Вы тут

Рыцар беларускай культуры. Сышоў з жыцця Адам Мальдзіс


«Добра, што ў нашай навуцы, літаратуры, культуры працуе Адам Мальдзіс, сапраўдны рыцар навукі і пісьменства, які, накрэсліўшы на сваім шчыце годны дэвіз, пераможна б'ецца на розных турнірах свету ў славу адзінай Дамы сэрца — Беларускай Культуры. І гэтая Дама, вядома ж, адказвае яму ўзаемнасцю».


Так калісьці пісаў пра Адама Мальдзіса ў прадмове да ягонай кнігі «І ажываюць спадчыны старонкі» Генадзь Кісялёў.

Кніга тая і цяпер ляжыць каля майго рабочага месца. А «рыцар навукі і пісьменства», Адам Восіпавіч Мальдзіс, 3 студзеня 2022 года сышоў з жыцця... Туды, дзе сустрэнецца з іншымі рыцарамі беларускай культуры, сваімі сябрамі Генадзем Кісялёвым і Уладзімірам Караткевічам...

Адам Восіпавіч апошнія гады цяжка хварэў, не выходзіў на людзі... І так нязвыкла было, што вось, не сустрэнеш яго ні на канферэнцыі, ні на прэзентацыі, не запросіш да ўдзелу ў дыскусіі, не пазвоніш, каб пракансультавацца пра якую беларускую гістарычную асобу, даведацца каларытны факт пра быт XVІІІ стагоддзя... Бо хто быў большым аўтарытэтам у падобным, чым Адам Мальдзіс, які дапамагаў з гістарычным каларытам таму ж Уладзіміру Караткевічу? У каго яшчэ можна было спытаць, ці існуе працяг эпапеі «Каласы пад сярпом тваім», і пачуць у адказ сапраўдную дэтэктыўную гісторыю? Хочаш вер, хочаш — не, але ж сведка падзей гаворыць...

...Яго хада з гадамі рабілася ўсё больш павольнай, крокі сталі кароткімі, шаргатлівымі... Але цяжкі партфель, запоўнены кнігамі, часопісамі, рукапісамі, быў пры ім, і ягоная здольнасць прыдумляць новыя праекты здавалася невычэрпнай. Усё, што датычылася беларускай культуры, было ягонай асабістай справай. Ён апантана расшукваў у замежных і айчынных архівах звесткі пра нацыянальных дзеячаў, ішоў па слядах беларускіх скарбаў, што трапілі за мяжу, дамагаўся аднаўлення сядзіб і ўстанаўлення помнікаў... Нездарма ж яго называлі чалавекам-эпохай, чалавекам-энцыклапедыяй. То ён шукае звесткі пра вакзал на станцыі Гудагай, каб унесці яго ў спісы гістарычных каштоўнасцяў, то дабіваецца, каб знойдзены ім знакаміты «Полацкі сшытак» з беларускай музыкай эпохі барока згодна фактаў, называўся Астрамечаўскім. То едзе на радзіму Ігната Дамейкі дзеля ўвекавечання памяці героя ці на сімпозіум у Клецк, прысвечаны Зыгмунту Фялінскаму — бо першым напісаў у 1969 годзе ў сваёй кніжцы «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» пра маці новага святога, Еву Фялінскую... Падрабязнасці пра беларуса Іосіфа Гашкевіча, першага расійскага дыпламата ў Японіі, Адам Мальдзіс расшукваў у Краіне Узыходзячага Сонца, і менавіта ён дамогся з'яўлення помніка на сапраўдным месцы пахавання Гашкевіча, у Астраўцы... Колькі пільнай навуковай, даследчыцкай працы!

Аднойчы, падчас доўгай размовы за гарбатай пасля прэзентацыі майго рамана Адам Восіпавіч пачаў успамінаць, як у дзяцінстве марыў стаць астраномам. Любіў разглядаць зоры...

Хлопец з сялянскай сям'і вёскі Расолы на Астравеччыне сапраўды адкрые не адну зорку ў беларускай гісторыі. Выдасць некалькі дзясяткаў кніг. Зробіцца дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны, прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кіраўніком аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі... У 1990 годзе ў якасці члена дэлегацыі БССР возьме ўдзел у рабоце 45-й сесіі ААН... Атрымае Дзяржаўную прэмію за даследаванні па гісторыі беларускай літаратуры, ордэн Францыска Скарыны... Немагчыма пералічыць усе ўзнагароды, пасады і працы чалавека-эпохі...

Падчас нашых размоў мы сыходзіліся на тым, як важна не проста выяўляць гістарычныя факты, але ствараць у добрым сэнсе слова міфы — падаваць тыя ж факты займальна, прыцягальна... А калі што, пісьменніку не грэх і пускаць у ход фантазію. Усё дзеля таго, каб разбурыць «убіты ў галовы не без дапамогі суседзяў міф пра непаўнацэннасць беларусаў — гістарычную, культурную, побытавую... Маўляў, мелі мы толькі курныя хаты, лапці на нагах, каўтун на нечасанай галаве, тужлівыя песні ды скаржлівыя казкі»...

З усяго яго плёну паўстае зусім іншая Беларусь — якой можна ганарыцца, з багатым гістарычным мінулым, з цэлым пантэонам герояў і неацэннымі скарбамі...

Ён не дажыў да сваіх 90 гадоў... А да вечнасці дажыў. Тое, што зрабіў дзеля Беларусі яе верны рыцар, не будзе забыта ніколі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.