Вы тут

«Мы і ўявіць не маглі, што ратавальнікі спяшаюцца тушыць наш дом». Як наладжваецца быт сям'і Стадольнікаў, якія пацярпелі ад пажару


29 красавіка ў вёсцы Сідаравічы на Мядзельшчыне загарэўся дом. У ім на той момант знаходзіліся двое з траіх непаўналетніх дзяцей: 12-гадовы Раман і двухгадовы Ваня. Падлетак вынес з полымя малодшага брата. А сам атрымаў апёкі 50 % цела. Рому з Мядзела даставілі верталётам у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску. Урачы правялі відэакансіліум з вядучымі спецыялістамі Расіі і выбралі варыянт лячэння, які найбольш падыходзіць для пацыента. Журналіст «Звязды» днямі наведаў сям'ю Стадольнікаў.


У гэты дом пераехала сям'я пасля бяды

Дома былі толькі бацька і малодшы сын. Аляксей Аляксандравіч адразу папярэдзіў, што адкажа на любыя пытанні, толькі папрасіў не пытацца пра Рому — надта балючая тэма.

— Я працаваў у калгасе «Занарацкі» трактарыстам, жонка — у санаторыі «Спадарожнік». У яе зарплата значна большая, чым у мяне. Таму калі нарадзілася трэцяе дзіця, на сямейным савеце вырашылі, што я аформлю адпачынак па доглядзе за Ванем, — расказаў ён. — У дзень, калі здарылася трагедыя, я паехаў забраць з работы жонку. Яе і іншых работнікаў з санаторыя прывозяць службовым транспартам да скрыжавання, а адтуль я забіраю сваёй машынай. Дарога з Сідаравіч займае дзесяць хвілін. Пакуль чакаў, убачыў, што з тэрыторыі турбазы выязджае пажарная машына. Тут падаспела і жонка. Мы і ўявіць не маглі, што пажарнікі спяшаюцца тушыць наш дом. Мне па тэлефоне аб гэтым паведамілі суседзі.

Агонь знішчыў усё — дом і ўсё, што ў ім было

Сям' я засталася без даху над галавой, бытавых рэчаў, дакументаў. Мясцовыя ўлады прапанавалі Стадольнікам два варыянты жылля на выбар. Адзін з дамоў надта вялікі, пацярпелыя палічылі, што яго будзе цяжка абагрэць. Спыніліся на доме ў вёсцы Занарач, кажа Аляксей. У гэтым населеным пункце ён нарадзіўся, закончыў мясцовую школу, тут жывуць яго бацькі. Агульная жылая плошча памяшкання — 200 квадратных метраў. Ацяпляецца прыродным газам. Ёсць і вялікая вясковая печ.

«Адначасова распальваем печку і ўключаем газавае ацяпленне, паколькі дом шмат часу пуставаў і настыў. Гэты дом некалі пабудавалі для мясцовага ўрача, якога потым перавялі ў Мядзельскую раённую цэнтральную бальніцу», — паведаміў Аляксей Стадольнік.

Мужчына праводзіць для нас экскурсію. Жыллё прасторнае — чатыры пакоі на другім паверсе, на першым — кухня, раздзельны санвузел і яшчэ два пакоі. У адным з іх спіць маленькі Ваня.

— Ванечку часта забіралі да сябе дзядуля і бабуля, вельмі песцілі яго, дазвалялі спаць, калі малому ўздумаецца. А цяпер у яго строгі рэжым, спаць укладваю ў адзін і той жа час, — кажа бацька, — хутка павінен прачнуцца. Трэба падагрэць дзіцячае харчаванне, бо адразу запатрабуе есці.

Бацька дадае, што на новым месцы яны ўладкаваліся добра, усё іх задавальняе. Пакоі абсталяваныя неабходнай мэбляй, на кухні мікрахвалевая печ, газавая пліта, пасудамыйная машына.

— Усё як мае быць. Усяго хапае. Вось толькі не хапае Ромы. Спадзяёмся, што ён хутка паправіцца і прыедзе ў новы дом, — уздыхае Аляксей.

На стале стаіць фота ў рамачцы, на ім Раман з малодшым братам Мішам. Абодва радасныя, вясёлыя. Наш фотакарэспандэнт папрасіў дазволу перафатаграфаваць здымак.

— Толькі не для публікацыі, жонка будзе супраць. А вось для сябе можна, — адказаў гаспадар.

— Мы планавалі абзавесціся прасторным домам у Занарачы, на сваёй малой радзіме, — працягнуў аповед Аляксей. — Нам выдзелілі зямельны ўчастак, мы яго аформілі. Банк ухваліў ільготны крэдыт на будаўніцтва дома. Напярэдадні трагедыі мы збіраліся заключыць дагавор і атрымаць грошы, знайсці падрадчыка. Будоўлю меркавалі пачаць сёлета. Але не паспелі, у полымі згарэлі ўсе дакументы. Цяпер аднавіць іх дапамагаюць райвыканкам, сельвыканкам, іншыя раённыя службы.

«Мясцовыя ўлады дапамаглі неабходным», — сказаў Аляксей, паказваючы новую пральную машыну.

Адгукнуліся на чужую бяду ўсе нераўнадушныя людзі, дабрачынныя, грамадскія арганізацыі. У адным з пакояў яшчэ не разабраныя рэчы, якія добраахвотнікі прыносілі і прывозілі для Стадольнікаў: пасцельная бялізна, абутак, адзенне, падушкі, коўдры, посцілкі, сродкі гігіены, мыйныя сродкі.

— Яшчэ частка рэчаў знаходзіцца ў маіх бацькоў, — заўважае Аляксей. — Мы вельмі ўдзячныя людзям за іх дабрыню, спагаду. Мінскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў падарыла мікрахвалеўку, аказала грашовую дапамогу. Не застаўся ўбаку і Мядзельскі тэрытарыяльны сацыяльны цэнтр абароны насельніцтва. Мінская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прывезла пасцельныя камплекты на кожнага члена сям'і, цёплыя коўдры, посуд, гігіенічныя і харчовыя наборы. Асобная падзяка раённаму выканаўчаму камітэту і асабіста яго старшыні Анатолю Вайнілку, які ўзяў сітуацыю пад асабісты кантроль, старшыні Занарацкага сельвыканкама Уладзіміру Зелянкевічу.

Дом, у які засяліліся Стадольнікі, арэндны, яны будуць тут жыць часова. У планах сям'і — як мага хутчэй аднавіць дакументы, узяць крэдыт і пачаць будаўніцтва ўласнага жылля.

— Мы марылі, што пабудуем новы дом для дзяцей. Калі стануць дарослыя, заселяцца туды са сваімі сем'ямі. А мы з жонкай застанемся ў старым, — дзеліцца бацька.

— Ці падабаецца дзецям у гэтым доме? — пытаю суразмоўніка пра часовае жытло.

— Так, яны задаволеныя: у кожнага асобны пакой. Дзеці і раней хадзілі ў школу і дзіцячы сад у Занарач. Тут у іх сябры, — адказвае Аляксей і дадае: — Гэты дом у Занарачы я калісьці дапамагаў будаваць. Тут катэджы ўзводзілі немцы па «чарнобыльскай праграме» для перасяленцаў з забруджанай радыяцыяй зоны. А мы, школьнікі, круціліся побач. Дарослыя нам даручалі нешта паднесці, аднесці... Ніколі не ведаеш, як павернецца лёс.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, вёска Занарач, Мядзельскі раён

 Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.

Грамадства

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота...