Вы тут

Прывіды беларускіх муроў. Чорны сiлуэт на фоне лошыцкай поўнi


Праплывае белая постаць на фоне вясенняй квеценi... Праплывае цёмная постаць на фоне зыркай поўнi...

А што ёй, пазасветнай — як хоча, так i з'яўляецца... Яна i пры жыццi была такой — свавольнай ды летуценнай, як веснавая квецень, як павеў ветрыка...

Панна Ядвiга Любанская з Кяневiчаў.

Бо як жа ў нашым падарожжы па мiстычных камянiцах Беларусi абмiнуць мой улюбёны Мiнск? А дзе самае мiстычнае месца ў iм, як не Лошыца? Калiсьцi ўскраiна горада, сёння — звыклае месца шпацыраў гараджан...

Першая сядзiба была пабудавана тут яшчэ ў XV стагоддзi. Належала яна розным гаспадарам — князям Друцкiм-Горскiм, нашчадкам Усяслава Чарадзея, каралеўскаму генерал-ад'ютанту Станiславу Прушынскаму... Гасцявалi тут i апошнi кароль Рэчы Паспалiтай Станiслаў-Аўгуст Панятоўскi, i расiйскi iмператар Павел I. Натхнялi магутныя лошыцкiя дрэвы i кампазiтара Станiслава Манюшку, i пiсьменнiка Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча... Менавiта ў Лошыцы пад Менскам пасялiў Дунiн-Марцiнкевiч героя сваёй паэмы «Вечарнiцы». А ў канцы ХIХ стагоддзя сядзiба перайшла да сваяка Прушынскiх Яўстафiя Любанскага.

Паляванне на мядзведзя i на нявесту

Вось i наш герой... Пан Яўстафiй — чалавек адметны, грамадскi дзеяч. Быў у Мiнскiм таварыстве сельскай гаспадаркi, пiсаў даследаваннi па ёй, меў патачны завод i бровар, цiкавiўся развядзеннем раслiн — яшчэ б, у маёнтку Лошыца магчымасцяў для батанiка-аматара хапае. Коней разводзiў — нават атрымаў бронзавы медаль на мiнскай выстаўцы за жарабца ардэнскай пароды. А яшчэ захапляўся новым для нашых краёў спортам — роварным, зладзiў трэк i ўзначалiў Мiнскае таварыства раварыстаў, а таксама Мiнскае таварыства аматараў спорту. Засядаў у гарадской думе... Ну, вы ўжо зразумелi ступень занятасцi... Пры гэтым быў яшчэ i лiберал, выступаў за роўнасць нацыянальнасцяў. I кажуць, менавiта ён спансiраваў няўдалы замах на губернатара Курлова.

Дык вось, гiсторыя гэтая пачалася далёка ад Свiслачы i Лошы — на беразе Прыпяцi, у маёнтку Дарашэвiчы, якi належаў маршалку шляхты мазырскага павета Геранiму Кяневiчу, заснавальнiку фанернага бiзнесу i яшчэ шмат якiх прадпрыемстваў.

Пан Геранiм запрасiў важных гасцей на паляванне, а заадно вырашыць нейкiя дзелавыя пытаннi, асаблiва з графам Адамам Плятэрам, старшынёй Вiленскага зямельнага банка. Быў сярод важных паляўнiчых i пан Яўстафiй Любанскi, высокi, дужы брунет з чорнымi вусамi i бледным тварам. Жонка пана Кяневiча са свайго боку пастаралася таксама запрасiць маладых людзей у кампанiю да малодшай дачкi, чатырнаццацiгадовай Ядвiгi, якая толькi што вярнулася з Варшавы, дзе вучылася ў гiмназii. Ядвiга, Iся, як звалi яе дамашнiя, была харызматычная, не тое каб прыгажуня — але мiлая, баявiтая, з добрай адукацыяй… Брат Антон так згадваў яе ў мемуарах «На Палессi шмат гадоў таму»: «Я добра памятаю рухi яе рук у час ажыўленай дыскусii. Яна любiла прыбiрацца i заўсёды з вялiкiм густам апраналася».

