Вы тут

Сенатары правялі адзіны дзень прыёму грамадзян на Брэстчыне: што хвалюе людзей?


На гэтым тыдні «сенатарскі дэсант» высадзіўся на Брэстчыне: менавіта тут у сераду, 22 верасня, правялі адзіны дзень прыёму члены Прэзідыума Савета Рэспублікі і сенатары, абраныя ад гэтага рэгіёна. Спікер верхняй палаты парламента Наталля КАЧАНАВА пагутарыла з людзьмі ў Ляхавічах: асабіста да яе са сваімі праблемамі за 8 гадзін паспелі звярнуцца 50 чалавек (было б і больш, але магчымасці любога прыёму адмежаваныя), якія прыехалі з розных куткоў краіны. 


Віцэ-спікер Савета Рэспублікі Анатоль ІСАЧАНКА адзіны дзень прыёму грамадзян з сенатарамі правёў у Івацэвічах

Тут да яго звярнуліся са сваімі праблемамі і турботамі каля дзвюх дзясяткаў чалавек. 

Каго на асабісты прыём прывяла жыллёвая праблема, каго — жаданне ўнесці прапанову ў заканадаўчыя акты. Сярод актуальных тэм для заяўнікаў — аднаўленне дзейнасці лазні, работа сельмагаў, цэны на хлеб і лекі, арганізацыя прыёму дзікаросаў ад людзей, газіфікацыя, асвятленне вёсак па вечарах, зямельныя спрэчкі, працаўладкаванне…

Так, жыхар вёскі Хойнікі Бярозаўскага раёна прыехаў у Івацэвічы з прапановамі па ўдасканаленні пенсійнага заканадаўства, ён таксама пацікавіўся, калі будзе гатовы праект новай Канстытуцыі. 

Жыхар вёскі Рудня Івацэвіцкага раёна прасіў пасадзейнічаць у вылучэнні крэдыту для яго дачкі. Пенсіянерка з Івацэвічаў прынесла хадайніцтва аб прызнанні яе вязнем канцлагера з выдачай адпаведнага пасведчання. 

Інвалід I групы Ірына Падліпская з аграгарадка Быцень прасіла дапамагчы з атрыманнем сацыяльнага жылля. Зараз жанчына жыве з 92-гадовай маці ў доме з пячным ацяпленнем, па доме дапамагае сацыяльны работнік, але дзвюм жанчынам (адна старая, а другая нямоглая) усё роўна цяжка. Заяўніца расказала, што на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць з 2011 года, зараз зарэгістравана ў інтэрнаце, але там не жыве, бо безбар’ернага асяроддзя там не створана, а інваліду-калясачніку гэта жыццёва неабходна.

Як патлумачыў старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, які прысутнічаў на прыёме, сітуацыя для ўлады вядомая:

— На жаль, чарга на жыллё сацыяльнага карыстання вялікая. Прапануем Ірыне Уладзіміраўне пераехаць у пакой на першым паверсе інтэрната, абсталюем пляцоўку для захоўвання калыскі. Ёсць таксама месцы ў доме-інтэрнаце, дзе створаны ўсе ўмовы для пражывання інвалідаў. 

Разгледзеўшы ўсе звароты і пагутарыўшы з усімі заяўнікамі, Анатоль Ісачанка даў шэраг даручэнняў мясцовай вертыкалі ўлады. А падсумоўваючы вынікі прыёму, у гутарцы з журналістамі ён адзначыў, што рашэнне канкрэтных жыццёвых праблем грамадзян — ключавое ў дзейнасці сенатараў. 

— Кожны прыём або прамая тэлефонная лінія — гэта магчымасць выявіць сістэмныя праблемы і аказаць дапамогу тым нашым суайчыннікам, каму яна сапраўды неабходная, — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, віцэ-спікер Савета Рэспублікі звярнуў увагу на асаблівасць прыёму ў Івацэвічах: сярод заяўнікаў было шмат, якія раней ужо звярталіся ў розныя дзяржаўныя органы, аднак не змаглі там вырашыць свае праблемы.

