Вы тут

Час аплаціць маёмасныя падаткі


У параўнанні з мінулым годам колькасць фізічных асоб, якія ўжо аплацілі падатак на нерухомасць і зямельны падатак, змянілася неістотна. Гэта каля 40 % з ліку тых, хто мае такі абавязак. Намеснік начальніка ўпраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Кацярына Зарэцкая нагадала, што для фізічных асоб — плацельшчыкаў маёмасных падаткаў тэрмін выплаты падатку на нерухомасць і зямельнага падатку за 2020 год заканчваецца 16 лістапада. Паколькі ўстаноўлены тэрмін выплаты збору — 15 лістапада — прыпадае на выхадны дзень, то апошні дзень аплаты збору пераносіцца на найбліжэйшы наступны рабочы дзень — 16 лістапада.


У нас больш за 195 тысяч грамадзян, якія валодаюць дзвюма і больш кватэрамі

Плацельшчыкамі падатку на нерухомасць і зямельнага падатку могуць прызнавацца любыя фізічныя асобы, якім належаць размешчаныя на тэрыторыі краіны капітальныя будынкі, будынкі, збудаванні, а таксама тыя грамадзяне, якім выдзелены зямельныя ўчасткі.

Па словах Кацярыны Зарэцкай, падлік падатку на нерухомасць і зямельнага падатку ажыццяўляюць падатковыя органы. Па выніках падліку фарміруюцца паведамленні, якія накіроўваюцца насельніцтву не пазней за 1 верасня кожнага года. У паведамленні адлюстроўваецца сума падатку, якая падлягае аплаце, а таксама тэрмін, не пазней за які неабходна аплаціць падатак.

Падатковыя органы падлічваюць падатак на нерухомасць зыходзячы з кошту будынкаў і збудаванняў. Пры падліку можа прымяняцца стаўка падатку на нерухомасць у памеры 0,1 % ад такога кошту, а таксама стаўка 0,2 % у дачыненні да жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах і блакіраваных жылых дамах. Падатак на нерухомасць вылічваецца ў першую чаргу па такіх капітальных будынках, як жылыя дамы, жылыя памяшканні ў шматкватэрных дамах, гаражы, садовыя домікі, дачы, машына-месцы і іншыя будынкі і збудаванні.

Калі ў чалавека ва ўласнасці адна кватэра, то за гэта жыллё падатак плаціць не трэба, таму што існуе льгота, якая вызваляе ад маёмаснага падатку менавіта адно жылое памяшканне ў шматкватэрных жылых дамах.

Дарэчы, як высветлілася, у нашай краіне людзей, якія маюць не адзін аб'ект гарадскога жылля, досыць шмат. Па падліках спецыялістаў, у гэтым годзе колькасць фізічных асоб, якія валодаюць дзвюма і больш кватэрамі, складае больш за 195 тысяч. Між іншым, не ўсе яны плацяць падатак на нерухомасць. Чаму?

Па нашым заканадаўстве, ад аплаты падатку на нерухомасць вызваляюцца пенсія-
неры па ўзросце, асобы, якія праходзяць альтэрнатыўную або тэрміновую ваенную службу, члены шматдзетных сем'яў.

Са шматдзетнымі наогул цікавая сітуацыя, бо яны не павінны плаціць падатак на любую нерухомасць (май ва ўласнасці хоць пяць кватэр і ў дадатак некалькі жылых дамоў і дач) пры ўмове, што яна не выкарыстоўваецца ў камерцыйных мэтах. Атрымліваецца, што гэтая катэгорыя грамадзян мае маёмасную льготу пажыццёва? Пакуль сям'я лічыцца шматдзетнай — так. Але ў тым выпадку, калі сям'я страчвае статус шматдзетнай, яна аўтаматычна пазбаўляецца гэтай падатковай ільготы. Напрыклад, калі ў сям'і, дзе трое дзяцей, старэйшаму дзіцяці спаўняецца 18 гадоў.

Паводле падлікаў спецыялістаў, у нашай краіне дастаткова значная колькасць «актыўных» шматдзетных сем'яў. У гэтым годзе льготай на нерухомасць скарысталася каля 90 тысяч шматдзетных, а льготай па зямельным падатку — больш за 53 тысячы такіх сем'яў.

Што датычыцца фізічных асоб, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, то яны вызваляюцца ад аплаты падатку на нерухомасць у дачыненні да любога капітальнага будынка, які ім належыць. Пры гэтым уладальнікі павінны быць зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасці і працаваць там на прадпрыемствах аграрнай накіраванасці, медыкам, настаўнікам, ці ў іншай прафесіі сацыяльна значнай накіраванасці.

Сярэдні плацеж за зямлю — 17 рублёў

Зямельны падатак вылічваецца ў дачыненні да зямельных участкаў, якія прадастаўлены фізічным асобам на праве ўласнасці, праве пажыццёвага спадчыннага валодання, часовага карыстання і іншых. У якасці падатковай базы вылічэння гэтага падатку выступае кадастравы кошт зямельных участкаў, у асобных выпадках — плошча ўчастка, выдзеленага фізічнай асобе.

Стаўка зямельнага падатку вызначаецца ў залежнасці ад віду падатковай базы, якая ўжываецца пры вылічэнні гэтага падатку. Калі ў якасці падатковай базы ўжываецца кадастравы кошт зямельных участкаў, стаўка падатку складае 0,1 %. Пры вызначэнні зямельнага падатку зыходзячы з падат-
ковай базы ў памеры плошчы зямельнага ўчастка ў якасці стаўкі выступае фіксаваная сума, якая адрозніваецца ў залежнасці ад мэтавага выкарыстання такіх участкаў.

Ёсць асобная льгота і для плацельшчыкаў зямельнага падатку. Яны вызваляюцца ад аплаты зямельнага падатку па ўчастках, якія размешчаны на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зоне наступнага адсялення або ў зоне з правам на адсяленне.

Сярэдні памер падатку на нерухомасць, які быў прад'яўлены да аплаты фізічным асобам у 2020 годзе, склаў 41 рубель, а сярэдні памер зямельнага падатку склаў 17 рублёў (у сельскай мясцовасці — 8 рублёў). Дарэчы, сярэдні падатак на нерухомасць у гарадах трохі большы, чым сярэдні па краіне — ён роўны 67 рублям.

Па словах Кацярыны Зарэцкай, самая малалікая катэгорыя, якая вызваляецца ад зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, — гэта фізічныя асобы, якім належаць аб'екты, што з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, а таксама аб'екты нерухомасці, закансерваваныя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

У любым выпадку, падаткі невялікія і іх лепш заплаціць своечасова. За несвоечасовую аплату падатку на нерухомасць і зямельнага падатку прадугледжаны пеня за кожны дзень пратэрміноўкі і адміністрацыйны штраф.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.