Вы тут

Мастачка, якая малюе… літаратуру


Мы вельмі часта гаворым у дачыненні да вывучэння айчыннай літаратуры пра вартасці літаратурнага краязнаўства. Мастачка Дзіяна Каласовіч, якая нарадзілася на Салігоршчыне, а зараз жыве і працуе ў Мінску, вырашыла спалучыць літаратурнае і мастацкае краязнаўства. Што з гэтага атрымаецца — яшчэ пакажа час.


Жывапісным палотнішчам, малюнкам, якія выяўляюць перад намі літаратурныя адрасы Міншчыны, звязаныя з лёсамі тых ці іншых пісьменнікаў, ацэнку дадуць гледачы, мастацтвазнаўцы і проста шараговыя аматары выяўленчага мастацтва. А зараз Дзіяна Каласовіч падрабязна занатоўвае, замалёўвае ўбачанае і адкрытае менавіта ёю, спрабуе за кошт свайго ўласнага светапогляду, уласнага мастацкага зроку разабрацца, чаму менавіта ў пэўным месцы нарадзіліся тыя ці іншыя паэтычныя, празаічныя творы.

Вось, напрыклад, у Дукоры пад Мінскам творца шукае сляды драматурга Васіля Гарбацэвіча, яўрэйскіх пісьменнікаў братоў Чарных, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, які наведваўся сюды за сюжэтам п’есы «Партызаны», літаратуразнаўца Янкі Казекі, які працаваў тут настаўнікам, краязнаўцы Васіля Свістуна, паэта Алеся Пісарыка, мовазнаўцы Марыі Жыдовіч…

— Для мяне гэта досыць цікавы творчы вопыт, — прызнаецца Дзіяна Каласовіч. — Я раней не працавала гэтак адрасна, каб спалучыць, паяднаць краявід з адрасам і мастацкай і дакументальнай ідэямі. Але гэта захапляе, вымушае па-новаму ўзірацца ў прастору. Далягляды, як мне падаецца, вымалёўваюцца зусім іншыя. Ды і адкрываю надзіва шмат новага. Бо перад кожнай такой паездкай даводзіцца зазіраць у спецыяльную літаратуру, раіцца з дасведчанымі знаўцамі роднай старонкі. Шукаць, адным словам, крупінкі краязнаўчай памяці…

Следам за пухавіцкай Дукорай, іншымі блізкімі да Мінска ваколіцамі адрасамі літаратурна-краязнаўчых пленэраў у Дзіяны Каласовіч будуць Любаншчына, Салігоршчына, Мядзельшчына. Як на першы погляд, то і не самыя багатыя на літаратурна-краязнаўчую памяць адрасы. Але Дзіяна лічыць іначай:

— У Любані доўгі час жыў адзін з самых старэйшых дзіцячых пісьменнікаў Беларусі Іван Муравейка. Ён яшчэ Вялікую Айчынную вайну прайшоў. Адзначаны баявымі ўзнагародамі. На рэйхстагу ў Берліне аўтограф свой пакінуў… У вершах Івана Муравейкі, які нарадзіўся ў самай буйной вёсцы Любаншчыны — Талі — умяшчаецца вельмі шмат мясцовага матэрыялу. Шматлікія мікратапонімы, родныя, самыя блізкія краявіды натхнілі таленавітага творцу на самыя розныя вершы, песні, — усё гэта заварожвае, захапляе. А яшчэ пра раку Арэсу, востраў Зыслаў, мястэчка Урэчча, іншыя мясціны Любаншчыны пісалі Уладзімір Паўлаў, Ніна Маеўская, Сяргей Грахоўскі, Яўген Хвалей, Казімір Камейша… Спадзяюся, што мне ўдасца зазірнуць у іх вобразную сістэму, у іх каардынаты творчага мышлення, удасца нешта сваё ўласнае, асабістае дадаць у мастацкае прачытанне нашай роднай старонкі. З гэтых мясцін — і краязнаўчы, гістарычны пісьменнік Анатоль Васільевіч Стацкевіч-Чабаганаў…

Саюз мастака і пісьменніка можа, аказваецца, мець і такі характар, як і ў выпадку з задумамі жывапісца Дзіяны Каласовіч. Спадзяёмся, што працы яе, скіраваныя на каментарый літаратурнай памяці Міншчыны, знойдуць сваіх гледачоў не толькі на адмысловых выстаўках, але і ў альбомах, ды і ў іншага фармату рэпрадукцыях. А мо будуць выдадзены і мастацкімі паштоўкамі з лаканічнымі пісьменніцкімі тэкстамі… Час пакажа.

І галоўнае, каб вопыт Дзіяны Каласовіч узялі на ўзбраенне іншыя мастакі. Хіба ж не надало б гэта большую цікавасць да віртуальных падарожжаў да багатых на памяць літаратурных, гістарычных мясцін Міншчыны, усяе Беларусі?!

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.