Вы тут

Рэальныя здані, прывідныя людзі…


Вялікі тэатр Беларусі закрыў свой 88-ы сезон доўгачаканай прэм’ерай — новай версіяй оперы Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха», якая ўжо стала нацыянальнай музычнай класікай. Нагадаем, што ўпершыню гэтая опера была пастаўлена ў 1989 годзе, а ў наступным вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэатамі якой сталі кампазітар, пастаноўшчыкі і выканаўцы галоўных роляў. На сцэне першая пастаноўка пратрымалася 22 сезоны — больш чым які-небудзь іншы беларускі твор.


У цэнтры — пан Дубатоўк (Дзмітрый Шабеця).

Несумненна, праз пэўны час да гэтай оперы, як айчыннай класікі жанру, звернуцца новыя пастаноўшчыкі, і кожнае пакаленне будзе па-новаму ўсведамляць і ўспрымаць гэты музычна-сцэнічны твор, шукаючы цікавыя звесткі пра яго нараджэнне. А ў нас жа сёння ёсць магчымасць пачуць пра гэта з першых вуснаў — ад тых творчых асоб, якія больш за 30 гадоў таму стаялі каля вытокаў яго стварэння. Таму тэатр, акрамя традыцыйнай прэс-канферэнцыі, зладзіў сустрэчу журналістаў і асабліва дапытлівых гледачоў з тымі членамі першай пастановачнай групы і выканаўцамі, якія да сённяшняга дня знаходзяцца ў творчай абойме.

На жаль, і кампазітар, і лібрэтыст, без якіх наогул не было б гэтай оперы, ужо шмат гадоў як пайшлі з жыцця, але аб пачатку іх сумеснай работы вельмі цікава і дэталёва расказвае першы выканаўца партыі Беларэцкага заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, які сёння з’яўляецца мастацкім кіраўніком «Беларускай капэлы». Па яго словах, у той час Уладзімір Солтан задумаў напісаць сімфанічную паэму паводле «Дзікага палявання караля Стаха» і нават паказаў яму два гатовыя фрагменты — тэму вальса і тэму палявання.

— Дык гэты музычны матэрыял вельмі прыдатны для оперы! — усклікнуў Скарабагатаў.

— А хіба ў нас ёсць лібрэтысты, каб ствараць оперу? — парыраваў Солтан.

— Знойдзем.

І Скарабагатаў звярнуўся да пісьменніцы Святланы Клімковіч, якая на той час была рэдактарам бюлетэня «Тэатральны Мінск», ведаючы, што яна піша п’есы для тэатра і наогул добра разбіраецца ў тэатральных справах. Але ж для стварэння оперы неабходны музычны кіраўнік, і творцы-энтузіясты скіравалі свой погляд на аўтарытэтнага дырыжора і музычнага педагога народнага артыста СССР Яраслава Вашчака. Солтан паказаў яму свае музычныя фрагменты, Клімковіч — фрагменты лібрэта. Па словах Скарабагатава, адчувалася, што Вашчак зацікавіўся гэтай тэмай, але сказаў, што спачатку павінен перачытаць Караткевіча. Праз тры дні ўсе сабраліся на кватэры ў Яраслава Антонавіча, і ён урачыста абвясціў: сюжэт, бясспрэчна, оперны, і музычныя фрагменты, паказаныя Солтанам, адпавядаюць літаратурным вобразам першакрыніцы — значыць, будзем працаваць. У працэсе работы яны па слядах Караткевіча аб’ездзілі ўсю Беларусь, каб на свае вочы пабачыць і разваліны старажытных замкаў, і рэшткі былых шляхецкіх палацаў.

