Вы тут

Як падабраць ідэальны танальнік на лета? Сакрэты ад прафесійнага візажыста


Спякотнае лета — цяжкая пара для арганізма чалавека ў цэлым і для твару ў прыватнасці. Пад уздзеяннем сонца наша скура не толькі актыўна губляе вадкасць, але і моцна выпрацоўвае тлушч, што выклікае дыскамфорт і жаданне асвяжыцца. Ідэальна, калі летам вы можаце адмовіцца ад выкарыстання танальнага сродку. Аднак калі карпаратыўны кодэкс патрабуе ад вас выглядаць на ўсе 100 % у офісе ці сяброўка запрасіла на вяселле, то без макіяжу не абысціся. А як вядома, аснова паспяховага мэйка — ідэальны тон. Спецыяльна для чытачоў zviazda.by. візажыст Таццяна АГАФОНАВА дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі. Парады, якія падчас спякоты дапамогуць вам выглядаць ідэальна!


Як выбраць?

  • Танальны сродак павінен быць стойкім, але без эфекту «маскі» на абліччы. 
  • Выбірайце лёгкія тэкстуры, але пры гэтым маскіруючыя недахопы скуры. ВВ, СС, увільгатняльныя танальныя крэмы з гіалуронавай кіслатой — самыя папулярныя варыянты для лета. 
  • Калі ў вашай касметычцы ёсць тон, які застаўся з зімы, яго можна палегчыць пры дапамозе ўвільгатняльнага крэму для твару. 
  • Наяўнасць SPF- і UV-фільтраў у летнім тоне абавязковая. Абарона залішняй не будзе!
  • Набывайце маленькі аб’ём танальнага крэму, каб мець магчымасць яго выкарыстаць да канца сезона. Памятайце пра тэрмін прыдатнасці! 

Як падабраць адзенне?

Летам твар падвяргаецца ўздзеянню сонечных прамянёў, і скура цямнее, таму адценне танальнага сродку таксама павінна змяняцца. Можна мець у касметычцы сродкі для кожнага сезона. А можна і сэканоміць! Калі ў вас ёсць тон, з якім камфортна на працягу ўсяго года, можна набыць ADJUSTER — карэктар колеру танальнай асновы. Ён уяўляе сабой маленькую тубу з крэмам шакаладнага адцення. Дадаючы аджастар у свой танальны сродак, можна з лёгкасцю дасягнуць любога патрэбнага вам адцення. 

Як наносіць? 

Лепш за ўсё наносіць танальны сродак чыстымі пальчыкамі. Так пласт крэму будзе лягчэй і тон размяркуецца так, як патрэбна вашаму абліччу. Калі вы аддаяце перавагу выкарыстанню касметычных прылад, то раім наносіць танальны сродак увільгатнёным сінтэтычным пэндзлем ці спонжам. Гэтыя спосабы таксама дапамогуць пакрыць твар мінімальным пластам тону. 

Для тых, каму зусім цяжка «насіць тон» у спякоту, раім наносіць яго лакальна на тыя вобласці, дзе дакладна патрэбна карэкцыя: пад вачыма, каля крылаў носа, на пігментныя плямы. Пасля нанясення тона можна прыбраць лішкі танальнага сродку пры дапамозе сухой сурвэткі. Лёгка прыкласці яе да твару. Такім чынам, тон лепш пакрые скуру і даўжэй пратрымаецца. 

Як захоўваць?

Захоўваць танальны крэм трэба зыходзячы з рэкамендацый на ўпакоўцы. Звярніце ўвагу: на ёй ёсць спецыяльны знак у выглядзе адкрытага слоіка і лічбы з літарай. Напрыклад, 6М, 12М і г. д. Гэты знак гаворыць пра тое, колькі месяцаў танальным сродкам можна карыстацца пасля адкрыцця. Аптымальная тэмпература захоўвання ад +5 да +25 градусаў. Хаваць у халадзільнік танальны сродак летам не трэба. Галоўнае пазбягаць уздзеяння прамых сонечных прамянёў. 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.