Паляванне закончылася ўдала, забiлi вялiкага мядзведзя. Так што застолле атрымалася вясёлае. Iся сядзела побач з дваццацiпяцiгадовым панам Яўстафiем Любанскiм, i, нягледзячы на рознiцу ва ўзросце, завязала з iм вельмi энергiчную гутарку... Пан Яўстафiй быў зачараваны. I ў хуткiм часе зрабiў прапанову рукi i сэрца малодшай дачцэ маршалка мазырскага павета. Яго прапанову прынялi.

Хачу, як у Дарашэвiчах!

Я чытала, што шлюб спачатку меркаваўся няўдалы, бо стары муж, юная нявеста... Але Яўстафiй Любанскi нарадзiўся ў 1859-м, то бок на момант вянчання, якое з-за юнага ўзросту нявесты было перанесена на шэсць гадоў, на 1890-ты, меў трыццаць адзiн год, не такая ўжо старасць. А калi паненцы Iсi ў 1884 годзе было чатырнаццаць, значыць, яна пайшла замуж у дваццаць. Адзiнаццаць гадоў рознiцы — не крытычна...

Ядвiга запатрабавала ад
абраннiка, каб яго маёнтак у Мiнску выглядаў не горш, чым маёнтак яе бацькi ў Дарашэвiчах, i каб яна мела тыя ж выгоды...

Пан Яўстафiй з ахвотай пагадзiўся. Тым больш Лошыца — месца з незвычайнай энергетыкай, тут дзесяць тысяч гадоў таму спынiўся апошнi ляднiк... Знойдзены 32 вiды глебы. Расце ўсё, буяе... Вось i з'явiўся цудоўны парк з экзатычнымi дрэвамi, кветнiкi, у доме — калекцыя мастацкiх твораў, каштоўныя шпалеры, неверагодныя кафля i ляпнiна, тэрмiнова папаўнялася рэдкiмi выданнямi бiблiятэка — у Дарашэвiчах жа мелася бiблiятэка ў пяць тысяч каштоўных выданняў! З'явiлiся нават цалкам сучасныя вялiкая ванна i прыбiральня... Дый знешне —- калi паглядзець на старыя выявы сядзiбы ў Дарашэвiчах, яна вельмi падобная да сядзiбы ў Лошыцы. Яўстафiй Любанскi адмыслова перад вяселлем перабудаваў сваё ўладанне, арыентуючыся на дом Кяневiчаў. З'явiўся двухпавярховы цагляны корпус, парадны ганак з ажурнымi парэнчамi, прыгожыя аканiцы...

А яшчэ ў падарунак для Ядвiгi была выпiсана з Японii цудоўная раслiна — магнолiя кобус, або
маньчжурскi абрыкос, якая пачынае квiтнець штогод у адзiн час. Любанскi выкарыстаў тое, што гэты час прыпадаў на дзень народзiнаў панны Ядвiгi.

Дваццацiгадовая нявеста, выпускнiца Варшаўскай гiмназii, ужо мела досвед свецкай iльвiцы. У Мiнску яна працягнула тое ж жыццё — балi, дабрачынная дзейнасць, жаноцкiя камiтэты... Ядвiга стала фундатаркай бясплатнага радзiльнага прытулку.

Загадкавая трагедыя на беразе Свiслачы

Iшоў час, дзяцей у пары не з'яўлялася, а вось адносiны, здаецца, псавалiся. Ёсць вядомая фотакартка панi Ядвiгi: прыгажуня ва ўборы на ўсходнi манер, з высокай прычоскай на фоне вялiкага веера, якi мадэль какетлiва трымае за спiнай... Вядома, не абыходзiлася без куртуазных плётак. Каго толькi не прыпiсвалi ў палюбоўнiкi панi Любанскай! I графа Чапскага, i губернатара Мусiна-Пушкiна — найбольш час-
тая версiя... Зрэшты, чула меркаванне ад таго-сяго з гiсторыкаў, што наўрад цi гэта быў губернатар — усё-ткi старэйшы за мужа панi... Былi чуткi i пра баль 1905 года ў гонар дня народзiнаў панi Ядвiгi, на якiм нiбыта яна i прыняла нечыя заляцаннi, i дала падставу для рэўнасцi...

