Вы тут

Супрацоўнікі МНС адпрацавалі ратаванне людзей падчас надзвычайнага здарэння


Паводле легенды рэспубліканскіх вучэнняў па адпрацоўцы плана абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайнай сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару, у той дзень на тэрыторыі Дзяржынскага раёна ішоў мокры снег, вецер літаральна зносіў з ног...


Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.

Улічваючы вопыт ліквідацыі наступстваў такіх прыродных катаклізмаў, як цыклоны «Хаўер», «Эма» і «Дзініела», перад службамі Дзяржынскага раёна стаяла задача аператыўна і, галоўнае, эфектыўна адрэагаваць на экстрэмальную метэаралагічную з'яву. У выніку камісіі па надзвычайных сітуацыях узгаднілі план, як дзейнічаць у дадзенай абстаноўцы, а таксама арганізавалі работу аварыйных службаў.

Другая частка вучэнняў была больш відовішчная. Па задумцы арганізатараў, пры правядзенні рамонтных работ на запорнай арматуры рэзервуара ёмістасцю 10 тысяч «кубоў» з бензінам адбыўся пажар. Сітуацыя ўскладнялася тым, што проціпажарны водаправод на аб'екце знаходзіўся на рамонце. У выніку ўзгарання пацярпеў работнік прадпрыемства. Да таго, як на месца здарэння прыбылі ратавальнікі, пацярпелага эвакуіравалі працоўныя нафтабазы. Брыгада хуткай дапамогі, якая аператыўна адрэагавала на выклік, даставіла мужчыну ва ўстанову аховы здароўя.

З полымем змагаліся падраздзяленні МНС, якія першай справай арганізавалі астуджэнне не толькі таго рэзервуара, які гарэў, але і суседніх. Затым пайшла ў ход пена. Улічваючы маштаб надзвычайнага здарэння і магчымыя наступствы, для тушэння былі прыцягнуты сілы і сродкі з некалькіх гарнізонаў вобласці. Паўсотні ратавальнікаў, каля 20 адзінак тэхнікі — і ўмоўнае здарэнне было ліквідавана.

— Уводныя фарміруюцца такім чынам, каб удасканаліць дзеянні не толькі падраздзяленняў МНС, але і органаў улады, кіраўніцтва і персаналу аб'екта, — заўважыў першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр ХУДАЛЕЕЎ. — У межах падобных маштабных трэніровак мы адпрацоўваем найбольш складаны варыянт магчымых падзей і ўдасканальваем рэкамендацыі па ўзаемадзеянні.

Па словах дырэктара РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт» Анатоля КАРОТКАГА, на аб'ектах, якія працуюць з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, бяспека арганізавана на найвышэйшым узроўні. «Вучэнні дазволілі персаналу аб'екта, у тым ліку добраахвотнай пажарнай дружыне, адпрацаваць дзеянні па ліквідацыі магчымай на прадпрыемстве надзвычайнай сітуацыі, — падкрэсліў кіраўнік прадпрыемства. — Кожны супрацоўнік, які ўваходзіць у склад добраахвотнага фарміравання як у ролі члена пажарнай дружыны, так і прадстаўніка санітарнага звяна, дакладна ведаў свае дзеянні і паказаў магчымасць правільна і своечасова рэагаваць на экстранны выклік».

Як адзначыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама, старшыня абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях Аляксандр КРУЧАНАЎ, усе зацікаўленыя службы і органы павінны разумець сваю ролю ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый і выразна прапрацаваць алгарытмы дзеянняў, якія залежаць менавіта ад іх, не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.

Другі этап праверкі гатоўнасці службаў Міншчыны пройдзе заўтра на тэрыторыі Барысаўскага раёна. Ратавальнікі разам з прадстаўнікамі іншых арганізацый будуць змагацца з наступствамі прыроднай стыхіі, а таксама ліквідаваць аварыю на сістэме цеплазабеспячэння.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Рэальны адказ на ўмоўны выклік

Выбар рэдакцыі