Вы тут

У Дзень народнага адзінства ў Полацку падвялі вынікі творчых конкурсаў майстрых абрэзкавага шыцця


У Дзень народнага адзінства ў найстарэйшым беларускім горадзе Полацку падвялі вынікі творчых конкурсаў майстрых абрэзкавага шыцця, у тым ліку міжнароднага конкурсу, які праводзіўся на працягу пятнаццаці гадоў.


Тво­ры бу­ду­чай «Чыр­во­най кні­гі».

Інтэрнацыянальная каманда

Ініцыятар правядзення конкурсу «Свет без межаў» — нязменная кіраўніца найстарэйшага ў Беларусі народнага клуба аматараў абрэзкавага шыцця «Рошва» (азначае абярэгавае чырвонае шво), які працуе ў раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. «Рошве» ўжо сямнаццаць гадоў.

— Праект быў задуманы і ў хуткім часе пачаты пятнаццаць гадоў таму падчас першага экалагічнага фестывалю, які адбыўся таксама ў Полацку, дарэчы, у верасні. Тэма экалогіі, чыстай прасторы, будучыні для нашых дзяцей і ўнукаў, пагадзіцеся, вечная. Яна хвалявала чалавецтва і будзе хваляваць, — распавядае Ніна Ярмух.

Яна і яе вучаніца Таццяна Захаранкава, таксама палачанка, у сваім творы «пасадзілі дрэва». Палічылі, што гэта імправізаваны сімвал зялёнай планеты. А прадоўжыла работу майстрыха з Вільнюса Алдона Таманітэ, якой перадалі пачатак будучага калектыўнага твора, — з пажаданнямі, каб дрэва расло моцным і цудоўным.

Потым сваю лепту ўнесла датчанка Элізабет Ёргенсан. За ёй — жыхарка расійскага Санкт-Пецярбурга Ніна Забеліна, кіраўніца клуба «Радова», якая дадала светлыя фарбы ў агульную палітру. Пасля яе да ўдзелу ў праекце далучыліся тры майстрыхі з нямецкага горада-пабраціма Полацка — Фрыдрыхсхафена: Эльфрыда Хіп, Хермінэ Штром і Вільтруд Фішэр, якія раней бралі ўдзел у праекце «Полацкі абярэг». За імі — Святлана Сямёнава з Латвіі.

— А завяршыла праект жыхарка французскай Ніцы Алена Бес'ер. Яна выбрала сіні колер — неба і мора, а яшчэ гэта колер мудрасці. Францужанка ўпэўнена, што калектыўная мудрасць павінна дапамагчы нам не страціць адно аднаго падчас цяжкіх выпрабаванняў, — працягвае суразмоўца.

Су­мес­ны твор — вы­нік пра­цы май­стрых з ся­мі кра­ін.

У падарунак — тканіна

Такім чынам, можна ўбачыць насамрэч унікальнае палатно ад майстрых з сямі краін з «закадзіраванай» у тканіне інфармацыяй.

Дарэчы, у дзень, калі аб'явілі, што праект «Свет без межаў» фінішаваў, на цырымоніі прысутнічалі госці з Фрыдрыхсхафена. Яны з'яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі таварыства, якое ўжо дзясяткі гадоў падтрымлівае сяброўскія сувязі з палачанамі.
У падарунак прывезлі матэрыялы для працы швачак, якія вырабляюцца нямецкай фірмай, і інструменты.

Другой падзеяй стала аб'яўленне вынікаў творчага раўнду «Рамесная карусель», у якім бралі ўдзел і самі майстры, і дамы рамёстваў.

— У выніку сваю творчасць прадставілі 25 майстроў з 20 гарадоў! У кожным творы тое, што дарагое для тутэйшых і можа быць вельмі цікавым для турыстаў. Напрыклад, можна было адлюстраваць нейкую дэталь ці падзею з мінулага. Або проста настрой і стаўленне да пэўнага месца. Некаторыя аўтары нават пабывалі ў гасцях адно ў аднаго! — распавядае кіраўніца полацкіх майстрых.

«Чырвоная кніга» з кавалачкаў

Аўтар гэтых радкоў стаў адным з нямногіх, каму паказалі яшчэ адну цікавінку. У свой час «Звязда» анансавала, што да саракавой гадавіны першага выдання беларускай «Чырвонай кнігі» «Рошва» пачала ствараць яе старонкі з абрэзкаў тканіны. І вось ужо можна ўбачыць некалькі дзясяткаў палотнаў з выявай рэдкіх раслін.

— Мы плануем перадаць ужо сшытую кнігу ў падарунак полацкаму экалагічнаму музею. Думаю, і пасля гэтага будзем працягваць працу, бо ў «Чырвонай кнізе» вельмі шмат назваў раслін. Безумоўна, кожная з іх вартая, каб яе выяву зрабілі ў тканіне пяшчотныя жаночыя рукі, — працягвае Ніна Ярмух.

Яна ўпэўнена, што творчасць, як і прыгажосць, выратуе свет. І рамеснікі, народныя ўмельцы могуць спрыяць наладжванню міру, згладжванню праблем паміж народамі і дзяржавамі.

Дарэчы, паводле слоў Алесі Ступаковай, дырэктара Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, у наступным годзе ўстанове культуры споўніцца трыццаць гадоў.

Акрамя «Рошвы», тут працуюць гурткі па аплікацыі саломкай, ткацтве, кераміцы, абрэзкавым шыцці, народны клуб народных майстроў і мастакоў «Майстар», народны клуб майстроў «Роднасць», музычныя калектывы «Спадчына» і «Полацкія россыпы». Майстры — удзельнікі і дыпламанты раённых, абласных, рэспубліканскіх фестываляў і свят, у тым ліку міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», рэспубліканскай выстаўкі-кірмашу рамёстваў «Горад майстроў», абласнога конкурсу «Гуляй, гармонік», нацыянальнага свята «Дзень беларускага пісьменства», выстаўкі народнага мастацтва «Жывыя крыніцы» і іншых.

Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Шыць, каб у дружбе жыць!

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.