Напярэдадні 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў рэдакцыі газеты «Звязда» прайшоў круглы стол «Урокі 1941-га: 80 гадоў таму і сёння». Гісторыкі, музейшчыкі, дэпутаты і прадстаўнікі Мінабароны ў чарговы раз далі адпор фальсіфікатарам і псеўдагісторыкам, абмеркавалі шляхі захавання і перадачы агульнай гістарычнай памяці.
Як паведаміў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Сяргей ВАРАНОВІЧ, 52-гі спецыялізаваны пошукавы батальён працуе з 1995 года. За гэты час вайскоўцамі выяўлены астанкі больш чым 39 тысяч загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, устаноўлена 3528 імён.
— Гісторыя паўтараецца спачатку як трагедыя, затым — як фарс, — падкрэсліла кандыдат гістарычных навук Наталля ГОЛУБЕВА. — Праводзячы аналогіі з чэрвенем 1941-га, пачаткам 1990-х і тым, што цяпер адбываецца ў нас, мы выходзім на тыя ключавыя пазіцыі, ад якіх робім шматпланавыя высновы. Што адбылося і чаму? Здавалася б, мы абсалютна стабільная рэспубліка, якая прайшла ўнікальны 30-гадовы шлях будаўніцтва суверэннай дзяржавы і ўсё роўна апынуліся перад такімі праблемамі. Аднак усё паўтараецца: трагедыя скончылася фарсам.
Як зазначыла член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына ДАЎГАЛА, вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат.
«Значыць работы ў нас вельмі шмат, — лічыць дэпутат. — Вельмі важна сёння быць разам з нашымі дзецьмі на месцах пахаванняў, разам з імі высвятляць, хто тут загінуў. І калі хоць адна сям’я ўстановіць хоць адно прозвішча невядомага салдата, гэта будзе каштоўней за ўсе ўзнагароды».
— Музейны экспанат ніколі не можа састрэць, — перакананы дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі Узброеных Сіл Сяргей АЗАРОНАК. — Музеі — такія сховішчы памяці, якія не маюць тэрміну даўнасці. І чым старэйшыя экспанаты, тым яны найбольш каштоўныя.
Вераніка КАНЮТА
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?