Вы тут

Абвешчаны пераможцы «Лістападзіка»


ХХVII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» яшчэ не скончыў сваю працу, але пэўныя вынікі сябры журы ўжо абазначылі. Сталі вядомымі назвы лепшых стужак «Лістападзіка». У гэтым годзе ўдзел у дзіцяча-юнацкай секцыі прынялі 14 работ. 


Найбольшую колькасць прызоў атрымаў фільм Аляксандра Куляміна «Новенькі». Карціна прысвечана хвораму на анкалогію хлопчыку, які прыйшоў у новую школу. Стужка перамагла ў наступных намінацыях: «прыз глядацкіх сімпатый», «лепшая дзіцячая роля» — яе выканала Вераніка Усцінава, лепшай работай акцёра ў дзіцячым фільме быў адзначаны Архіп Лебедзеў. Акрамя гэтага, «Новенькаму» прысудзілі прыз Савета юных кінакрытыкаў. 

Наступная работа, якая не засталася без увагі сяброў журы, мае назву «Нават мышы трапляюць у рай» рэжысёраў Яна Бубенічыка і Дэніза Грымава. Над анімацыйным фільмам працавалі адразу некалькі краін: Чэхія, Францыя, Славакія і Польшча. Мультфільм з надзвычай прыгожай анімацыяй распавядае гісторыю аб двух заклятых ворагах — мышаняці і лісе, якія памерлі і разам трапілі ў рай. Стужка атрымала «Залаты Лістападзік» за лепшы фільм. 

Падчас падвядзення вынікаў «Лістападзіка» былі адзначаны і работы беларускіх аніматараў. «Прэлюдыя і фуга» Ігара Волчака атрымала спецыяльны прыз журы «За сімфонію пачуццяў». Стужка адлюстроўвае дзіцячыя ўспаміны аб Таджыкістане. Мультфільм, прысвечаны Максіму Багдановічу, стварыла Алена Пяткевіч — «Я тайну ў глыбіні душы хаваю». Работа была ўзнагароджана дыпломам «За акварэльную поліфанію душы паэта».

Судзейскую калегію «Лістападзіка» ўзначаліла актрыса тэатра і кіно, заслужаная артыстка Украінскай ССР, заслужаная артыстка Расіі, віцэ-прэзідэнт і генеральны дырэктар адкрытага фестывалю кіно краін СНД і Балтыі «Кінашок» Ірына Шаўчук. Ацэньваў работы ўдзельнікаў таксама рэжысёр Аляксандр Ленкін і дырэктар кінастудыі «Грузія фільм» Хатуна Хундадзэ. У склад савета юных кінакрытыкаў увайшлі Гарардас Сенюцас, Вераніка Гапановіч, Арцём Зайцаў, Кацярына Ляцецкая, Арцём Лучанок і Паліна Шульга.

Арына КАРПОВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.