Вы тут

Кіраўнік гаспадаркі: Неабходна ўзводзіць будучыню на тым, што ўжо ёсць, рухацца наперад, удасканальвацца


Кіраўніком трэба нарадзіцца, кажуць адны. Кіраўніком становяцца ў працэсе работы, набываючы прафесійны вопыт, сцвярджаюць іншыя. Яшчэ не нарадзіўся той чалавек, які б усё ведаў, лічыць дырэктар сельскагаспадарчага філіяла «Клецкі» ААТ «Слуцкі сыраробны завод» Аляксандр Пляшэвіч. «Чым больш пачынаеш унікаць у нейкую справу, капаць глыбей, тым больш разумееш, што шмат чаму трэба вучыцца. Я да гэтага часу атрымліваю інфармацыю з інтэрнэту, іншых крыніц, са зносін з калегамі», — кажа ён.


Аляксандр Пляшэвіч закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, прайшоў розныя прыступкі службовай лесвіцы. Працаваў аграномам, намеснікам начальніка па раслінаводстве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у камітэце сельскай гаспадаркі і харчавання Мінаблвыканкама. Калі яго бацька, кіраўнік гаспадаркі, сышоў на заслужаны адпачынак, сын папрасіўся на яго месца. І вось ужо пяць гадоў узначальвае сельгасарганізацыю. Дарэчы, ён нарадзіўся тут, у Клецкім раёне, у вёсцы Сякерычы. Рашэнне пераехаць на малую радзіму, як і выбар прафесіі, былі не імгненныя. З дзяцінства ён звыклы да сялянскай працы. Даводзілася і сена нарыхтоўваць, і бульбу садзіць ды выкопваць, і сеяць, і араць, і свойскую жывёлу даглядаць. Нават карову даіў уручную, а калі стажыраваўся ў Германіі, навучыўся даіць рагуль апаратам.

— Мне хацелася прыносіць карысць роднай вёсцы, малой радзіме, землякам, — кажа мой суразмоўнік.

І гэта яму ўдалося. СФ «Клецкі» — адна з найлепшых гаспадарак раёна. Тут займаюцца вытворчасцю малака, раслінаводствам, вырошчваннем яблыкаў і ягад. Апошнім часам актыўна абнаўляецца яблыневы сад, толькі за апошнія чатыры гады пасаджана 90 гектараў яблынь і шэсць гектараў буякоў. Сёлета ў гаспадарцы чакаюць першых вынікаў, таму што цана на гэтыя ягады добрая, і яны карыстаюцца попытам. Для захавання пладоў і ягад пабудаваны два сховішчы. Паралельна вядзецца раскарчоўка старога саду. «Калі пяць гадоў таму я прыйшоў у гаспадарку, тут былі плантацыі 50—60-х гадоў мінулага стагоддзя. Яны не прыносілі якаснага ўраджаю, а толькі займалі плошчу. Вызваленыя 350 гектараў зямлі прыцягнулі ў кармавы севазварот, што дазволіла за апошнія пяць гадоў павялічыць аб'ёмы нарыхтоўкі сіласу, сенажу і забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі. Сёлета амаль удвая павялічылі плошчы пад рапс. Менавіта гэтая культура вырашае праблему бялку для жывёлы. Значную ўвагу аддаём вытворчасці камбікармоў. ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» набыў перасоўны млын, якім па чарзе карыстаюцца гаспадаркі, што сюды ўваходзяць. Гэта на 5 % змяншае сабекошт малака».

Грамадскі статак налічвае 3568 галоў, у тым ліку 1306 кароў. Сярэдні надой на карову летась — 7187 кілаграмаў малака, на 35 кілаграмаў больш, чым у пазамінулым годзе. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі да ўзроўню 2019-га павялічылася на 114 %.

