Вы тут

У Гродне адкрылася ландшафтная фотавыстаўка з відамі Гродзенскай пушчы


Экспазіцыя стала вынікам дзвюх экспедыцый па рэспубліканскім заказніку ў Гродзенскім раёне. Красамоўныя фотаздымкі адлюстроўваюць прыгожыя мясціны адной з самых дзікіх экасістэм рэгіёна. З дапамагай прафесійных фатографаў можна ўбачыць унікальных жывёл у незвычайных ракурсах, кадры з вышыні птушынага палёту і дзіўныя атмасферныя пейзажы. Мяркуецца, што выстаўка ў рамках праекта «Зялёны погляд» працягне сваё падарожжа па краіне, і наступным адрасам стане Нацыянальная бібліятэка ў сталіцы.


«Наша экспедыцыя зладжвалася ў першую чаргу ў турыстычных мэтах», — зазначае яе арганізатар, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей Каляда. Да ўдзелу ў водным сплаве былі прыцягнуты навукоўцы, інструктары, прафесійныя фатографы.

Па словах мастацтвазнаўцы Марыны Загідулінай, аўтары выстаўкі не толькі «схапілі» і перадалі нейкі кавалачак прыроды, але і знайшлі цікавы вобраз, каб данесці яго да гледачоў. Увогуле, стварылі храм прыроды, куды можна ўвайсці і духоўна ўзбагаціцца. Здаецца, што гэтыя здымкі ніколі не стомішся разглядаць. Між тым некаторыя фота зроблены, можна сказаць, у даволі экстрэмальных умовах, асабліва што датычыць жывёльнага свету. Іншы раз папросту шанцавала сустрэць рэдкія віды птушак па ходу экспедыцыі.

Удзельнікі вандроўкі прайшлі за некалькі дзён на байдарках па водных артэрыях Гродзенскай пушчы больш за 30 кіламетраў. Гэтая тэрыторыя адметна тым, што ўваходзіць у зону Аўгустоўскага канала і стварае яго «залатое кола». У цэлым пераадолець водны маршрут няцяжка, кажуць удзельнікі. Гэта пад сілу нават навічкам. Справа ў тым, што глыбіня рачулак вакол канала невялікая — крыху больш за метр. Таму, нават калі байдарка перакулілася, можна спакойна выйсці на бераг альбо плыць далей.

Праўда, на выстаўцы такіх фотафактаў не ўбачыш, затое можна даведацца аб асаблівасцях цудоўнага кутка прыроды. Па словах заолага і краязнаўца Віталя Гуменнага, у экспазіцыі прадстаўлена ўся багатая флора і фаўна рэспубліканскага заказніка. Напрыклад, аляпка — вадзяны верабей, чорны бусел, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Траплялася на шляху гняздо вялікай чомгі, ці паганкі, — птушкі з хохлікам, якая возіць на спіне сваіх птушанят. На гэтай тэрыторыі можна ўбачыць чатыры віды чаек, два віды крачак, вялікую вып з сямейства чаплевых, драпежнікаў. Тут знаходзіцца адзінае ў рэгіёне гняздо чырвонага каршуна.

На адным з фота Віталь Гуменны нешта паказвае астатнім удзельнікам экспедыцыі. Аказваецца, гэта мясцовасць цікавая і сваёй гісторыяй — тут самы чысты куток рэгіёна, які быў часткай Паазёрскага ледніка. Менавіта пасляледніковая раўніна, па словах навукоўца, дае такую разнастайнасць рэдкіх рыб і птушак.

Безумоўна, цікавасць у турыстаў павінна выклікаць звілістая рака Асташанка. Гэта асабліва добра відаць на здымках з дрона, якія ахопліваюць з вышыні Аўгустоўскае кальцо. Усе маршруты гэтай тэрыторыі складаюць каля 300 кіламетраў. Па словах Сяргея Каляды, такія здымкі — сапраўдны падарунак для турыстаў. Да таго ж і дапамога інструктарам, якія могуць не толькі расказаць пра канкрэтны маршрут альбо паказаць на карце, але і паказаць яго пэўны выгляд.

— Мы прыйшлі да высновы, што ў нас вельмі мала добрых, цікавых фотаздымкаў, ролікаў менавіта гэтых прыродных мясцін. Экспедыцыя якраз і запоўніла гэту нішу, — лічыць арганізатар. — Маршруты па Аўгустоўскім кальцы будуць цікавыя таксама аматарам веларуху. Магчыма, мы зладзім і такую экспедыцыю. У спартыўнага саюза ёсць пэўная інвентарная база, у тым ліку тандэм і нават трохколавы ровар для дарослых.

Суразмоўца лічыць, што ў хуткім часе пачнецца барацьба за турыста. Таму варта паказаць як мага больш фота- і відэафактаў аб асаблівасцях рэгіёна. У хуткім часе ўвесь матэрыял экспедыцыі будзе апрацаваны і распаўсюджаны ў сацыяльных сетках ці інтэрнэт-каналах пад брэндам «Гродзенская пушча. Беларусь». Таксама плануецца выпуск фотаальбома.

Маргарыта Ушкевіч

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Экспедыцыя з «зялёным поглядам»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.