Вы тут

У Віцебску адновяць дарэвалюцыйную сінагогу


Дапамогу акажуць расійскія мецэнаты. Гэта зробіць сталіцу Падзвіння прыцягальнай для хасідаў з усяго свету.


Фота аўтара.

У крокавай даступнасці

«Звязда» 19 красавіка бягучага года ў артыкуле «Што будзе з «шагалаўскай» сінагогай?» расказала пра імкненне энтузіястаў аднавіць Вялікую Любавіцкую сінагогу на вуліцы Рэвалюцыйная ў Віцебску. Руіны будынка каштоўныя тым, што да нашых дзён у сталіцы рэгіёна не засталося сінагог, пабудаваных да рэвалюцыі, ды і па Беларусі такіх няшмат.

Дом для малітвы размяшчаўся недалёка ад вуліцы Пакроўская, дзе цяпер знаходзіцца дом-музей Марка Шагала. Апошні быў пабудаваны бацькам генія ў пачатку 1900-х. Там прайшло юнацтва будучага мастака. Музей адчынілі ў 1997-м. У ім можна ўбачыць прадметы быту, аналагічныя тым, якія маглі быць у сям'і Шагала, і копіі дакументаў з архіваў, што распавядаюць пра сям'ю мастака.

Блізкасць да шагалаўскага дома паслужыла нагодай называць былую сінагогу «шагалаўскай». У аўтабіяграфічнай кнізе «Маё жыццё» мастак напісаў пра бацьку, які вельмі рана ўставаў, ішоў у сінагогу, потым вяртаўся дамоў, каб выпіць чаю і пайсці на работу. Верагодна, хадзіў у храм, які бліжэй. На жаль, дакументальнага пацвярджэння гэтаму няма.

«Звязда» сочыць за тым, як развіваюцца падзеі вакол аднаўлення сінагогі. І цяпер ёсць нагода працягнуць тэму.

Землякі дапамогуць

Пры дапамозе маскоўскіх ахвяравальнікаў будынак будуць аднаўляць, паведаміла нам дырэктар музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава. Супрацоўнікі ўстановы культуры былі ў ліку самых актыўных прыхільнікаў вяртання святыні. Інтэрв'ю беларускім СМІ, круглыя сталы, акцыі па прыборцы тэрыторыі храма і іншае прыцягвала ўвагу грамадскасці, у тым ліку і за мяжой.

Музейшчыкі і іх аднадумцы марылі, што хай не адразу, але з часам змогуць знайсці грошы, каб аднавіць будынак. Па еўрапейскім вопыце, там можна было б адкрыць музей, выставачную залу, культурны цэнтр, творчыя майстэрні...

На пачатку гэтага года ў СМІ з'явілася інфармацыя пра намер камітэта «Віцебскаблмаёмасць» выставіць рэшткі сінагогі на аўкцыён за базавую велічыню. Ірына Воранава растлумачыла гэта юрыдычнай неабходнасцю: без аўкцыёну не вызначыць, ці ёсць цікавасць у патэнцыйных інвестараў узяць на сябе клопат аб гэтых гістарычна значных сценах. Абяцанне рэальнай падтрымкі з боку патэнцыйных мецэнатаў стала нагодай для наступных крокаў. Вялікую зацікаўленасць у справе аднаўлення віцебскай сінагогі агучыў рабін сінагогі на Вялікай Броннай у Маскве, кіраўнік аб'яднання хасідаў СНД «Хабад» Іцхак Коган. Дарэчы, яго карані з Беларусі. У Віцебску жылі яго сваякі, якія загінулі ў гета. Дарэчы, сям'я Шагала была хасідская. Калі адновяць сінагогу, пабываць у Віцебску захочуць хасіды з розных краін.

Але, галоўнае, што яшчэ на адзін гістарычны аб'ект у горадзе стане больш.

Ужо робяць праект

Па законе вернікі маюць прыярытэтнае права распараджацца гістарычнымі культавымі аб'ектамі пры ўмове іх аднаўлення. Зварот іудзейскай абшчыны станоўча быў успрыняты мясцовай уладай. Усе бюракратычныя фармальнасці зробленыя. Цяпер у рэшткаў храма будзе гаспадар.

Дарэчы, тое, што засталося ад сінагогі, афіцыйна не знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Некаторы час яе сцены належалі аднаму з прадпрыемстваў. Каля дзесяці гадоў таму Віцебскім заводам электрапрыбораў была распрацаваная перадпраектная дакументацыя па рэканструкцыі будынка былой сінагогі для адкрыцця там культурнага цэнтра. Ідэя не была рэалізаваная.

Ад зносу колішні храм выратавала тое, што будынак знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада, у так званай ахоўнай зоне, дзе без дазволу Міністэрства культуры гэта зрабіць было немагчыма. Але сцены не кансервавалі, ніхто за імі не даглядаў, і сінагога разбуралася сама па сабе ад часу.

Цяпер дакладна вядома, што пасля заканчэння будаўнічых работ тут адновяць менавіта сінагогу. Перадпраектная дакументацыя ўжо гатовая, работа над праектна-каштарыснай — вядзецца. Унутры і вакол будучай сінагогі навялі парадак. Толькі падчас нядаўняга нядзельніка вывезлі два грузавікі смецця. У разы больш — раней. Перасялілі ў новае жыллё дзве сям'і з дома па суседстве, каб выкарыстаць тэрыторыю для будаўнічых работ. Тыя, хто даўно не бачылі рэшткаў сінагогі, будуць прыемна ўражаныя — перамены да лепшага адразу заўважныя.

Унучкі Шагала ў курсе

У Віцебску да 1917 года было больш за семдзесят сінагог. У канцы XІX стагоддзя, згодна з данымі перапісу насельніцтва, тут больш за палову насельніцтва складалі яўрэі. У 2017-м у Віцебску з нуля пабудавалі сінагогу — першую за паслярэвалюцыйны час ва ўсёй Беларусі. Яна знаходзіцца ў некалькіх хвілінах пешшу ад плошчы Леніна. Будынак узведзены па ўнікальным праекце: назва яго ў перакладзе з іўрыта «Шацёр Давіда».

Унучкі Шагала Мерэт Меер, якая жыве ў Францыі і Швейцарыі, і Бэла Меер з ЗША ў курсе захадаў па аднаўленні сінагогі, у якой, верагодна, маліліся іх продкі. Дарэчы, унучкі мастака не забываюць пра Віцебск, дзе іх цёпла прымалі. І, калі б не пандэмія, гэтымі днямі ў «Арт-цэнтры Марка Шагала» (на вуліцы Путна) ужо можна было б убачыць выстаўку арыгіналаў (!) твораў Шагала з калекцыі яго сваякоў.

Усё звязанае з Шагалам у Віцебску беражліва захоўваецца, і ёсць шмат новых ініцыятыў. Напрыклад, ідэя стварэння «шагалаўскага квартала» з майстэрнямі, цырульнямі, кавярнямі і атэлямі. Да праекта рэканструкцыі гарадской забудовы ў Віцебску каля дома-музея Шагала прыклаў руку знакаміты архітэктар Леанід Левін. Згаданае месца можна зрабіць улюблёным для турыстаў і жыхароў горада.

«Звязда» працягвае сачыць за аднаўленнем сінагогі і рэалізацыяй ідэй, звязаных з памяццю аб Шагале.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.