— Кожны зварот, які паступіў, мы бярэм на кантроль і накіроўваем адпаведныя даручэнні ў профільныя інстанцыі. Важна, што грамадзяне ўсё больш давяраюць Савету Рэспублікі ў вырашэнні сваіх жыццёвых праблем, — падсумаваў Анатоль Ісачанка.


Прыём грамадзян у Брэсцкім раёне правяла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ

На прыём да сенатара прыйшлі не толькі жыхары раёна, прыехалі таксама грамадзяне з Брэста, Іванаўскага раёна. Першымі наведвальнікамі сталі прадстаўнікі садовага таварыства «Бярозавы гай», якое знаходзіцца пад Брэстам. У іх узнікла праблема з электразабеспячэннем. Традыцыйна святлом таварыства забяспечвала Брэсцкае аддзяленне чыгункі, энергія паступала праз устройствы тэхналагічнага электразабеспячэння, якія знаходзяцца ў гаспадарчым распараджэнні Брэсцкай дыстанцыі пуці. Такое становішча з 1990 года, ад аднаго КТП токам сілкаваліся некалькі таварыстваў, і ўсё было добра. У 2018 годзе змянілася заканадаўства, усіх спажыўцоў энергіі абавязалі перайсці ў электрасеткі, а таксама зарэгістраваць асобныя лічыльнікі на кожнае таварыства. Для гэтага патрэбны праекты і, адпаведна, вялікія сродкі. Многія члены таварыстваў — пенсіянеры. Галоўны бухгалтар таварыства сказала, што хутка правесці такую кампанію нерэальна. Калі ў сціслыя тэрміны запатрабуюць прывесці ўсё ў адпаведнасць з заканадаўствам, людзі рызыкуюць застацца без святла.

Прадстаўнік чыгункі, які прысутнічаў на прыёме, бачыць выйсце ў паэтапным падключэнні таварыстваў да гарадскіх сетак, рашэнне ў любым выпадку можа быць прынята ў рамках закона.

Спецыяліст электрасетак патлумачыў, што арганізацыя гатовая будаваць новую трансфарматарную падстанцыю. У плане гэтая работа значыцца на 2023–2028 гады. Цяпер вырашаецца, за чый кошт будзе ісці будаўніцтва. У выніку 25 садовых таварыстваў будуць падключаць да сетак па названай схеме.

— Прымаем запэўніванні электрасетак, што работа будзе праведзена паступова, а людзі не пацерпяць, — адзначае Таццяна Руец і дадае: — На гэтым прыкладзе бачым, што ў 2018 годзе быў прыняты сыры дакумент. Дык вось цяпер у нас, у Савеце Рэспублікі, ёсць экспертны савет, усе будучыя ўказы мы вывяраем разам з практыкамі. Запрашаем людзей з месцаў, раімся з імі, слухаем іх пункт гледжання. Надалей буду ведаць, каго запрашаць на экспертны савет па садовых таварыствах. Агучаная вамі праблема можа ўзнікнуць і ў другіх рэгіёнах, — заўважае сенатар.

З вёскі Братылава на прыём прыехала Ірына Завадская. Ад імя жыхароў вёскі Ірына Пятроўна прасіла ўладкаваць тратуар па вуліцы Цэнтральнай, а таксама карэнным чынам палепшыць транспартныя зносіны з Брэстам. Заяўніцы адразу далі адказ. Намеснік старшыні райвыканкама Леанід Шлыкаў расказаў, што зараз вырашаецца пытанне з маршрутным таксі, якое ходзіць паміж Брэстам і Чэрнямі. Перавозчык апошнім часам не выконвае свае абавязацельствы, магчыма, у хуткім часе прыйдзе новы перавозчык на гэты маршрут. А прадстаўнік дарожнага ведамства расказаў, калі канкрэтна будзе праведзена добраўпарадкаванне ў гэтай прыгараднай вёсцы.