Менш чым за год опера была гатова, але Яраслаў Вашчак не дажыў да яе прэм’еры два месяцы (ён узяўся за работу ўжо будучы невылечна хворым). Выпускаў і ў далейшым вёў спектакль іншы, не менш аўтарытэтны дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў. А рэжысёрам-пастаноўшчыкам стаў Вячаслаў Цюпа — авангардыст і эксперыментатар, які на той час з’яўляўся галоўным рэжысёрам беларускай оперы, а да гэтага быў галоўным рэжысёрам Тэатра музкамедыі, дзе паставіў шэраг нашумелых спектакляў, за адзін з якіх атрымаў Прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. У пастаноўцы Цюпы оперны спектакль тады набыў рысы гістарычна-містычнага трылера. Забягаючы наперад, адзначым, што і ў новай пастаноўцы яны прысутнічаюць, і гэта адпавядае духу літаратурнай першакрыніцы.

Як вядома, Караткевіч першы з беларускіх пісьменнікаў, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. І ў аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» выразна адчуваецца жанраўтваральная адметнасць дэтэктыва — наяўнасць таямніцы або загадкі. Загадак у творы некалькі, а галоўная таямніца звязана з вобразам дзікага палявання. Ёсць у аповесці і характэрныя для дэтэктыва персанажы: ахвяра, следчы і злачынца. І, па законах гэтага жанру, усе загадкі і таямніцы паступова высвятляюцца, а ў канцы раскрываецца і злачынца, які напачатку нават не ўваходзіў у кола падазроных.

Але ў адрозненне ад чыстага дэтэктыву Караткевіч прывязвае дзеянне да канкрэтнай гістарычнай эпохі («падыходзілі да канца праклятыя васьмідзесятыя гады», а далей па тэксце высвятляецца дата — 1888 год і нават месяц — кастрычнік, калі герой аповесці завяршаў сваю этнаграфічную экспедыцыю па Беларускім Палессі). І што самае важнае — пісьменнік раскрывае сацыяльныя супярэчнасці беларускага грамадства таго часу і паказвае яго нацыянальную, культурную і гістарычную адметнасць. Таму перад стваральнікамі спектакля стаяла вельмі складаная задача: каб за дэтэктыўнымі хітраспляценнямі сюжэта выразна праглядаліся адзначаныя моманты.

Па вялікім рахунку, ім гэта ўдалося.

Рэжысёр новай пастаноўкі Ганна Маторная, прыступаючы да работы, адзначала: «Рысы гатычнага рамана, містычнай, гістарычнай і рамантычнай драмы — уся гэта непаўторная атмасфера існуе і ў аповесці Караткевіча, і ў лібрэта Святланы Клімковіч і, зразумела, ажывае ў музыцы Солтана. Можа быць мноства інтэрпрэтацый і варыяцый увасаблення ідэі гэтага твора. У аснову нашай пастаноўкі пакладзены прыём гістарычнай рэканструкцыі. Мы перш за ўсё будзем гаварыць аб непаўторнай атмасферы Беларусі і пастараемся паказаць тое, што адрознівае нас ад іншых. І каб іншыя, паглядзеўшы наш спектакль, гэта адчулі».

А непасрэдна перад прэм’ерай дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Іваноў адзначаў, што партытура гэтай оперы мае няпростую гісторыю. «У нашай пастаноўцы будзе гучаць больш поўны варыянт музыкі Уладзіміра Солтана. Як аказалася, першая арыгінальная партытура была згублена і аднаўлялася па аркестравых партыях. Гэта работа ажыццяўлялася ў сціслыя тэрміны, і многія фрагменты так і не былі адноўлены. Прыступаючы да работы, мы з рэжысёрам імкнуліся раскрыць купюры, а таксама знайсці ўсе рукапісныя матэрыялы кампазітара да гэтай оперы. У архівах Валянціны Солтан намі былі знойдзены чатыры арыі, датаваныя 1987 годам, якія не ўвайшлі ў першую пастаноўку. Улічваючы іх мастацкую каштоўнасць, мы палічылі магчымым і патрэбным выкарыстаць іх у новай пастаноўцы. Гэта песня Рыгора, якая гучыць у суправаджэнні аркестра; маналог Беларэцкага, які раскрывае гэтага персанажа з іншага боку, больш набліжанага да Караткевіча; арыя Свеціловіча, якая найбольш глыбока перадае яго ўнутраны свет і таксама больш набліжана да Караткевіча. А арыя Яноўскай, якая была візіткай першай пастаноўкі і часта выконвалася ў канцэртах, прагучыць у зусім іншым варыянце — гэта не столькі арыя, колькі разгорнуты маналог з рознымі раздзеламі. Акрамя гэтага, прадстаўлена яшчэ некалькі невядомых фрагментаў у першай і другой дзеях».

