Вы тут

Конкурс дапамог паверыць у свае сілы


У межах XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбылося падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу LitUP, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.


Сертыфікат на выданне кнігі ўручаецца Кацярыне Залескай. Фота Наталі Купрэвіч.

Спаборніцтва LitUP мела мэтай пошук і падтрымку новых перспектыўных беларускіх аўтараў і праектаў. Удзельнікі павінны былі дасылаць свае творы ў намінацыях «Паэзія», «Проза», «Дзіцячая літаратура», «Літаратура для падлеткаў», «Нонфікшн». На разгляд журы аўтары мусілі прадставіць не менш ад 25 працэнтаў аб’ёму будучага рукапісу. Далей праекты ацэньвалі за мастацкае майстэрства і самабытнасць аўтарскага стылю, актуальнасць і навізну выбранай тэмы, моўнае майстэрства, сучасны падыход да падачы матэрыялу. Журы павінна было абраць аўтарскія праекты, якія маглі рэалізавацца кнігай.

Цырымонію ўзнагароджання пераможцаў адкрыў прывітальным словам начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч:

— Рады павіншаваць з працягам новай для нас справы. За месяц прыёму паступіла больш чым 200 заявак. Прычым шмат іх з рэгіёнаў, нямала выйшла і ў фінал. Мяркую, сённяшняя падзея дасць больш нагод сустракацца кнігавыдаўцам.

Дырэктар — галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» Аляксандр Карлюкевіч адзначыў:

— Прыемна прысутнічаць у журы такога конкурсу, які ў многім арыгінальны і для Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, і ўвогуле для кнігавыдавецкай прасторы. Хацелася зазірнуць ва ўсе творы, пазнаёміцца і з тымі часткамі расповеду, якія не былі анансаваныя. Многае з прадстаўленага ўразіла. Адметна і тое, што адбылося знаёмства з творамі і вядомых пісьменнікаў… Упэўнены: «Звязда» зможа стаць выдаўцом некаторых з кніг, прадстаўленых на конкурс.

У журы конкурсу працавалі найперш не пісьменнікі, а выдаўцы — тыя, хто зацікаўлены ў арыгінальных рукапісах, хто будзе рухаць кніжку да чытача.

Па словах прадстаўнікоў журы, іх прыемна ўразіла колькасць удзельнікаў. Усяго ў фінал прайшлі 16 найлепшых праектаў. На ўрачыстасць, што адбылася ў межах XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, былі запрошаны і аўтары, якія самі прадстаўлялі свае праекты, расказвалі пра тое, чым іх кніжка можа зацікавіць чытача. Так, адзін з праектаў — анімацыйную казку-комікс з элементамі дапоўненай рэальнасці — прадставіў салдат тэрміновай службы Станіслаў Сабалеўскі. Падобных яму аўтараў — крэатыўных, таленавітых, смелых, гатовых да пошуку і здзяйсненняў, — было большасць.

Пераможцамі конкурсу сталі сем творцаў, чые праекты адразу і ўключылі ў свае найбліжэйшыя планы сталічныя выдавецтвы. Адну з самых нечаканых тэм закранула Людміла Адзінцова з Мінска Дар'я Нейжмак, дзіцячы ілюстратар і аўтар кніг для дзяцей. Яна прадставіла на конкурс праект выдання пад назвай «Мая комплексная сястра». Расповед ідзе пра з’явы ў вышэйшай матэматыцы. Задумай аўтара было паказаць дзіцяці, што матэматыка — не сумная, не «страшная» дысцыпліна, што яна можа ўсё патлумачыць. І, вядома ж, аўтар імкнулася матываваць школьнікаў да вывучэння гэтага прадмета. Твор Людмілы Адзінцовай, як плануецца, пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Былі сярод пераможцаў і пачынаючыя пісьменнікі. «Хачу, каб мае кнігі дапамагалі людзям паверыць у сябе», — пазначыла аб сваім праекце Дар'я Нейжмак, дзевятнаццацігадовая студэнтка з Мінска, якая даследуе праблемы падлеткаў. Яшчэ нядаўна прадстаўнік гэтай узроставай катэгорыі, яна на ўласным досведзе зведала непаразуменне аднагодкаў і пачуццё адзіноты, таму праз сваю кніжку спрабуе дапамагчы тым юнакам і дзяўчатам, хто пакутуе ад кпінаў і перажывае праз уласную неадпаведнасць гэтаму свету — уяўную, зразумела.