Жыхарка вёскі Тэльмы прыйшла з застарэлай праблемай вуліцы Маладзёжнай. Трыццаць гадоў людзі церпяць ад паводак, неабходна ліўневая каналізацыя. Для яе ўзвядзення патрэбны вялікія сродкі. У раёне праблему ведаюць, але ў раённым бюджэце сродкаў на гэта няма. Вырашэнне праблемы магчыма, калі грошы выдзеляць з вобласці ў парадку інвестпраграмы. Пытанне ўзята на кантроль сенатарам.

З Брэста на прыём прыехала Таццяна К. Яна з сям’ёй жыве на здымнай кватэры, у іх у 2015 годзе згарэў дом. На той момант у арганізацыі, дзе працуе заяўніца, месцаў у інтэрнаце не было. Таму сям’я пайшла на кватэру. Таццяна прасіла спрыяння ў атрыманні арэнднага жылля. Прадстаўнік Брэсцкага гарвыканкама прапанаваў будаваць жыллё без дзяржпадтрымкі. Ёсць варыянт будаўніцтва кватэры ў доме з коштам 1560 рублёў за квадратны метр з унутранай аддзелкай. Заяўніца зацікавілася гэтай прапановай. Далей пытанне будзе вырашацца ў Брэсцкім гарвыканкаме.

Яшчэ некалькі зваротаў датычылаіся функцыянавання садовых таварыстваў, што не дзіўна. У Брэсцкім раёне такіх таварыстваў каля 250, праблем узнікае нямала. Нярэдка ў людзей бываюць нараканні на работу сваіх старшынь альбо бухгалтараў. Але найбольш праблем узнікае ў стасунках з рознымі арганізацыямі. Пасля прыёму Таццяна Рунец сказала ў размове з журналістамі, што ўзнятыя пытанні па рабоце садовых таварыстваў яна ўзяла на адмысловую заметку, а таксама падкрэсліла, што па выніках прыёму заяўнікі атрымаюць адказы. Некаторыя пытанні патрабуюць дадатковага вывучэння.

У гэты ж дзень сенатар правяла рабочую сустрэчу са старшынямі сельскіх Саветаў Брэсцкага раёна. Сустрэча адбылася ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Яе ўдзельнікі азнаёміліся з экспазіцыяй музея, з тэматычнай выстаўкай, прысвечанай Дню народнага адзінства, а потым абмяняліся думкамі па шэрагу актуальных пытанняў.


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ правёў прыём грамадзян у Кобрынскім раёне

— Фармат правядзення адзінага дню прыёма сенатарамі дазваляе пабачыць не толькі праблемы асобнага населенага пункта, але і рэгіёна ў цэлым. Пачуць людзей на месцах і выпрацаваць эфектыўныя механізмы вырашэння пытанняў — адзін з асноўных падыходаў у нашай рабоце, — падкрэслівае старшыня профільнай камісіі.

Ён правёў гэты дзень невыпадкова ў гэтым раёне, бо з’яўляецца ўраджэнцам Кобрыншчыны, таму ён з лёгкасцю знайшоў агульную мову з землякамі. На прыём да яго запісаліся пяць чалавек. Зрэшты, у гутарцы не адмаўлялі і тым, хто прыйшоў без запісу. У кола тэм для абмеркавання патрапілі вытворчасць медыцынскіх масак, узаемаадносіны паміж прыватным бізнесам і ўладай, стварэнне безбар’ернага асяроддзя — і гэта далёка не поўны спіс актуальных праблем, пра якія гаварылі ў гэты дзень.

— Безумоўна, адзіны прыёму грамадзян дазваляе ўбачыць у цэлым рэгіён і яго праблемы, — адзначыў Віктар Лісковіч. — Вельмі важна, што пасля прыёму грамадзян мы праводзім выязны Прэзідыум на базе аднаго з раёнаў і падводзім вынікі работы са зваротамі грамадзян у вобласці.


