Вы тут

У Савеце Рэспублікі прайшла нарада па сітуацыі з сезонным уздымам захваральнасці


Гатоўнасць сістэмы аховы здароўя да восеньскага эпідэмічнага сезона і чарговай хвалі COVID-19 сёння абмеркавалі на нарадзе з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі КАЧАНАВАЙ. Тэмай гутаркі стала работа па процідзеянні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі сярод насельніцтва.


Старшыня верхняй палаты парламента, як упаўнаважаны Кіраўніка дзяржавы па Мінску і куратар пытанняў аховы здароўя напачатку сустрэчы патлумачыла актуальнасць сённяшняй нарады:

— Мы бачым рост захворвання, у тым ліку і ў сувязі з ростам іншых сезонных хвароб, і павінны быць да гэтага гатовыя, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента.

Яна звярнулася да ўдзельнікаў з пытаннем: ці існуюць складанасці з лекамі, сродкамі індывідуальнай абароны, наяўнасці месцаў у стацыянарах, забяспечанасцю кіслародам. 

— Усе пытанні, якія ўзнікаюць, я прасіла б сёння пазначыць, — звярнулася яна да ўдзельнікаў сустрэчы.

Адзначым, што на нараду былі запрошаны прадстаўнікі медыцынскіх ВНУ, устаноў Міністэрства аховы здароўя і профільнага міністэрства — тыя, хто кантролюе сітуацыю з COVID-19 на месцах. 

— У рэгіёнах сітуацыя кантралюемая. За гэты час назапашаны вопыт, які дазваляе адэкватна рэагаваць, ацэньваць і прагназаваць сітуацыю, — адзначыў у гутарцы з журналістамі старшыня Гродзенскага аблвыканкама, кіраўнік міжрэгіянальнага штаба па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Уладзімір КАРАНІК. — Зараз мы ўваходзім у сезон уздыму вострых рэспіраторных інфекцый. Каранавірус таксама да іх адносіцца. 

Ён адзначыў, што лічба захваральнасці на дадзены момант яшчэ не дасягае пікаў мінулага года.

Кіраўнік міжрэгіянальнага штаба падкрэсліў, што зараз асноўныя намаганні медыкаў гэтых дзвюх рэгіёнаў накіраваны на кампанію па вакцынацыі і абароне найбольш уразлівых катэгорый: састарэлых людзей, пацыентаў з хранічнымі захворваннямі, работнікаў сацыяльнай сферы. Ён адзначыў, што па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях ужо дасягнуты мэтавыя паказчыкі вакцынацыі работнікаў сістэм аховы здароўя і сацыяльнай абароны, што зніжае рызыку некантралюемага распаўсюджвання інфекцыі сярод найбольш уразлівых груп.

Паводле слоў суразмоўніка, дзейнасць эпідэміялагічнай службы таксама актывізавалася, узмоцнены кантроль за выкананнем супрацьэпідэмічных мер і санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў.

— Імунная праслойка дазваляе спадзявацца, што лічбы захворвання будуць ніжэйшымі, чым летась. Але, з іншага боку, мы разумеем, што пераважае Дэльта-штам, які валодае большай вірулентнасцю, — падкрэсліў ён і звярнуў увагу, што перадумоў, каб сітуацыя выйшла з-пад кантролю няма.

На пытанне карэспандэнта «Звязды», як хутка спраўдзіцца прагноз аб мутацыі COVID-19 з пандэмічнага ў сезонны, Уладзімір Каранік адзначыў, што каранавірус новага тыпу вельмі павольна і паступальна праяўляе прыкметы сезоннасці (аб гэтым сведчаць пад’ём захваральнасці ім вясной і восенню), але яшчэ рана казаць аб яго выключна сезонным характары, бо ён не страціў уласцівасці пандэмічнага штаму.

Трэба сказаць, што на нарадзе прысутнічалі і прадстаўнікі навуковай школы — супрацоўнікі ВНУ актыўна дапамагаюць практыкуючым медыкам у барацьбе з распраўсюджваннем каранавіруса новага тыпу. 

— З ліку супрацоўнікаў кафедраў інфекцыйных хвароб фармаваліся групы, якія аказвалі не толькі метадычную, але і кансультатыўна-лячэбную дапамогу стацыянарам па ўсёй рэспубліцы. І гэтая дзейнасць цяпер актывізуецца за кошт шырокага прыцягнення студэнтаў, — канстатаваў суразмоўнік.

У сваю чаргу прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Дзмітрый ДАНІЛАЎ таксама падкрэсліў, што за гэты час работнікі сістэмы аховы здароўя атрымалі вялікі вопыт, удасканалена і база ўстаноў, вырас узровень аказання медыцынскай дапамогі. Аднак расслабляцца рана, бо структура захворвання змяняецца. Таму не варта забывацца аб такіх мерах засцярогі, як нашэнне масак, сацыяльнае дыстанцыяванне і, безумоўна, вакцынацыя насельніцтва. 

Апошняя, дарэчы, абараняе не столькі ад самога захворвання, колькі ад яго цяжкага цячэння. 

— Медыкам вядомыя выпадкі, калі прышчэплены чалавек быў крыніцай інфекцыі. Вакцынавацца варта і тым, хто перахварэў — выпрацаваныя арганізмам антыцелы не вечныя. Гэта клопат не толькі пра сабе. Мы павінны падумаць адно пра аднаго, пра сваіх блізкіх і навакольных. Гэта калі не вырашыць пытанне, то па меншай меры выдатна дапаможа медыцынскай супольнасці змагацца з інфекцыяй, — лічыць прафесар і рэкамендуе абавязкова прышчапляцца. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».