— Я хацела, каб тыя, каму складана, усведамлялі: у іх ёсць сябар, які разумее і падтрымлівае! Палёгку прыносіць не дасведчанасць, а веданне, што побач ёсць той, каму твае праблемы блізкія, — распавядала Дар’я. — У рукапісе маёй будучай кнігі «Якога колеру снег» адлюстроўваюцца дзве праблемы: страх адзіноты і ўнікальнасць кожнага з нас. Многія падлеткі разважаюць: «Я адрозніваюся ад іншых. Гэта кепска. Лепей бы быў як усе». Але на самай справе менавіта наша ўнікальнасць робіць нас асаблівымі. Лепш знайсці хаця б некалькіх сяброў, якія будуць цябе разумець, чым зліцца з натоўпам. Бо ў натоўпе ўсе адзінокія. Мой расповед — пра сучаснага падлетка, які сам-насам змагаецца з падобнымі праблемамі.

Выданне будзе актуальным і для бацькоў, якія даведаюцца, пра што маўчыць іх дзіця. З рукапісам Дар’і Нейжмак, як плануецца, будзе працаваць выдавецтва «Народная асвета». Акрамя таго, выдавецтва абрала для ажыццяўлення і праект Людмілы Кебіч. Яе твор «Дзе схавана шакаладка» зацікавіць дзяцей і іх бацькоў.

Кацярына Залеская прэзентавала праект для дзяцей «Зузачка by», які таксама папоўніў шэраг фіналістаў. Адметна, што над праектам аўтар і маладая маці працуе на працягу некалькіх гадоў, пастаянна праводзіць прэзентацыі ў дзіцячых аўдыторыях і адначасова робіць высновы: што цікава найперш і якому ўзросту, як дзеці розных гадоў рэагуюць на казкі. «Гэта серыя пазнавальна-забаўляльных выданняў для дзяцей. Праект складаны тым, што кніга з’яўляецца толькі яго часткай, і, мусіць, каб не конкурс LitUP, то не так хутка змаглі б яго рэалізаваць», — выказала ўдзячнасць Кацярына Залеская падчас узнагароджання.

Спецыяліст выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская адзначыла, чаму яны выбралі для ажыццяўлення задуму Кацярыны Залескай: «Захапіла найперш тое, што гэта будзе праект: Зузачка будзе шмат вандраваць па Беларусі, а юныя чытачы змогуць знаёміцца з краінай праз яе расповеды і ўсё пабачаць яе вачыма. Акрамя таго, Зузачка будзе вучыцца, вывучаць мовы, а потым раскажа дзецям іншых краін пра нашу Беларусь. Кніга займее мець не толькі пазнавальнае, але і выхаваўчае значэнне.

Адзін з самых цікавых праектаў прэзентавала Іна Зарэцкая з Гомеля, ужо вядомая шырокаму колу чытачоў. Піша яна вясёлыя казкі, але прадстаўлены на конкурс рукапіс вясёлым назваць нельга. Гэта хутчэй — папярэджанне. Аўтар — шматдзетная мама, вельмі заклапочаная страшнай статыстыкай гібелі дзяцей па неасцярожнасці. Кніга, праект якой пісьменніца прадставіла на конкурс — «Я буду выратавальнікам», — запатрабавана жыццём. Галоўны герой — школьнік Дзіма, сын выратавальніка. У канву расповеду арганічна ўплятаюцца шматлікія дыялогі: Дзіма расказвае сваім сябрам пра небяспечныя выпадкі з жыцця, пачутыя ад бацькі, сведкам якіх той бывае штодзённа па абавязку службы. Гэта спроба сказаць дзецям пра вынікі неабдуманых учынкаў, зберагчы ад бяды. Выданне можа стаць добрым дапаўненнем да ўрока «Асновы бяспекі жыццядзейнасці».