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў у Ганцавічах

Жыхары раёна звярнуліся да сенатара па пытаннях, што датычацца падаткаабкладання, удасканалення заканадаўства, землекарыстання, прадастаўлення арэнднага жылля і іншых актуальных для іх тэмах. Па ўсіх зваротах парламентарый даў тлумачэнні падчас прыёму.

У другой палове дня старшыня профільнай камісіі сустрэўся з калектывам Ганцавіцкага хлебазавода, расказаў работнікам аб структуры Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, яго функцыях, праінфармаваў аб палітычнай сітуацыі ў краіне, якая склалася, завастрыў увагу на важнасці вакцынацыі ад COVID-19, распавёў аб падрыхтоўцы да правядзення канстытуцыйна-прававой рэформы.

На прыём да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея РАЧКОВА, які праводзіўся ў Лунінецкім райвыканкаме, прыйшлі сем чалавек, якія паднялі дванаццаць пытанняў.

Дарэчы, падчас паездкі ў Брэсцкую вобласць сенатар наведаў таксама ААТ «Лунінецкі малочны завод», спартыўны комплекс з басейнам «Дэльфін», а таксама лядовую арэну «Алімп-2011», дзе правёў сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Таксама Сяргей Рачкоў азнаёміўся з рэканструкцыяй корпуса пад інфекцыйнае аддзяленне Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы.


Член Савета Рэспублікі Аляксандр КАРПІЦКІ правёў прамую лінію і прыём грамадзян у Брэсце

Да члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, галоўнага ўрача Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы на прамую лінію паступілі два званкі, якія датычацца сферы аховы здароўя: вакцынацыя ад грыпу жыхара Брэста і шпіталізацыя ў інфекцыйнае аддзяленне з каранавіруснай інфекцыяй жыхаркі Камянецкага раёна. Узнятыя заяўнікамі праблемы вырашаны падчас правядзення прамой лініі.

На асабісты прыём звярнулася шэсць чалавек. Агучаныя імі пытанні датычыліся будаўніцтва дарогі па вуліцы Пралясковай у Брэсце, работы праўлення аднаго з жыллёвых кааператываў, прадастаўлення месца дзіцяці ў групе падоўжанага дня ў адной са школ, працаўладкавання, вызвалення ад працы па сумяшчальніцтве педагога, аплаты электраэнергіі і прыпынення яе падачы. Усе пытанні ўзятыя на кантроль.


Член Савета Рэспублікі Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ правёў асабісты прыём грамадзян для жыхароў Столінскага раёна

Да сенатара звярнуліся пяць жыхароў раёна. Звароты, якія паступілі, датычыліся жыллёвых пытанняў, вяртання грошай за аўтамабіль пастаўлены адной з фірм, запазычанасці па заработнай плаце, абслугоўвання інваліда на хаце.

Парламентарый даручыў адпаведным службам разабрацца з агучанымі заяўнікамі праблемамі і праінфармаваць іх, а па шэрагу пытанняў даў неабходныя тлумачэнні.


Даведка МС

Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, 22 верасня падчас адзінага дня прыёму грамадзян, праведзенага ў Брэсцкай вобласці членамі Савета Рэспублікі і старшынямі гар-і райвыканкамаў былі прынятыя 197 чалавек.

Усяго за студзень-жнівень члены Савета Рэспублікі разгледзелі 4673 звароты. У прыватнасці, з Брэсцкай вобласці за восем месяцаў паступіла 184 звароты, што на 34 % больш у параўнанні з такім жа перыядам 2020-га. Часцей за ўсё звяртаюцца да сенатараў жыхары Брэста і Баранавічаў, Пінска, Івацэвіцкага і Кобрынскага раёнаў.

Вольга АНУФРЫЕВА

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.