Вы тут

СУПЕРмаці. Якая яна?


Гартаю стужку свайго «Інстаграма» ў інтэрнэце і прыходжу да высновы, што сярод маіх віртуальных сябровак — амаль адны супермаці. Здаецца, яны без праблем выхоўваюць дзяцей, паспяхова рэалізоўваюць свае амбіцыі на рабоце, ствараюць утульную абстаноўку ў доме, гатуюць не горш, чым у рэстаране, знаходзяць час на тое, каб быць прыгожымі, і нават паспяваюць адпачыць. Ім можна толькі пазайздросціць, а лепш — у іх павучыцца, як, нягледзячы на жаноцкі і мацярынскі клопат, атрымліваць асалоду ад жыцця.


pixabay.com

Дзіяна — сапраўдная бізнесвумен. Яна знаходзіцца ў дэкрэце, але добра ведае, як зарабляць грошы дыстанцыйна. Таксама маці двух дзетак вядзе папулярны блог, у якім прапагандуе здаровы спосаб жыцця, дзеліцца ўласнымі сакрэтамі прыгажосці. Яна шмат расказвае пра сваю сям'ю, паказвае, чым займаюцца яе дзеці, што яны ядуць, апранаюць. Пасля прагляду фотаздымкаў і відэагісторый усплывае карцінка шчаслівай, паспяховай сям'і, дзе пануюць цеплыня, згода і ўзаемаразуменне.

У адрозненне ад Дзіяны, Ганна выхоўвае сваю дачушку адна. Аднак адсутнасць мужа ніколькі не псуе яе вобраз супермаці. Акрамя таго, што Ганна шмат часу аддае прафесіі (дзяўчына — ваенны журналіст), яна піша кнігі, якія паспяхова выдаюцца і збіраюць падчас прэзентацый немалую аўдыторыю. Журналістка таксама выступае за здаровы спосаб жыцця: на яе старонцы шмат фота- і відэасюжэтаў з танцавальнай школы і трэнажорнай залы, дзе маладая маці даводзіць да ладу і без таго добрую фігуру. Не забываецца Ганна і пра дачку: пацешна паглядзець, як яны з малой пякуць блінцы, робяць генеральную прыборку ў кватэры, складаюць мазаіку, малююць, чытаюць дзіцячую літаратуру.

Таня, маці Ромкі, — адна з найбольш запатрабаваных мінскіх цырульніц. Каб запісацца да яе на прычоску, трэба патэлефанаваць за паўгода, а можа, нават і раней. Амаль усе нявесты сталіцы хочуць, каб у самы важны для дзяўчат дзень менавіта яна рабіла іх прыгожымі. Іншыя ж, хто таксама мае дачыненне да гэтай сферы, хочуць, каб яна навучыла іх цырульніцкаму майстэрству — невыпадкова Таня адкрыла яшчэ і курсы павышэння кваліфікацыі. Калі яна займаецца сваім сынам? Гэта застаецца па-за кадрам, але на рэдкіх фотаздымках малы выглядае дагледжаным, не абдзеленым цацкамі і ўвагай бацькоў — адным словам, шчаслівым дзіцем.

У Лены, здаецца, часу хапае на ўсё. Кожны дзень маладая маці наводзіць у кватэры парадак, бо яе дзесяцімесячны сынок — алергік, корміць мужа шыкоўнымі і, напэўна, вельмі смачнымі стравамі. Нягледзчы на тое, што Максім — грудны, не забываецца і пра сябе: робіць манікюр, часта наводзіць марафет у цырульніка, удасканальвае фігуру ў спартыўнай зале. Разам з малым яны з мужам ходзяць у крамы, ездзяць у госці, кожныя выхадныя наведваюць у вёсцы бацькоў, бавяць час у дзіцячых забаўляльных цэнтрах.

«Сучасная маці павінна паспяваць усё», — скажаце вы і будзеце мець радыю. Як, напрыклад, Надзея, маці Сымонкі. Пайшла ў дэкрэтны водпуск, набыла хату ў вёсцы, куды, нарадзіўшы, і з'ехала разам са сваімі мужчынамі — вялікім і малым. Самі сабе сужэнцы стварылі прыдатныя ўмовы, бо без выгод, самі ведаеце, як гадаваць дзяцей, і цяпер атрымліваюць асалоду ад сельскага жыцця. Разам з мужам Надзя садзіць агарод, эксперыментуе з насеннем, расадай — і потым дзеліцца шыкоўнымі фотаздымкамі сабранага ўраджаю. А яшчэ яна пячэ хлеб — сапраўдны, духмяны, са скарыначкай. Прызнаецца, што ўвогуле ніякіх булак ды печыва ў краме ўжо даўно не набывае: усё пячэ сама. Не здзіўлюся, калі неўзабаве на яе падворку з'явяцца не толькі кветкі ды кампоставая яма, якую яе муж-рамеснік зрабіў уласнымі рукамі, а будуць бегаць яшчэ курачкі ды козачкі — сваё малако вам не крамнае!

Марына ўвогуле здзіўляе сваёй смеласцю і рашучасцю. Калі мой Цёмік быў у такім узросце, як яе Міша, я нават думаць не магла, каб хадзіць з ім па крамах, займацца абслугоўваннем свайго аўтамабіля, а тым больш ляцець з немаўлём на мора — без мужа, але са старэйшай дачкой, з якой таксама пакуль вачэй не спусціш. Пяцімесячны хлопчык падарожнічае з мамай паўсюль, і Марына ніколькі не тлуміць галаву, як яго пакарміць (існуе спецыяльнае адзенне для кормячых маці), дзе ў выпадку непрыемнасці пераапрануць, і няважна, што малы паспіць не ў сваім утульным ложачку. Больш за тое, разам з дзецьмі яна плануе пераезд у іншую краіну, дзе мужу прапанавалі неблагі кантракт.

Адным словам, ці час цяпер такі — быць супермамамі, ці вырасла іншае пакаленне жанчын, якія прызвычаіліся суіснаваць у вірлівым рытме разам са сваімі дзецьмі. Рэдка хто цяпер з нараджэннем малых мяняе свой звыклы ўклад жыцця: наадварот, дзеці робяць сваіх матуль яшчэ больш сучаснымі, мабільнымі, прыгожымі — карацей, супермамамі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.

Грамадства

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку!