Вы тут

Пошук сексуальнай ідэнтычнасці, булінг і Халакост. Што цікавіць сучасную падлеткавую літаратуру?


У культурным цэнтры «Корпус» 27—28 лістапада адбыўся фестываль падлеткавай і young adult літаратуры. За два дні наведвальнікі «Корпуса» пабачылі спектаклі, паўдзельнічалі ў інтэрактыўных гульнях і паслухалі лекцыі. Свята арганізавалі каманды фестываля інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» і праекта «ЗаЧтение».


Фота Яна Хведчына.

Увогуле, што такое young adult літаратура? Калі перакладаць даслоўна, то атрымаецца «літаратура для маладых дарослых». Строгага абазначэння тэрміну, калі гэтая «маладая даросласць» заканчваецца, — няма. Некаторые даследчыкі вылучаюць час паміж дваццаццю і дваццаццю адным годам. А вось арганізатары «YA (Я)»-фэсту запрашалі і тых чытачоў, якім зараз па дваццаць пяць гадоў. У young adult літаратуры адсутнічае жорсткая жанравая і ўзроставая градацыя, што дазваляе і пісьменнікам, і чытачам адчуваць сябе вольна.

На фестываль запрасілі маладых і вельмі цікавых спікераў. Адкрыўся фэст лекцыяй мастацтвазнаўца Мікіты Моніча аб кнігах па гісторыі мастацтва. Лектар расказаў аб літаратуры, якая падрыхтуе вас да наведвання музея: для гэтага трэба прачытаць кнігу Ондржэя Хробака, Расціслава Карычанека і Марціна Ванека «Як арганізаваны музей». Мікіта падкрэсліў, што беларускія музеі, на жаль, «зусім не frіеndly» да непадрыхтаваных гледачоў. Але для таго каб навучыцца ўспрымаць і разумець мастацтва, трэба рэгулярна з ім знаёміцца: «хадзіць на Ноч музеяў раз у год — гэта як мыцца толькі на Вялікдзень: вельмі карысна, але недастаткова», — падсумаваў мастацтвазнавец.

Вельмі карыснай для ўсведамлення, што такое young adult літаратура, аказалася лекцыя Анастасіі Васілевіч «Драматургія для падлеткаў». Новая драма ставіць пытанні вельмі востра і адкрыта. Гэта датычыцца тэм і хатняга гвалту, і фемінізму, і экалагічнага стану планеты. Сучасная падлеткавая драматургія размаўляе з намі амаль такой жа рэзкай, максімальна набліжанай да рэчаіснасці мовай. Але тэмы, якія яна ўздымае, цікавыя як дзецям, так і дарослым. Падчас лекцыі Анастасія Васілевіч вылучыла падлеткавы гвалт, пошук сексуальнай, прафесійнай, сацыяльнай ідэнтычнасці, пытанні жыцця і смерці, сталенне як асноўныя тэмы падлеткавай драматургіі.

Падчас «YA (Я)»-фэсту можна было паўдзельнічаць у інтэрактыўнай віктарыне «О, Караткевіч», каб ацаніць уласнае веданне творчасці пісьменніка. Студыя дзіцячай мультыплікацыі «Энфіс» правяла майстар-клас па стварэнні пластылінавага мультфільма. У анімацыйнай тэхніцы, якая называецца «пластылінавая перакладка» і ў якой спрабавалі працаваць удзельнікі, быў створаны знакаміты мультфільм «Пластылінавая варона». Былі і спектаклі: тэатр лялек, святла і ценю «Дом Сонца» прадставіў пастаноўку паводле кнігі Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча».

Фестываль зацікавіў наведвальнікаў самых розных узростаў. Арганізатары і спікеры паказалі, што сучасная падлеткавая літаратура мае вялікі тэматычны спектр, пачынаючы інтэрнэт-булінгам і заканчваючы Халакостам. А дзіцячая кніга — гэта, па сутнасці, складаны твор мастацтва: над ёй працуе не толькі аўтар, але і мастак. Атрымліваецца тандэм, дзе аднаго творцу немагчыма ўявіць без іншага. Добры прыклад — серыя кніг аб прыгодах Мамы Му і яе сябра Крумкача.

Спадзяёмся, што ў наступным годзе «YA (Я)»-фэст вернецца з новай праграмай.

Арына КАРПОВІЧ


Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.