У 2017 годзе пачалі рэканструкцыю малочнатаварнай фермы Палаўковічы з будаўніцтвам кароўніка і даільнай залы, а таксама рэканструкцыю двух старых кароўнікаў. У кастрычніку 2020-га закончылі рэканструкцыю аднаго з іх. Другі плануюць завяршыць у 2021-м. Гэта дазволіць павялічыць статак на 300 кароў, а вытворчасць малака — на 1950 тон, выручку ад рэалізацыі малака на 1230 тысяч рублёў. Пастаянна набываецца новая тэхніка. Куплены раскідвальнік мінеральных угнаенняў, мікрааўтобус, тры аўтамашыны МАЗ, самазвал грузападымальнасцю 20 тон, здрабняльнік-змяшальнік кармоў, сеялка, два малочныя таксі і іншае.

— Аляксандр Іванавіч, бытуе думка, што нам непатрэбныя буйныя сельгасарганізацыі, яны неэфектыўныя. Маўляў, фермеры цалкам могуць накарміць людзей. Разам з тым, мяркуючы па паказчыках вашай гаспадаркі, яна развіваецца, рухаецца наперад.

— Давайце разважаць лагічна. Дапусцім, будуецца вялікі комплекс, для забеспячэння яго электрычнасцю дастаткова аднаго трансфарматара, гноепрыбіральшчыка і так далей. Ды і ўся тэхніка сканцэнтравана ў адным месцы. Колькасць людзей для абслугоўвання комплексу меншая, а зарплата ў іх большая. Таму я, наадварот, прыхільнік буйной вытворчасці. Лічу, што дробныя фермы трэба ўзбуйняць. Гэтак жа і ў раслінаводстве. Энерганасычаную тэхніку абслугоўваюць, напрыклад, два чалавекі, а зрабіць на ёй могуць значна больш. Цяпер мы аснасцілі яе сістэмай падрульвання, навігацыі, кантролю паліва, што ўплывае на якасць работ. Паступова пераходзім на лічбавізацыю. Камп'ютар будзе цалкам кантраляваць, дзе на полі ўнеслі ўгнаенне, ход сеялкі па адной каляіне. Лічбавізацыя закранула і бухгалтэрыю, дзе сканцэнтравана ўся інфармацыя, вынікі работы, справаздачы. За лічбавізацыяй будучыня. Дэмаграфічная сітуацыя пагаршаецца, колькасць сельскага насельніцтва змяншаецца. Менавіта пра лічбавізацыю народнай гаспадаркі, у тым ліку і аграрнага сектара, шмат гаварылася на Усебеларускім народным сходзе. Гэты кірунак прадугледжваюць і асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021—2025 гады.

Як дэлегат сходу, я ўважліва выслухаў даклад Прэзідэнта, выступленні яго ўдзельнікаў. І лічу, што ў сельскай гаспадарцы выбраны правільны, узважаны кірунак. Нельга ламаць тое, што створана працай многіх пакаленняў. Неабходна ўзводзіць будучыню на тым, што ўжо ёсць, рухацца наперад, удасканальвацца.

— Цяпер, калі ўзровень вытворчасці іншы, на змену прыйшлі і прыходзяць новыя сучасныя тэхналогіі. Патрэбны высокапрафесійныя кадры, якія маглі б працаваць на новай тэхніцы.

— Навучыць простага механізатара новаму можна хутка і без значных затрат. Было б жаданне. Накіраваць на курсы, запрасіць адпаведна спецыяліста на месца... Мы ў гэтым кірунку працуем увесь час, запрашаем вучоных, кансультантаў.

Гаспадарка практычна ўкамплектаваная кадрамі, цякучка нязначная. Адна з прычын — выгаднае геаграфічнае становішча, сельгасарганізацыя знаходзіцца непадалёку ад райцэнтра. Акрамя таго, спецыялістаў і работнікаў прыцягваюць жыллём, дастойнымі зарплатамі. У калектыве дзейнічае ўзаемазамяняльнасць, каб у чалавека быў выхадны.
А калі такіх дзён не выпадае ў сезон сельскагаспадарчых кампаній, то работнікам плацяць за іх у двайным памеры.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.