшчэ студэнтам кансерваторыi, былi заўважаны крытыкай, пра вас пiсалi рэспублiканскiя газеты, часопiсы, вас любiлi здымаць фотакарэспандэнты, запрашалi на радыё. Але ўсё гэта была, так сказаць, папулярнасць мясцовага значэння. А калi да вас прыйшла больш шырокая вядомасць, першая ўсесаюзная слава?

— Магу назваць нават канкрэтную дату. Гэта здарылася 23 кастрычнiка 1966 года. Тады ў Маскве праходзiў Усесаюзны конкурс на найлепшую савецкую песню, прысвечаны пяцiдзесяцiгоддзю Вялiкага Кастрычнiка. Дваццаць дзён на сцэне Маскоўскага тэатра эстрады гучалi песнi, створаныя Iсаакам Дунаеўскiм, Дзмiтрыем Пакрасам, Мацвеем Блантэрам, Васiлём Салаўёвым-Сядым, Дзмiтрыем Шастаковiчам, Барысам Макравусавым i iншымi выдатнымi кампазiтарамi.

Прагучала на гэтым высокiм форуме i мая песня «Памяць сэрца», напiсаная на словы паэта-франтавiка Мiхаiла Ясеня i выкананая тады яшчэ маладым, малавядомым спеваком Вiктарам Вуячычам. Мы, канешне, на вялiкi поспех не разлiчвалi — ужо сам факт удзелу ў такiм прэстыжным конкурсе быў для нас немалой узнагародай. Але мы сталi першымi!

Па праўдзе кажучы, у гэта спачатку было цяжка паверыць. Трапiць у кампанiю такiх славутасцяў i стаць першым — здавалася нечым неверагодным, нейкай фантастыкай. Але гэта была сапраўдная перамога, прызнанне беларускай песнi, яе аўтараў.

— «Памяць сэрца» ў вас не адзiная песня, прысвечаная тэме Вялiкай Айчыннай вайны...

— Разам з Мiхаiлам Ясенем я напiсаў яшчэ некалькi папулярных песень. Сярод iх — «Пiсьмо з сорак пятага», «Майскi вальс».

Ёсць у мяне i цэлы вакальны цыкл, якi называецца «Война не нужна». Ён напiсаны на вершы паэтаў розных краiн. Галоўная тэма гэтага цыкла — памяць пра герояў мiнулай вайны. Калi мы забываем пра тых, хто загiнуў, то i самi гiнем дачасна.

— Вы можаце сказаць, што пражылi шчаслiвае жыццё?

— I так, i не. Я шчаслiвы, што маю добрую сям'ю, што мае песнi любяць i спяваюць у народзе. Але я пражыў няпростае жыццё. Многае перажыў. Вось i нядаўна перанёс дзве не зусiм удалыя аперацыi, у вынiку чаго вымушаны хадзiць з кiёчкам. Але не будзем аб гэтым. Я па-ранейшаму пiшу песнi, маю шмат творчых планаў.

* * *

...На жаль, гэтым планам не суджана было збыцца. 12 лiстапада 2018 года вялiкага кампазiтара не стала. Для тысяч i тысяч яго прыхiльнiкаў гэта была горкая i непапраўная страта. Але пакуль жывуць яго песнi, Iгар Лучанок будзе з намi.

Зiновiй ПРЫГОДЗIЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Жыццё — мелодыя складаная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.