Вы тут

Лукашэнка: Прававыя нормы павінны дапамагаць, а не перашкаджаць жыць


На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі падыходы па ўдасканаленні мер адміністрацыйнай адказнасці.


У Палацы Незалежнасці сабраліся кіраўнікі ўрада, парламента, Вярхоўнага суда, профільных ведамстваў. Да разглядання гэтай тэмы звярталіся ў леташнім снежні — тады на нарадзе быў выяўлены шэраг сістэмных недахопаў. Аляксандр Лукашэнка ўжо прыводзіў канкрэтныя лічбы: толькі за пяць гадоў у Беларусі зарэгістравана ледзь не 16 мільёнаў парушэнняў, за якія да адказнасці прыцягнутыя больш за тры мільёны грамадзян.

Для змянення сітуацыі Прэзідэнт прыняў рашэнні і даў адпаведныя даручэнні: яны тычыліся павелічэння хуткаснага рэжыму, аптымізацыі размяшчэння сродкаў фота- і відэафіксацыі, узмацнення прафілактычнай работы з насельніцтвам.

Для навядзення парадку ў заканадаўстве была створана міжведамасная экспертная камісія пад началам намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольгі Чупрыс. У выніку маштабнай работы, праведзенай камісіяй за паўгода, падрыхтаваны два новыя кодэксы аб адміністрацыйнай адказнасці. У іх напісанні былі задзейнічаны дзяржорганы ўсіх узроўняў улады, дэпутацкі і судзейскі карпусы, вучоныя, юрыдычная грамадскасць.

«Камісіяй быў выбудаваны эфектыўны канал сувязі з насельніцтвам. Скрупулёзна вывучаны праблемы, з якімі людзі сутыкаюцца практычна кожны дзень, і выпрацаваны аптымальныя прававыя мадэлі іх рашэння. Абсалютна перакананы: толькі такім чынам могуць быць падрыхтаваны сапраўды справядлівыя і вельмі патрэбныя грамадству законы. Дадзены вопыт належыць узяць на ўзбраенне і новаму складу ўрада», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў, што следам за кодэксамі трэба перагледзець ведамасныя інструкцыі і іншыя акты падзаконнага ўзроўню — прычым вельмі хутка, пажадана да Новага года. З іх трэба прыбраць залішнія бюракратычныя патрабаванні, удакладніў ён. Забароны і абмежаванні павінны застацца толькі там, дзе яны аб’ектыўна неабходныя: калі ёсць рызыка прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, узнікнення надзвычайных сітуацый.

«Не трэба чапляцца да людзей па дробязях. Напрыклад, навошта штрафаваць сталую жанчыну, якая ля дарогі прадае, напрыклад, вядро яблык ці бульбы, прытым з уласнага агароду? Я думаю, лепш будзе, калі мы паўсюль (хоць складана ўжо сказаць, дзе іх толькі няма) арганізуем міні-рынкі, паставім прылаўкі каля вёсак ці ў людных месцах. А ў астатнім — нам проста не трэба перашкаджаць людзям жыць і працаваць. Тры гады таму ў рамках лібералізацыі бізнес-клімату мы пачалі займацца падобнай працай. Яна не павінна спыняцца. Гэта прамое даручэнне. Пастаянна трэба думаць, як працаваць з людзьмі. Прававыя нормы павінны дапамагаць, а не перашкаджаць жыць», — запатрабаваў Прэзідэнт.

У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў нашумелую бальную сістэму, прапанаваную ДАІ. Яна, можа, і неблагая, прыжылася ў многіх краінах, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, але вывучанае грамадскае меркаванне паказала, што ў Беларусі такой сістэме пакуль няма даверу. Таму ў канчатковым выглядзе ў гэтым дакументах павінны быць у поўнай меры ўлічаны інтарэсы як дзяржавы, так і простых грамадзян, абазначыў лідар краіны. На яго погляд, асобныя шурпатасці можна скарэктаваць пры дапрацоўцы ў Палаце прадстаўнікоў. Аднак па асноўным канцэптуальным палажэнням праектаў удзельнікі нарады павінны вызначыцца ўжо сёння.

Сярод пытанняў, адказаў на якія чакаў Прэзідэнт ад удзельнікаў нарады, — прынцып прафілактычнай работы з насельніцтвам па лініі органаў унутраных спраў.

«Гэта вельмі важны складнік, па сутнасці, міліцыя заўсёды была і будзе бліжэй за ўсё да людзей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб дамоўленасці, што пасля прапрацоўкі кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці надыдзе чарга і іншых законаў, якія тычацца крымінальнага права і многіх іншых.