У гэтым творы выяўляецца арганічнае перапляценне самых разнастайных плыняў: драматычных і дэтэктыўных, рамантычных і містыка-сімвалісцкіх, псіхалагічных і сацыяльных, побытавых і этнаграфічных. Таму музычная мова оперы вызначаецца полістылістыкай, дзе ёсць і фальклор у арыгінальнай трактоўцы, і стылізацыя, і традыцыі «вялікай оперы».

Адзначым, што опера — жанр умоўны, таму ў ёй немагчыма адлюстраваць усе перыпетыі літаратурнай першакрыніцы. Лібрэтыст свядома як бы спрашчае сюжэт, але пры гэтым надае асобным сцэнам і спектаклю ў цэлым выразную нагляднасць. Так, у першай дзеі вялікай сэнсавай нагрузкай і яркай відовішчнасцю выдзяляецца сцэна балю мясцовай шляхты ў гонар паўналецця Надзеі Яноўскай. І цэнтральным персанажам на ім выступае не юная гаспадыня Балотных Ялін, а яе сваяк і апякун — пан-айцец Грынь Дубатоўк, фігура надзвычай каларытная, надзеленая такой жа надзвычайнай характарнасцю. Ён дорыць сваёй падапечнай рарытэтны кілім: «Трымай, доня. Дзедаўскі яшчэ. Пакладзеш у спальні. У цябе там дзьме, а ногі ва ўсіх Яноўскіх былі нямоцныя», прылюдна падкрэсліваючы яе нямогласць. (Рэжысёр чамусьці каштоўны выраб ручной работы замяніла трывіяльнай мядзведжай шкурай.) Дарыць ён Надзеі і старажытны шляхецкі ўбор — «сапраўдны, не якая-небудзь падробка», ведаючы, што ў ім дзяўчына будзе выглядаць нязграбна. А ў завяршэнне прыслужнікі Дубатоўка выносяць «самы каштоўны падарунак» — партрэт Рамана Старога, віноўніка радавога праклёну, які смяротнай пагрозай навіс над безабароннай дзяўчынай.

Сцэна балю раскрывае не толькі матывы паводзін Дубатоўка і яго прыслужніка Алеся Вароны, які сватаўся да Яноўскай і атрымаў адмову, але і дэманструе карыкатурны вобраз правінцыйнай шляхты, якая без асаблівых на тое матываў нібыта таксама збірае хмары над галавой беднай дзяўчыны. Гэта асабліва яскрава праяўляецца ў пастаноўцы танцаў, калі пары суцэльнай масай як бы насоўваюцца на яе, заціскаючы ў кальцо… У гэтай сцэне гучыць і кракавяк, і мазурка, і паланэз — цэлая танцавальная сюіта, але ўсё эмацыянальна перакрывае вальс Надзеі — адна з галоўных тэм оперы.

