Вы тут

У суботу — да плюс 15, а ў аўторак — наогул да 17 цяпла


Сапраўдная метэаралагічная вясна надыходзіць у той час, калі сярэднесутачныя тэмпературы ўстойліва трымаюцца вышэй за нуль. Ужо больш за тры дні гаспадаром надвор'я ў нашай краіне з'яўляецца вобласць павышанага атмасфернага ціску. Ва ўмовах малавоблачнага надвор'я яркае сонца ўсё больш прагравае прыземнае паветра, а таму ўдзень устойліва цёпла. Да канца тыдня стане яшчэ цяплей, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Ясна і сонечна чакаецца ў суботу. У гэты дзень тэрыторыя краіны будзе знаходзіцца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску, паветраная маса, якая паступае з Заходняй Еўропы, будзе яшчэ больш цёплай. Істотных ападкаў не чакаецца. Уначы і раніцай у нізінах і паблізу вадаёмаў — слабыя туманы. Вецер паўднёвы, паўднёва-ўсходні ад слабага да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 градусаў да 5 цяпла. Удзень будзе плюс 8—15 градусаў.

Сітуацыю з цяплом злёгку сапсуе паўночны вецер у нядзелю. Справа ў тым, што на надвор'е ў Беларусі пачнуць дзейнічаць франтальныя падзелы ад скандынаўскага цыклону.
Павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны дзе-нідзе могуць узнікаць слабыя туманы. Вецер умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 5 градусаў. Удзень будзе 4—11 цяпла.

Не зусім камфортна з надвор'ем будзе і ў панядзелак. Яго сфарміруе няўстойлівая ўмерана цёплая паветраная маса, якая паступае з Заходняй Еўропы. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным у выглядзе дажджу. Уначы і раніцай прагназуюцца слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні, паўднёва-заходні слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 3 марозу да плюс 4 градусаў. Удзень будзе 5—12 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у аўторак і сераду наша краіна апынецца пад уплывам атмасферных франтоў і вільготных няўстойлівых цёплых паветраных мас атлантычнага паходжання. У многіх рэгіёнах краіны пройдуць дажджы, а тэмпература паветра чакаецца ўначы ад 3 да 10 цяпла, у сярэдзіне дня — плюс 7—14 градусаў, па паўднёвым захадзе краіны — 15—17 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.