Вы тут

Клуб аматараў шыцця з лапікаў «Рошва» да Вялікадня рыхтуе цікавую выстаўку


Найстарэйшы ў Беларусі полацкі клуб аматараў шыцця  з лапікаў «Рошва» да Вялікадня рыхтуе цікавую выстаўку — узораў вышыўкі чырвонай ніццю. А яшчэ ў Полацку хутка падвядуць вынікі ўнікальнага праекта для рамеснікаў краіны. З гэтай нагоды карэспандэнт пабываў адразу ў творчай лабараторыі і ў выставачнай зале.


«Энергетычны скафандр»

Народны клуб аматараў шыцця з лапікаў «Рошва» працуе ў Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Яму ўжо сямнаццаць гадоў. Ганаровае званне «народны» клуб пацвярджаў ужо чатыры разы.

— «Малодшаму брату» — мінскаму клубу ўсяго пару гадоў, — тлумачыць нязменны кіраўнік «Рошвы» Ніна Ярмух.

Яна ўражвае сваім пазітывам: вочы гараць, калі распавядае пра рамяство.

— Назва клуба «Рошва» азначае ахоўнае чырвонае шво. Дарэчы, калісьці вельмі вопытных швачак лічылі, як сёння сказалі б, знахаркамі, парапсіхолагамі, экстрасэнсамі. Тое, што ўсё валодае энергіяй, ужо дакладна даказалі навукоўцы. А тканіна суправаджае чалавека ўсё жыццё: ад нараджэння да смерці. І адзенне было рознае ў розных жыццёвых сітуацыях, для рознага ўзросту і сямейнага становішча. Напрыклад, калі гаварыць аб прыгожай палове чалавецтва, асобна былі строі для дзяўчат, нявестаў, жонак, удоў. Для пераходу ў іншы свет надзявалі адпаведны строй. Кожныя шво, элемент арнаменту, колер ніткі маюць сваю энергетыку. А крой — не толькі функцыянальнае прызначэнне.

Даведацца пра гэта, як і пра засцярогу ад сурокаў і іншага чарадзейства, дзякуючы тканінам, вышыўцы вельмі цікава. Сапраўды, нездарма ж нашыя продкі з пакалення ў пакаленне перадавалі графічныя «коды» для нанясення на адзенне.

Лячэбныя творы

Пра карысць экалагічна чыстых тканін з пункту гледжання навук напісана нямала. І шмат публікацый, нават метадычнай літаратуры, пра карысць захаплення творчасцю.

— А «балтымарскі квілт» — кірунак у шыцці з лапікаў з'явіўся, дзякуючы амерыканскаму псіхіятру з Балтымара Уільяму Руш-Дантону-малодшаму. Ён заўважыў, што выразанне дэталяў з тканіны і іх сшыванне дапамагаюць пацыентам справіцца з унутранымі праблемамі, а яркія колеры тканін вельмі станоўча ўплываюць на іх свядомасць. Квілтавую тэрапію актыўна выкарыстоўваў у сваёй лячэбнай практыцы, быў літаральна фанатам калекцыянавання квілтаў, — тлумачыць кіраўнік «Рошвы».

У сярэдзіне пазамінулага стагоддзя горад Балтымар стаў цэнтрам шыцця са шматкоў у ЗША. Тут ствараліся покрывы ў вытанчанай тэхніцы ручной аплікацыі, іншыя вырабы. Балтымарскі стыль засвоілі і палачанкі.

Ніна Ярмух не раз заўважала, як станоўча ўплывае на людзей тое, чым яна захапляецца і чаму вучыць. Яны не толькі становяцца больш спакойныя, — паляпшаецца агульны стан здароўя.

— Безумоўна, у гэта цяжка паверыць, але ў некаторых і ціск нармалізаваўся, і наогул стала менш праблем са здароўем, напрыклад, са страўнікам. Захапленне малодзіць! — здзіўляе суразмоўніца.

Справа для сэрца

У выставачнай зале ўстановы культуры ў дзень нашай размовы працавала выстаўка сшытай з абрэзкаў маляванкі. Рукатворны цуд!

— Такога раней не было нідзе. Традыцыйную беларускую маляванку мы вырашылі сшыць. І верш напісала спецыяльна для выстаўкі наша Алена Нікіціна: «Маляванка, маляваначка, кранальная, чаму сэрца так імкнецца да цябе...» Мы вышылі гэтыя цудоўныя радкі, — паказвае Ніна Ярмух.

Рамантычныя назвы твораў: «Вішанька», «Рамонкавая палянка», «Купальскі вяночак». Майстрыхі, перад тым як ствараць свае работы, вывучалі тэхналогію традыцыйнай маляванкі, хадзілі па музеях, пабывалі ў Глыбоцкім раёне. Гэты край лічыцца «маляванкавай сталіцай», тут традыцыі працягваюць, вучаць ахвотных з іншых мясцін. А Святлана Скавырка з райцэнтра мае статус майстрыхі, якая адраджае мастацтва маляванкі.