Аляксандр Піскуноў працуе не ў самым папулярным жанры: яго кнігі прысвечаны паляванню і рыбалцы, а таксама халоднай зброі. «Я палюбіў прыроду праз дзіцячыя кнігі. І пісаць пачынаў з апавяданняў аб прыродзе: знаёміў дзяцей з асаблівасцямі жыцця птушак і звяроў. Хоць гэта былі і казкі, але заснаваныя на назіраннях за жывёламі: як тыя сябе паводзяць, якія ў іх радасці, у чым складанасці. Аднойчы ўбачыў, як чайкі ў парку на ляту ловяць хрушчоў — гэта было для мяне адкрыццём, не мог не напісаць і пра гэта. Ёсць расповеды пра самых разумных, самых хітрых і самых таварыскіх птушак (дарэчы, гэта вароны). А мэта была адна: каб дзеці больш ведалі і любілі прыроду», — распавядаў аб праекце новай кнігі аўтар.

Удзельнічалі ў праекце і супрацоўнікі лабараторыі тэрыялогіі Акадэміі навук Беларусі. На прэзентацыі быў прадстаўлены праект будучай энцыклапедыі. Выданне пазнаёміць чытачоў з тэрыяфаўнай — гэта тэрыторыі, дзе пражываюць млекакормячыя. Чаму выбралі менавіта такую тэму? Сучасныя школьнікі, якія шмат часу праводзяць перад экранамі камп’ютараў і гаджэтаў, асабліва ўраджэнцы гарадоў, слаба арыентуюцца ў разнастайнасці жывёл, якія насяляюць айчынныя лясы, палі і іншыя прыродныя комплексы. Млекакормячых у Беларусі больш за 80 відаў. Інфармацыя пра іх актуальная, з цікавымі фактамі і фотаздымкамі. У «Энцыклапедыі» інфармацыя будзе структуравана па атрадах жывёл. Праектам зацікавілася «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Лабараторыя тэрыялогіі НАН Беларусі атрымала сертыфікат на выданне атласа-энцыклапедыі.

Юрый Максіменка, аўтар наступнага цікавага праекта, — супрацоўнік Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Адпаведна, ідэя яго звязана з навукай і тэхнікай: ён глыбей знаёміць з рэчамі, якімі часта карыстаюцца ў побыце: тэлевізарам, тэлефонам, радыё, халадзільнікам і падобным. Аўтар распавядае пра іх зразумелай мовай, прыводзіць факты, каб дзецям было цікава. У аснове расповедаў — казкі. Візуалізаваныя, яны размешчаны на электронным партале бібліятэкі. Тэма казак пра рэчы заўжды актуальная — навука пастаянна развіваецца, у выніку чаго з’яўляюцца вынаходніцтвы, а на іх аснове — новыя рэчы, і трэба распавядаць пра іх дзецям так, каб яны зразумелі.

Вядомая шырокаму колу чытачоў Зінаіда Дудзюк прэзентавала на імпрэзе гістарычны раман «Хата для адзінай». Ахоплівае ён ХХ стагоддзе, ад самага пачатку, падзеі адбываюцца на Гомельшчыне. Галоўны герой — малады чалавек, які вяртаецца дадому з імперыялістычнай вайны… Распавядаецца ў будучай кнізе не толькі пра яго жыццё, але і пра ваенныя падзеі. Твор пабудаваны на рэальных здарэннях, успамінах удзельнікаў калектывізацыі і іншых драматычных падзей той эпохі. Пісьменніца працавала і ў архівах, каб узнавіць рэальную гістарычную канву ХХ стагоддзя. Жанр твора — жаночы раман, пакуль яшчэ рэдкі для айчыннай літаратуры. Магчыма, кніга пабачыць свет у родным горадзе пісьменніцы — Брэсце.

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» і сябар журы Аляксандр Бадак адзначыў, што сярод конкурсных работ вельмі шмат унікальных, перспектыўных праектаў, цікавых і выдаўцам, і чытачам. «Яны не будуць ляжаць у архіве, спецыялісты вывучаць матэрыял і будуць з ім працаваць. Бо ўсе праекты, прадстаўленыя на конкурс, маюць права на рух да чытача і ажыццяўленне», — зазначыў ён.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.