Вы тут

Які сучасны стан беларускага краязнаўства?


Даследчыкі з усіх куткоў краіны аб’ядналіся ў жаданні адлюстраваць агульны гістарычны партрэт нашай Бацькаўшчыны


Вынiкi не толькi 2020 года, але як мiнiмум усяго трохгоддзя Года малой Радзiмы ў галiне беларускага краязнаўства падсумоўвае выданне «Першы Рэспублiканскi краязнаўчы форум Беларусi ў рамках Года малой радзiмы: зборнiк матэрыялаў», якое толькi што пабачыла свет у межах супрацоўнiцтва Нацыянальнага гiстарычнага музея i Беларускага фонду культуры.

На старонках двухтомнага выдання выступiлi 252 аўтары: гiсторыкi, лiтаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, музейныя работнiкi, бiблiятэкары, журналiсты, школьныя настаўнiкi, экскурсаводы... Дарэчы, варта было б разгледзець нават з сацыялагiчнага пункту гледжання, як даследчыкаў цiкавiць краязнаўства. Пра што матэрыялы, сабраныя пад адной вокладкай? Тэматычна яны падзелены па секцыях згодна з праграмай форуму: «Краязнаўства ў сiстэме навукова-даследчай работы»; «Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыi»; «Асоба ў краязнаўстве: з гiсторыi бiяграфiй беларускiх краязнаўцаў»; «Экалагiчнае краязнаўства i турыстычная дзейнасць». Асобна вылучаны секцыя «Студэнцкая канферэнцыя «Моладзь i краязнаўства» i канферэнцыя школьнiкаў «Пазашкольнае краязнаўства: вопыт рэгiёнаў». На пленарным пасяджэннi выступiлi з дакладамi: старшыня Беларускага фонду культуры Т. Стружэцкi («Краязнаўства ў Беларусi: здабыткi, праблемы i перспектывы развiцця»), кандыдат гiстарычных навук В. В. Данiловiч («Дзейнасць Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi па даследваннi i папулярызацыi рэгiянальнай гiсторыка-культурнай спадчыны»), А. Я. Кравец («Арганiзацыя краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыi Рэспублiкi Беларусь»).

Неабходна нагадаць, што да арганiзацыi краязнаўчага форуму спрычынiлiся органы дзяржаўнага кiравання краiны —  мiнiстэрствы iнфармацыi, культуры, адукацыi. Менавiта такое партнёрства паўплывала i на тэматычны «парадак дня» форума, склад яго ўдзельнiкаў, у значнай ступенi —  на характар, тэматычныя абсягi выступленняў.

Адметна, што, як вынiкае са старонак зборнiка матэрыялаў, удзельнiкi форуму звярнулiся i да памяцi, i да вопыту папярэднiкаў у краязнаўчай працы. Неаднойчы гучаць iмёны доктара гiстарычных навук Мiкалая Улашчыка, доктара гiстарычных навук, былога дырэктара Мiнскага абласнога краязнаўчага музея Генадзя Каханоўскага, школьных настаўнiкаў —  арганiзатараў краязнаўчай работы ў розных рэгiёнах Беларусi Алеся Белакоза, Вiктара Арлова, Рыгора Родчанкi, Iвана Шавеля...

Даклады, выступленнi, змешчаныя ў зборнiку, цiкавыя яшчэ i таму, што з iх вынiкае безлiч сур'ёзных задач, якiя трэба вырашыць у айчынным краязнаўстве ў найблiжэйшыя дзесяцiгоддзi i нават у найблiжэйшыя гады. Праўда, наклад двухтомнага выдання —  толькi 140 экзэмпляраў.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.