Вы тут

Каляровыя сны і чорна-белая рэальнасць


Шэраг адметных разнапланавых праектаў працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, а менавіта — у будынку на вуліцы Някрасава, 3. Выбралі некаторыя з іх і расказваем, навошта ў НЦСМ трэба завітаць аматарам трох непадобных кірункаў творчасці — жывапісу, ткацтва і фатаграфіі.


Фрагмент выстаўкі «Сярэбраны альбом».

Частка сямейнай гісторыі

Больш за два дзясяткі работ прадстаўлена на выстаўцы «Сярэбраны альбом» Вячаслава Бахметава. Фатограф родам з Гомеля, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, уваходзіць у секцыю аналагавай фатаграфіі, секцыю трэвэл-фатографаў, займаецца альтэрнатыўнымі фатаграфічнымі працэсамі: цыянатыпіяй, гуміалейным і гумбіхраматным друкам, алейным друкам.

«Сярэбраны альбом» (куратарам выступае Алена Данброва), — амбратыпы аўтара за два гады, на якіх адлюстраваны блізкія творцу людзі, рэчы, думкі і адчуванні — сям’я, сябры і дом. Па словах фатографа, прадстаўленыя творы — своеасаблівая рэфлексія па сямейных аматарскіх альбомах фатаграфій, якія захоўваюцца ў многіх дамах і якія людзі пераглядаюць, калі збіраюцца разам падчас свят. «Цяпер усе глядзяць у камп’ютар і тэлефоны. Хочацца, каб традыцыя рабіць сямейныя партрэты родных і проста друкаваць фотаздымкі захавалася. Такая тэхніка атрымання выяў, як амбратыпія, адсылае нас да вытокаў з’яўлення фатаграфіі і дазваляе атрымліваць унікальныя дамашнія рэліквіі», — адзначае Вячаслаў Бахметаў.

Праекты, прысвечаныя амбратыпіі (варыянт мокракаладыённага працэсу, які быў вынайдзены ў сярэдзіне 1850-х гг., — у выніку атрымліваецца пазітыўная выява на шкляной пласціне, зафарбаванай з аднаго боку чорным) — не вельмі часта з’ява ў выставачным жыцці Беларусі. Працэс стварэння дарагі і працяглы па часе. З прылад, акрамя фотаапарата, патрэбны шкло, лак, посуд і рэактывы. Усе дзеянні выконваюцца за 10—15 хвілін да высыхання калодыю.

Глыбіня рэзкасці і танальных пераходаў, плямы мікразасвечвання, наплывы эмульсіі, а таксама паставы і выразы твараў тых, хто пазіруе, — усё гэта ў свой час абумовіла папулярнасць амбратыпіі пры стварэнні партрэтаў. Людзі на здымках выглядалі ўзвышанымі і высакароднымі, сямейны партрэт увогуле лічыўся фамільнай рэліквіяй.

У кожным партрэце аўтару ўдалося перадаць настрой і асаблівасці амбратыпаў, але ў некаторых работах прасочваецца непаўторны аўтарскі стыль. Напрыклад, на адным з твораў глядач бачыць твар жанчыны у верхнім левым куце, астатняе — нібы водныя рагі на акне, за якім сядзіць жанчына і ўсміхаецца. Аўтар адыходзіць ад своеасаблівай кананічнасці, уласцівай гэтаму кірунку, і паказвае людзей больш рэальнымі, прыземленымі: панурымі, задумлівымі, насцярожанымі, але часцей усмешлівымі. Усё ж гэта частка сямейнай гісторыі. І тое, што фатограф не пазначае нават прыкладных дат стварэння серыі і не падпісвае творы, кажа пра глыбока асабісты працэс творчасці і важнасць кожнай работы.  

Відавочна, Вячаславу Бахметаву даспадобы рэтра-эстэтыка і змрочнасць, якая часта суправаджаецца светлымі вобразамі, — прыкмет сучаснасці ў яго патрэтах можна налічыць не вельмі шмат. Выяўляецца гэта і ў нацюрмортах, напрыклад, з выявамі павука ў шклянцы ці чэрапа, які акружаюць вазы з рознымі кветкамі, у тым ліку завялымі, грэцкія арэхі і падсвечнік. Хапае і выключэнняў — букет жывых  кветак (ва ўсякім разе выглядаюць такімі) і некалькі яблыкаў побач ці сціпла накрыты абедзенны стол. Такія творы, натуральна, валодаюць больш пазітыўнай энергетыкай і не меней змястоўныя.

Беларускі этнасюррэалізм

Алена Шлегель «Родны алфавіт», 2017

Персанальная экспазіцыя Алены Шлегель «Калекцыя ілюзій» пачынае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. «Прыгожыя аксесуары жаночага свету, кругаварот прыемных дробязей разам з выявай свету ідэй аб’яднаны ў жывапісе Алены ў стылістыцы тонкага і далікатнага варыянта “беларускага этнасюррэалізму”, — заўважаюць стваральнікі праекта. — Містычны, міфалагічны змест твораў мастачкі зачароўвае яркасцю фарбаў, але бачым у яе любімыя колеры: залацісты, зялёны і чырвоны — найлепшае спалучэнне для казачных сцэн. Шлегель мае свой асаблівы творчы почырк. На працягу 15 гадоў работы аўтара застаюцца аднолькава якаснымі і цікавымі; эстэтыка падачы, малюнак і палітра даўно знайшлі сваіх прыхільнікаў. І нядзіўна, што прызнанне дзяржавы — перамога ў намінацыі “Жывапіс” — дасталася менавіта гэтай мастачцы».