А праз два месяцы пасля таго балю здарылася трагедыя.

Панi Ядвiга Любанская, якая напярэдаднi была дужа знерваваная, ноччу выйшла са свайго Лошыцкага маёнтка, спусцiлася па сцяжынцы з крутога берага да Свiслачы, здаецца, села ў човен... Хацела сплысцi? З кiмсьцi сустрэцца? Проста на нейкi час адасобiцца? Цi... звесцi рахункi з жыццём? I цi не спускаўся за панi па той крутой сцежцы яе муж?

Цела панi Ядвiгi знайшлi ранiцай на беразе.

Вядома, чуткi папаўзлi адразу. Пра забойства з рэўнасцi версiя ходзiць дасюль.

Брат Ядвiгi Антон згадваў, што ў дзень пахавання здарылася страшная навальнiца, бiлi маланкi, у Лошыцкiм парку валiлiся дрэвы.

Яўстафiй Любанскi, па водгуках сучаснiкаў, быў зусiм зламаны гэтай трагедыяй, ад якой так i не адышоў. Ён загадаў забальзамаваць цела жонкi i ў свiнцовай труне змясцiць у каплiцу там жа, у Лошыцы.

Чамусьцi загадаў закласцi цэглай акно ў пакоi памерлай.

Сам жа ў 1912 годзе перадаў кiраванне маёнткам i з'ехаў на Каўказ... Там нiбыта i знiк.

З iншага боку, знаходзiм звесткi, што ў 1906 годзе ўдовы Любанскi быў абраны ў Дзяржаўную думу ад Мiнскай губернi, працаваў у бюджэтнай камiсii... У 1909-м прадстаўляе Мiнскi павет у губернскiм камiтэце па справах земскай гаспадаркi... А ў 1915-м нiбыта яго iмя ўсплывае ў Мiнскiм таварыстве сельскай гаспадаркi — праўда, су-
мнеўна, што ён асабiста прыязджаў сюды ў часы ваеннай навалы.

Не глядзi на поўню, мiнак!

А ў Лошыцы спакою не было... Пасля рэвалюцыi нейкi час там размяшчалася ГПУ, стралялi ворагаў рэвалюцыi, працавала дыверсiйная школа... У 1935-м каплiцу, дзе захоўвалася цела панi Ядвiгi Любанскай, узарвалi, а свiнцовую труну адправiлi на пераплаўку для акумулятараў машынна-трактарнай станцыi.

Вядома, пайшлi чуткi пра прывiд панi, якая i памерла трагiчна, i пасля смерцi спакою не знайшла... Лошыца i так мае багата страшных легенд — i нячысцiкi на вадзяным млыне, i русалкi ў Свiслачы...

А вось калi цвiце маньчжурскi абрыкос, ён жа магнолiя кобус, у Лошыцкiм парку на фоне поўнi з дзесяцi да адзiнаццацi вечара нiбыта можна разгледзець выразны сiлуэт жанчыны. Бачылi ў гэты ж час жаночы сiлуэт у шырокiх белых адзежах i ў Лошыцкiм парку, пад дрэвам. I над вадой лунае яна часам, палохаючы выпадковых сведак.

Сёння ў Лошыцкiм парку ёсць што паглядзець... Можна зайсцi ў адноўлены сядзiбны дом, паблукаць па прысадах... Ну а ўвесну палюбавацца на цвiценне магнолii кобус. I ўспомнiць былых гаспадароў гэтага месца, якiя марылi, спадзявалiся, упрыгожвалi гэтыя мясцiны, i штосьцi з iх плёну засталося ў спадчыну нам.

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.