«Прайшло нямала часу, калі мы прымалі гэтыя кодэксы. Жыццё змянілася. І вядома, новыя законы і дзеючыя законы павінны адпавядаць рытму, ладу жыцця нашых грамадзян і функцыянавання нашай дзяржавы. Таму настаў час узяцца за гэту цяжкую, карпатлівую, часам нелюбімую і брыдкую працу (памятаю гэта з парламенцкай сваёй дзейнасці). Таму буду ўдзячны ўсім тым юрыстам, эканамістам, дзяржслужачым, усім, хто падключыцца і дапаможа нам асучасніць, прыблізіць да жыцця тое заканадаўства, якое сёння існуе ў Беларусі. Узяўшы яго, натуральна, за аснову», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Прэзідэнт.

Ён упэўнены: не трэба ў выніку рэформ «ламаць усё да аснавання і разлічваць потым нешта на абломках пабудаваць». «Трэба ісці тым жа шляхам, як пры падрыхтоўцы новых кодэксаў, — ад жыцця, улічваючы ўжо зробленае», — заўважыў Прэзідэнт.


Як далажыла кіраўніку дзяржавы Вольга Чупрыс, у аснову працы над кодэксамі пакладзена вырашэнне дзвюх узаемазвязаных задач: пашырэнне прафілактычнага ўздзеяння і зніжэнне карнага ўхілу.

«Усе правапарушэнні былі раздзелены на тры групы. Да першай аднесены такія віды правапарушэнняў, якія мы назвалі «праступкі». Іх каля 26%. Гэта, напрыклад, курэнне ў пад’ездзе, парушэнне тэрмінаў пастаноўкі на ўлік у падатковай інспекцыі. Большасць з гэтых правапарушэнняў з’яўляюцца нязначнымі», — паведаміла кіраўнік міжведамаснай экспертнай камісіі.

За праступак, здзейснены ўпершыню, будуць выкарыстоўвацца меры прафілактычнага ўздзеяння з абавязковай фіксацыяй. У выпадку паўторнага правапарушэння на працягу года асоба падвергнецца больш жорсткай меры адказнасці, напрыклад, штрафу, удакладніла Вольга Чупрыс.

Пашырана вілка штрафаў

Што да зніжэння карнага ўхілу, на практыцы з гэтым назіраюцца праблемы. Напрыклад, за шэраг правапарушэнняў устанаўліваецца вузкая вілка штрафаў.

«Правяраючы кажа: разумею, што сыходзячы з сітуацыі, можна накласці і меншы памер штрафу. Таму мы перагледзелі ўсе такія склады практычна ў ручным рэжыме, паглядзелі, дзе можна знізіць ніжнюю мяжу штрафаў, а дзе можна яе ўвогуле прыбраць, каб гэта вілка была пашырана», — растлумачыла журналістам Вольга Чупрыс.

Гэта было зроблена з улікам інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб і зыходзячы з іх пажаданняў. Дарэчы, каля дзве тысячы прапаноў паступіла ад грамадзян. Шэраг нормаў, якія спачатку выключылі, вярнулі пасля прапаноў і абгрунтаванняў простых беларусаў. Каля пяцісот прапаноў атрымала экспертная група і ад парламентарыяў — шмат з іх былі рэалізаваныя.

Як паведаміла Вольга Чупрыс, асобным раздзелам выдзелены правапарушэнні непаўналетніх. Асноўны прынцып — непаўналетніх трэба не караць, а ў першую чаргу выхоўваць.

З’явіўся і новы від спагнанняў — грамадскія работы. Гэта альтэрнатыўная да штрафаў і адміністрацыйнага арышту мера будзе рэалізоваўцца судамі за асобныя парушэнні.

«Там, дзе асоба, напрыклад, не можа заплаціць штраф і гэта ўстаноўлена, то з яе згоды ёй могуць быць прызначаны грамадскія работы. Адпаведна, яны не носяць прымусовага характару», — удакладніла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Праекты кодэксаў прайшлі грамадскае абмеркаванне, атрымалі падтрымку насельніцтва і ўхваленне ўсіх зацікаўленых органаў. Сёння Прэзідэнт даручыў не адкладаць рашэнні па гэтых пытаннях і ў самы кароткі час унесці праекты на разгляданне ў парламент, а паралельна ўдасканальваць галіновае заканадаўства.

Варвара МАРОЗАВА

Прэв'ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.