Вы тут

У Падзвінні толькі ў дзвюх фермерскіх гаспадарках займаюцца арганічным земляробствам


Паводле інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, у Падзвінні толькі ў дзвюх фермерскіх гаспадарках займаюцца арганічным земляробствам. Зямлю, якая знаходзіцца ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах, сертыфікавалі. Плошчы невялікія, адзначылі ў камітэце і дадалі, што, верагодна, вырошчваннем «чыстай ежы» займаецца больш энтузіястаў, але яны пакуль не трапілі ў статыстычныя справаздачы. Таму лічбы па Віцебшчыне пакуль сціплыя.


Пра тое, што прадстаўнікоў арганічнага земляробства ў паўночным рэгіёне краіны больш, сведчыць, у прыватнасці, асабістае знаёмства аўтара гэтых радкоў з жыхарамі вёскі Гара ў Віцебскім раёне, якія заяўляюць, што ў іх табу на хімію для падкормкі глебы.

Прадстаўнікі арганічнага земляробства, з якімі давялося пагутарыць, заўважалі, што адпаведная сертыфікацыя па еўрапейскіх стандартах — вельмі доўгая і дарагая справа.

Пры гэтым у крамах колькасць прадуктаў з пазначэннем «экапрадукт» павялічваецца. Вось толькі што з гэтага сапраўды зроблена з сыравіны, якая вырашчана без выкарыстання пестыцыдаў?

Тым не менш можна канстатаваць, што ў Віцебскай вобласці цікавасць да арганічнага земляробства расце. У школах культывуюць экалагічнае выхаванне ў гуртках, трэці год вядзецца навучанне ў аграрных класах. Агульная колькасць вучняў у апошніх каля 650. У такіх класах распавядаюць і пра арганічнае земляробства.

У гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна аберагаць прыроду вучаць у рэгіянальным інфармацыйным цэнтры па пытаннях абыходжання са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і небяспечнымі хімічнымі рэчывамі «Зялёнае святло». Ён быў адкрыты ў 2018 годзе пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. У рамках праекта закладзены доследны ўчастак для вырошчвання раслін у адпаведнасці з прынцыпамі арганічнага земляробства — без прымянення хімікатаў. Таксама абсталявана хімічная лабараторыя, якая дазваляе праводзіць аналізы ў мэтах вызначэння ўтрымання хімічных злучэнняў у кампанентах навакольнага асяроддзя — вадзе, глебе, раслінах.

Размяшчэнне цэнтра абрана невыпадкова: гарадскі пасёлак Копысь знаходзіцца на мяжы Віцебскай і Магілёўскай абласцей, недалёка ад мяжы з Міншчынай. Такім чынам, цэнтр дзейнічае ў інтарэсах жыхароў трох рэгіёнаў.

У Сенненскім раёне сакрэтам вырошчвання экалагічна чыстых агуркоў, памідораў, зеляніны, бульбы і іншага навучаць пажылых, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку і непаўналетніх з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія жывуць у інтэрнаце. Навучаюць тут таксама рэкламе, збыту, арганізацыі сваёй справы. Гэта стала магчымым у рамках рэалізацыі сацыяльнага дабрачыннага праекта «Навучанне жанчын Віцебскай вобласці асновам арганічнага земляробства і аграбізнесу», які ажыццяўляецца пад эгідай Беларускага дзіцячага фонду і камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.

У Аршанскім раёне ў 2018—2019 гадах быў паспяхова рэалізаваны пілотны сацыяльны праект для ініцыятыўных жанчын «Навучанне жанчын Віцебскай вобласці асновам аграбізнесу, прадукцыйнаму выкарыстанню зямельных участкаў для атрымання дадатковага даходу для сям'і, адкрыцця малога бізнесу і ўключэнню ў працэс самазанятасці». Дзясяткі слухачоў на тэорыі і на практыцы займаліся вырошчваннем арганічнага ўраджаю пад кіраўніцтвам дасведчаных земляробаў.

Дарэчы, многія з тых, хто вырабляе экалагічна чыстую прадукцыю, даюць платныя кансультацыі, майстар-класы, вядуць блогі ў сацыяльных сетках, друкуюцца ў часопісах і такім чынам атрымліваюць дадатковы заробак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Цікавасць расце, статыстыка пакуль сціплая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.