— Між іншым, грунтоўнага даследавання заслугоўвае наступны факт: чаму менавіта на Глыбоччыне і ў наваколлях маляванку рабілі першапачаткова? Вядомыя і іншыя мясціны, дзе займаліся і займаюцца ёю. Але гэта рабілі або вучаніцы майстрых, або нехта пераязджаў і на новым месцы жыхарства працягваў сваім рамяством займацца, — разважае Ніна Ярмух.

Ад рэплік маляваных дываноў Алены Кіш цяжка адарваць вочы. Маляванкамі яна зарабляла сабе на жыццё. У яе не было мужа, дзяцей, сучаснікі лічылі яе як не з гэтага свету... Вар'ятка, якая жыла выключна творчасцю. Для тых, хто не ведае, гэта самадзейная мастачка родам са Случчыны. Вядомыя некалькі дат яе нараджэння (1886-ы, 1889-ы), а трагічная яе смерць зарэгістравана ў 1949-м. Праз дзесяцігоддзі пасля таго, як Алены не стала, яе прызналі геніем наіўнага мастацтва.

— Яе знакаміты твор «Ліст да каханага» натхніў нас на тое, каб паўтарыць яго ў тканіне. Думаю, атрымалася нядрэнна, — працягвае кіраўнік клуба.

Сярод іншага, на выстаўцы былі прадстаўлены дзве работы — у японскай тэхніцы «кінусайга». Асабіста мяне ўразіла вялікая «зборная» маляванка-дыван з 1267 дэталяў!

Рамесная карусель

Ніна Ярмух здзіўляла падчас размовы шмат разоў. Напрыклад, да Вялікадня ўпершыню зробяць калекцыю ў тэхніцы, вядомай у свеце як redwork. Ёй ужо некалькі стагоддзяў. У віктарыянскую эпоху яна была найбольш папулярная як дэкаратыўна-прыкладное мастацтва для аздаблення хатняга тэкстылю ў розных краінах. Яна простая ў выкананні, выглядае вельмі вытанчана і арыгінальна.

— Між іншым, гісторыя можа стаць нядрэннай нагодай для здымак дэтэктыва пра кантрабандыстаў. Не жартую! У Турцыі прыдумалі ніткі, чырвоны колер якіх быў устойлівы да ўздзеяння вады. У Еўропу такія ніткі спачатку прывозілі кантрабандай. Мноства жанчын захапілася вышыўкай простых малюнкаў: жывёл, кветачак, сонейка, — распавядае Ніна.

Паколькі хутка галоўнае праваслаўнае свята, вядома, тэматычная выстаўка была б вельмі добрым падарункам — але не толькі для вернікаў. У год юбілею першага палёту ў космас адна з вучаніц Ніны ўдастоілася гонару стаць адным з аўтараў перасоўнай тэматычнай выстаўкі. Яе ўжо ўбачылі ў некалькіх гарадах Расіі і замежжа.

Ніна Ярмух — аўтар праекта «Рамесная карусель», у якім бяруць удзел асобныя майстры і цэлыя дамы рамёстваў.

— Прыдумала для папулярызацыі шыцця з лапікаў. Аказваецца, не вельмі многа тых, хто прафесійна займаецца гэтым рамяством, — канстатуе яна.

А яшчэ вельмі цікавы міжнародны праект з удзелам народных майстроў, рамеснікаў «Свет без межаў». Ён стаў творчым марафонам, бо пачаўся ў 2006 годзе падчас першага экалагічнага фестывалю, які праходзіў у Полацку. Ніна і яе зямлячкі зрабілі цэнтральную частку палатна, потым да работы далучылася літоўская майстрыха, далей — датчанка, расіянка. Яшчэ пазней эстафету прадоўжылі нямецкія майстрыхі з горада-пабраціма Полацка — Фрыдрыхсхафена. Кожная з іх прышыла свой лапік. Цяпер работу працягвае сёмая ўдзельніца — з Францыі.

А да саракавой гадавіны першага выдання беларускай «Чырвонай кнігі» «Рошва» пачала ствараць яе старонкі з дапамогай лапікавага шыцця...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

P. S. Калі гэты артыкул рыхтаваўся да друку, стала вядома, што адна з членаў народнага клуба «Рошва» Таццяна Гушчанка на міжнародным конкурсе «Еўраквілт», які адбыўся ў Маскве, атрымала першае месца за работу «Птушка шчасця».

Загаловак у газеце: «Чырвоная кніга» з... тканіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.