Не ставячы пад сумненне мастацкія вартасці сцэны балю, усё ж трэба адзначыць, што ў ёй назіраецца зрушэнне сэнсавых акцэнтаў, якія падкрэсліваў Караткевіч у адпаведным раздзеле, а менавіта — вымарачнасць беларускай шляхты, залаты век якой адышоў у гісторыю: «У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы працэс вымірання нашай шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі… Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў, продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі…»

У другой дзеі найбольш яркай з’яўляецца сцэна халастой вечарынкі ў доме Дубатоўка, куды быў наўмысна запрошаны Беларэцкі. Лібрэтыст перанесла яе ў фінал, хоць у Караткевіча яна размешчана ў першай палове аповесці. Такая драматургічная трансфармацыя выклікана спецыфікай сцэнічнага дзеяння: у час вечарынкі Дубатоўк, будучы ўпэўненым, што Беларэцкаму ўжо не вырвацца з яго лап, зрывае з сябе ўсе маскі, што вельмі яскрава праяўляецца ў апошняй арыі гэтага персанажа. Такім чынам адбываецца генеральная кульмінацыя, пасля якой хутка наступае развязка.

І ў першай, і ў другой дзеях вельмі ўражваюць аркестравыя карціны дзікага палявання, якія падмацоўваюцца сродкамі сцэнаграфіі і відэакантэнтам, што стварае зрокавую ілюзію шалёнай скачкі. Пры гэтым асаблівае ўражанне ствараюць рухомыя скульптуры вершнікаў на дрыкгантах, якія нібыта ляцяць у паветры.

Разгорнутыя народныя сцэны, прадстаўленыя ў другой дзеі, напоўнены шчымлівымі харавымі партыямі, прасякнутымі народнымі інтанацыямі і арыгінальнымі мелодыямі. Цікава, што хормайстар-пастаноўшчык народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч была хормайстрам і першай пастаноўкі гэтай оперы. І калі тады хор гучаў за кулісамі, то цяпер яго жаночая частка выведзена на сцэну для ўдзелу ў народных абрадах і жанравых замалёўках. Незразумела толькі, чаму народныя сцэны паказаны ў час зімы, калі ў Караткевіча на працягу ўсёй аповесці апісваюцца восеньскія пейзажы. Відаць, рэжысёру падабаюцца калядныя абрады і звязаныя з імі розныя спосабы варажбы, якія паказваюцца са сцэны. Але адзначым, што і восеньскі каляндарна-абрадавы цыкл не такі ўжо бедны.

Асобна хочацца адзначыць сцэнаграфічнае вырашэнне спектакля, ажыццёўленае мастаком Андрэем Меранковым, якое візуальна перадае палацавыя і прасторавыя вобразы, апісаныя ў аповесці. У архітэктурных фрагментах угадваюцца і бельведэр, і бакавыя вежы, а ва ўнутраных памяшканнях прыцягвае позірк багатая бібліятэка, з якой звязаны перыпетыі аповесці, і галерэя фамільных партрэтаў. Кулісы аформлены ў выглядзе слуцкіх паясоў, матывы якіх выкарыстоўваюцца і ва ўбранні інтэр’еру.

У вонкавым афармленні пазнаецца чыгунная агароджа тонкай работы і ажурныя ўязныя вароты. І як ілюстрацыі да кнігі выглядаюць высачэзныя яліны старога парку.

Мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка імкнулася да гістарычнай рэканструкцыі. Напрыклад, свята паўналецця Яноўскай выглядала як баль-маскарад гасцей, апранутых у старадаўнія шляхецкія строі. А ў народных сцэнах артысты былі апрануты не ў стылізаваныя касцюмы, а ў максімальна набліжаныя да сапраўдных народных. Пры гэтым мастачка выкарыстоўвала фрагменты арнаментаў са старажытных беларускіх ікон, у прыватнасці — з іконы Святой Параскевы.

І ў заключэнне некалькі слоў пра артыстаў. На ўсе галоўныя ролі назначана па чатыры выканаўцы, на ролі другога плана — па тры-чатыры, так што пералік іх быў бы вельмі вялікі. Новая пастаноўка ўбачыла свет рампы тры разы — на здачы і двух прэм’ерных паказах. Так што далёка не ўсе выканаўцы мелі магчымасць выйсці на сцэну ў канцы сезона. Але наступны сезон будзе адкрывацца гэтай операй, і для многіх з выканаўцаў ён стане прэм’ерным.

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Міхаіла Несцерава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт