Вы тут

Няпростая і гераічная гісторыя жыцця ветэрана Міхаіла Загорскага


Напярэдадні Дня Перамогі удзельнік партызанскага руху, старшы саветнік юстыцыі ў адстаўцы Міхаіл Загорскі атрымаў віншаванні і падарункі ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Фота prokuratura.gov.by

— Мы жадаем вам моцнага здароўя, больш аптымізму, добрага надвор’я ў душы, — сказаў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў Пірштук. — Вялікі дзякуй вам за тое, што вы разам з іншымі адважнымі людзьмі забяспечылі гэту Перамогу, што мы разам пабудавалі такую цудоўную краіну, у якой ёсць выдатныя ўмовы, каб мы жылі спакойна, гадавалі сваіх дзяцей, унукаў і радаваліся кожнаму дню. На жаль, з кожным годам ветэранаў становіцца менш. Таму вельмі важна захоўваць гістарычную памяць пра Вялікую Айчынную вайну, каб моладзь выхоўвалася на гэтым.

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Другога мая Міхаіл Загорскі адсвяткаваў свой 91-ы дзень нараджэння. Трынаццацігадовым хлопчыкам ён разам з роднымі прыйшоў у партызанскі атрад імя Варашылава, які быў сфарміраваны на Барысаўшчыне, у раёне возера Палік.

Спачатку хлопчык дапамагаў у ружэйнай майстэрні, дзе для партызанаў выраблялі пісталеты і аўтаматы. Падлеткі выпрабоўвалі новую зброю, перш чым перадаць яе ў партызанскі атрад. Так адзін з пісталетаў узарваўся ў руцэ Міхаіла, пра што і сёння нагадвае шнар.

А потым кіраўнік атраду даручыў хлопцу адказную справу — наведацца ў вёску, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон. «Мяне вымылі, каб не адчуваўся пах дыму, прыбралі, і я пайшоў», — успамінае Міхаіл Васільевіч. З таго часу юны разведчык заходзіў у стан ворага, заводзіў сяброўства з мясцовымі дзецьмі, адначасова вывучаючы палажэнне розных аб’ектаў, і дакладваў пра гэта кіраўніцтву партызанскага атраду.

Фота prokuratura.gov.by

Пад градам куль прыходзілася дапамагаць перавозіць параненых з суседняга атраду «Дзядзькі Колі» ў мясцовы шпіталь. «Разам са старэйшым братам мы перавозілі байцоў на лодках. Але нямецкія самалёты абстрэльвалі гэту тэрыторыю: лодка з параненымі пайшла на дно, а мы выратаваліся, трымаючыся за прыбярэжныя хмызнякі. Цяжка было ў такім узросце на гэта глядзець», — успамінае ветэран.

Давялося перажыць і блакаду ў чэрвені 1944 года. Частка партызанаў загінула падчас спробы прарыву, а некаторыя, у тым ліку і Міхаіл Васільевіч, былі вымушаны два тыдні прасядзець у балоце, пакуль немцы не сышлі з гэтай тэрыторыі.

4 ліпеня 1944 года партызанскі атрад сустрэўся з Чырвонай Арміяй.

Адразу пасля вайны Міхаіл Загорскі працаваў на элеватары ў Барысаве на падліку лесу, потым паступіў у лесаэксплуатацыйную прафесійна-тэхнічную школу, але вучобу перарвала служба на падводным флоце. Пасля дэмабілізацыі Міхаіл Васільевіч працаваў у райкаме камсамола, завочна скончыў юрыдычны факультэт БДУ. А потым былі 36 гадоў пракурорскай работы — у Рэчыцы, Калінкавічах, Жыткавічах, Гомельскай абласной пракуратуры... На заслужаны адпачынак старшы саветнік юстыцыі ў адстаўцы выйшаў у 65 гадоў.

Сёння Міхаіл Васільевіч са смуткам успамінае той цяжкі час, калі небяспека пагражала юнаму разведчыку ў кожны яго візіт у гарнізон, калі для яго і яго сям’і зямлянка ў лесе, азёры і балоты сталі родным домам, а галінкі хвоі часам былі замест ложка, калі для аднаўлення гаспадаркі на вызваленай тэрыторыі араць прыходзілася на жанчынах...

— Галоўнае, што мы выжылі, — кажа Міхаіл Васільевіч. — І для нас вельмі важна, што нас памятаюць. Тады, здаецца, можна і яшчэ год ці больш пражыць...

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.