Міф, казка, легенда — усё міксуецца ў палотнах Алены Шлегель. На іх выразна, з рэалістычнай дакладнасцю адлюстраваны героі — жывёлы, гістарычныя асобы, міфічныя істоты, цыркавыя персанажы, але элементы дэкаратыўнасці пры бліжэйшым разглядзе становяцца такімі ж паўнавартаснымі героямі. Кожная работа — рэбус, які патрабуе паглыбленага і ўсебаковага аналізу. Без яго проста немагчыма раскрыццё алегарычных сэнсаў, закладзеных аўтарам у кожную дэталь таго ці іншага твора. Напрыклад, карціна «Малочныя рэкі» (2004) заснавана на міфе, таму кожная выява тут напоўнена сімвалічным зместам. Тое ж малако яшчэ з даўніх часоў атаясамлівалася з адраджэннем і неўміручасцю, дабрынёй, клопатам, спагадай, багаццем і ўрадлівасцю. Увогуле ж, гледача не пакідае адчуванне, што з многімі вобразамі ён знаёмы, штосьці бачыў, нешта чытаў пра гэта. Але калі пэўныя цытаты — моўныя і візуальныя — угадваюцца, у работах Алены Шлегель яны набываюць іншае, незвычайнае гучанне.

Адна з наймаштабнейшых па памеры работ — квадрыптых «Родны алфавіт» (2017), ідэя стварэння якога з’явілася ў сувязі з жаданнем мастачкі асэнсаваць месца Айчыны ў свядомасці. «Алфавіт у гэтым творы адыгрывае ролю своеасаблівага культурнага кода, які ўключае ў сябе вобразна-сэнсавы рад, звязаны для мяне з паняццем Радзімы, — адзначае Алена Шлегель. — Як мастак я расшыфроўваю гэты код з дапамогай візуальнага рада выяў, што звязаны з матэрыяльнай культурай Беларусі». Выявы групуюцца ў залежнасці ад літары, з якой пачынаецца іх назва. Па магчымасці Алена Шлегель выкарыстоўвала адпаведны колер літар (напрыклад, «А» — аранжавы) або колер-сімвал («К» — кроў). Да таго ж кампазіцыю аб’ядноўваюць цытаты з графічнага аздаблення «Бібліі» Францыска Скарыны. Знойдзе ўважлівы глядач і партрэты князёў Вялікага Княства Літоўскага.

Створаныя ў форме гульні, карціны Алены Шлегель нібы ілюструюць найбольш яркія бакі жыцця — каханне, флірт, гумар, пяшчоту… Глядач блытаецца ў тым, дзе рэальнасць і дзе сон, дзе праўда і дзе вымысел, дзе каханне, а дзе падман. Большасць карцін падобны да каляровых сноў, але, напрыклад, у дыптыху «Перараджэнне» (2017) мастачка набліжаецца да жорсткай рэальнасці, хоць не пазбаўляе твор рамантычнага флёру.

Выразнае, таямнічае,  лаканічнае…

Ала Непачаловіч «Гранд-аранж», 2001 г.

Экспазіцыя памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае» прадаўжае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Арганізатары выстаўкі, куратарам якой выступае Таісія Халамава, упэўнены, што мастачка запомніцца пазітыўным, поўным энергіі чалавекам. «Яна заўсёды знаходзілася ў асяроддзі студэнтак і майстрых, на фоне якіх вылучалася сваёй мастацкай графікай на тэкстылі. На працягу жыцця Ала Непачаловіч падрыхтавала 26 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, дзевяць стыпендыятаў і ўладальнікаў прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з калегамі Наталляй Сухаверхавай, Аленай Обадавай, Вольгай Рэднікінай была “рухавіком” айчыннага ткацтва і габелена, асобай, вядомай далёка за межамі Беларусі», — адзначылі стваральнікі экспазіцыі.

Ала Непачаловіч нарадзілася ў Маскоўскай вобласці, скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975), да 1996 года па размеркаванні працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ў галіне габелена, мастацкага ткацтва і сцэнічнага касцюма. Да канца жыцця была дацэнтам кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ала Непачаловіч станавілася лаўрэатам рэспубліканкіх і міжнародных конкурсаў, удзельнічала ў айчынных і замежных выстаўках, ажыццявіла шэраг персанальных выставачных праектаў. Яе манументальныя кампазіцыі і габелены аздабляюць шматлікія грамадскія інтэр’еры, у тым ліку Нацыянальнай біблітэкі Беларусі, Гродзенскага драматычнага тэатра, абласнога Палаца культуры Магілёва, а таксама ўстаноў Расіі, Украіны, Казахстана, Германіі, Літвы, Венгрыі. Сёння творы Алы Непачаловіч знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава, у Міністэрстве замежных спраў Беларусі і Беларускім саюзе мастакоў.

Тэкстыльныя кампазіцыі мастачкі — вобразна-асацыятыўныя дэкаратыўныя творы. Аўтар адлюстроўвала асабісты свет. Як адзначае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, з дапамогай простых форм і арнаментальных малюнкаў яна стварала сучасныя вобразныя структуры, у якіх ясна прасочваецца нацыянальны стыль: у іх ёсць выразнасць дакладна прадуманых ліній і захапляльная таямнічасць паўторных арнаментаў, уласцівае сучаснаму мастацтву імкненне да лаканічнасці, вобразнага мінімалізму. У экспазіцыі памяці Алы Непачаловіч прадстаўлены якраз такія работы розных гадоў, што пацвярджаюць гэты пункт гледжання: «Цецерукі» (1995), «Ходнік» (2009), «Сутонне» (2001), «Рытмы зямлі-1» (2011) і многія іншыя. Сэрца выстаўкі — тэкстыльныя кампазіцыі з серыі «Патаемнае».

Пералічаныя выставачныя праекты будуць працаваць у НЦСМ да 4 ліпеня.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.