Вы тут

Як айчынныя турысты адкрываюць Ельскі раён Гомельшчыны


Пра тое, чым вабіць самы поўдзень Беларусі не толькі турыстаў, але і інвестараў, размаўляем са старшынёй Ельскага раённага выканаўчага камітэта Віктарам Замосцікам.


— Ельскі край — спакойны і вельмі ўтульны, з аўтэнтычнай культурай, магіяй глыбінкі Прыпяцкага Палесся. Калі прыязджаеш у раён, адчуваеш: людзі імкнуцца берагчы і шанаваць тое, што ёсць, але ўмеюць і пераймаць перадавы вопыт. Каму рады ў гэтым паўднёвым кутку Беларусі?

— Мы рады ўсім, хто хоча тварыць, будаваць, ствараць, спазнаваць, умее прымаць поспех і ведае цану спакойнага мірнага жыцця. Характэрна, што развівацца нашаму краю шмат у чым дапамагаюць людзі, якія не па чутках ведаюць яго моцныя бакі. Гэта іх малая радзіма, і яны сваёй працай імкнуцца ўнесці ўклад у яе развіццё, зрабіць яе яшчэ больш прывабнай.

— Дык у чым жа сіла раёна?

— У людзях, вядома! Сёння ў Ельскім раёне пражывае 15 тысяч чалавек, амаль шэсць тысяч — вяскоўцы. У эканоміцы занята больш за 42 працэнты жыхароў, значная частка працуе ў сельскай і лясной гаспадарцы. Калі казаць пра вытворчы патэнцыял Ельшчыны, то гэта, безумоўна, дрэваапрацоўка. Развіваем вытворчасць мэблі, выпуск піламатэрыялаў і паліўнай дранкі. Прадукцыя пастаўляецца як на айчынны рынак, так і ў блізкае і далёкае замежжа. Гэтаму спрыяе добрая інфраструктура па дрэваапрацоўцы. Наша тэрыторыя прывабная для развіцця любога віду гаспадарчай дзейнасці развітой сеткай шляхоў зносін як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню. Ёсць патэнцыял для развіцця аграрнага бізнесу. У нас дастаткова зямельных участкаў з добрай глебай. І ўжо ёсць выдатныя прыклады развіцця бізнесу па вырошчванні ягад, арэхаў, пладовых дрэў і кустоў.

— Раскажыце пра беларускія брэнды з прапіскай на Ельшчыне.

— «Ельскае крэсла» — сапраўды брэнд з паўвекавой гісторыяй. Былі часы, калі прадукцыю Ельскай мэблевай фабрыкі пастаўлялі па ўсім Савецкім Саюзе. Сёння прадпрыемства перажывае не самы лёгкі перыяд, але па-ранейшаму не саступае пазіцый найбуйнейшага беларускага вытворцы крэслаў і абедзенных сталоў з масіву дрэва. У вытворчасці выкарыстоўваюцца толькі натуральная драўніна, экалагічныя лакі і фарбы. Літаральна днямі ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу і кан'юнктуры цэн прадстаўнікі Ельскай мэблевай фабрыкі прынялі ўдзел у дзелавых перагаворах з японскай бізнес-місіяй.

Ельскі брэнд — гэта і натуральныя плодаагароднінныя кансервы і сокі. Ельскі кансервавы завод у мінулым годзе адзначыў 70-гадовы юбілей. Паэтапнае тэхнічнае пераўзбраенне дае магчымасць прадпрыемству развівацца і займаць сваю нішу на рынку. Вырабляюцца кансервы з зялёнага гарошку, салаты, марынаваныя агуркі, падліўка, яблычнае павідла, розныя сокі і нектары. Уся прадукцыя вырабляецца з натуральнай сыравіны, без кансервантаў. Працуе на заводзе больш за 60 чалавек.

Асобна варта згадаць Ельскі лясгас. Яго доля ў выручцы ад усіх прадпрыемстваў раёна — больш за 40 працэнтаў. Штогод Ельскі лясгас пастаўляе на экспарт лесаматэрыялаў больш як на тры мільёны долараў. Рабочымі месцамі забяспечаны больш каля 400 чалавек.

З гэтым прадпрыемствам звязана рэалізацыя важнага інвестпраекта. Сёлета ў Ельскім лясгасе пасля мадэрнізацыі адкрыты ўчастак чыгункі, на якім можна адгружаць да 500 вагонаў у месяц.

— Сёлета Ельшчына дзялілася вопытам па развіцці агратурызму. Як улады спрыяюць пашырэнню прыватнай ініцыятывы ў гэтай сферы?

— Так, госці з розных куткоў Гомельшчыны цікавіліся станоўчымі прыкладамі работы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Пераканаліся, што варты ўвагі і вопыт Ельшчыны па ўкараненні новых формаў паслуг на маршрутах аграэкатурызму, папулярызацыі адкрыцця аграсядзіб сярод вясковага насельніцтва. Мы разглядаем агратурызм і як перспектыўны сацыяльны праект развіцця сельскіх тэрыторый, які садзейнічае занятасці насельніцтва. Сёння ў раёне працуе восем аграсядзіб, першая была адкрыта ў 2010 годзе. Дэпутатамі Гомельшчыны быў адзначаны станоўчы вопыт раёна па стварэнні кластараў агратурызму, развіцці прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў дадзенай сферы. Гэта вельмі важна з боку стварэння новых рабочых месцаў, якія адкрываюць самі людзі. Важнае і актыўнае ўключэнне ў гэтую работу аддзелаў культуры, спорту і турызму, адукацыі райвыканкама. Госці аграсядзіб не толькі адпачываюць, але і далучаюцца да культурна-пазнавальных праграм і мерапрыемстваў.

Прынамсі, «Ельшчына турыстычная» — яшчэ адзін перспектыўны брэнд тэрыторыі. Візітка раёна — рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!». Сёлета адзінаццаты раз ён сабраў больш чым трыста аматараў народнай творчасці з Гомельскай, Брэсцкай абласцей і Мінска.

Усё гэта яшчэ раз падкрэслівае, што Ельскі раён, нягледзячы на статус пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС, прывабны для турызму. У гэтага кірунку таксама вельмі высокі патэнцыял для развіцця эканомікі раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Прыязджай на мяне паглядзець

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.