Вы тут

Як ва Уздзе працаўладкоўваюць не занятых у эканоміцы?


Хто хоча працаваць, шукае спосаб, а хто не хоча — знаходзіць прычыну. Між тым, магчымасць працаўладкавацца ёсць. Дапамагае ў гэтым камісія па садзейнічанні занятасці грамадзян, якая дзейнічае пастаянна. Узначальвае яе старшыня Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Пятровіч. Пасяджэнні праходзяць два разы на месяц, а ўваходзіць у камісію 21 чалавек. Гэта прадстаўнікі праваахоўных, падатковых органаў, мясцовай улады, аховы здароўя, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, старшыні сельскіх Саветаў. Сюды запрашаюцца і наймальнікі, якія маюць працоўныя вакансіі.


Фота: pexels.com

Члены камісіі ідуць насустрач усім, хто хоча знайсці работу, прыслухоўваюцца да іх пажаданняў. Летась праведзена 28 пасяджэнняў, у тым ліку 18 выязных. На іх было запрошана 1008 грамадзян. Звярнуліся ў камісію 289 чалавек — наконт працаўладкавння, поўнага або частковага вызвалення ад аплаты жыллёва-камунальных паслуг з эканамічна абгрунтаваных прычын. Яны сабралі неабходныя дакументы, якія ў прысутнасці заяўнікаў былі разгледжаны. У выніку людзі, што лічыліся незанятымі ў эканоміцы, былі выключаны з адпаведнай базы даных. Хтосьці працаўладкаваўся, а нехта аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Да кожнага наведвальніка — індывідуальны падыход.

Узда знаходзіцца недалёка ад Мінска. Таму частка жыхароў райцэнтра працуе на сталічных прадпрыемствах. Там і зарплата вышэйшая, і дабрацца да месца работы можна без праблем — маршруткі ходзяць праз кожныя 20-30 мінут. Некаторыя наймальнікі кампенсуюць такім работнікам 50 % кошту праезду. Хтосьці знайшоў работу за межамі Беларусі. Усе яны ёсць у спісках. Звязацца з такой катэгорыяй грамадзян, як правіла, складана. Але і іх знаходзяць.

Грамадзяне для выключэння з базы незанятых у эканоміцы, у тым ліку тыя, што пражываюць на тэрыторыі іншых дзяржаў або там вучацца, прыносяць у камісію дакументы, якія пацвярджаюць іх занятасць. Гэта працоўныя дагаворы (кантракты) ці даведкі на рускай або беларускай мовах. Пераклад павінен быць афіцыйна завераны арганізацыяй, надзеленай такім правам.

Зрэшты, без праблем можна працаўладкавацца ў раёне: вакансій дастаткова як у самім горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Рынак працы арыентаваны ў асноўным на рабочыя прафесіі. У той жа час знізілася колькасць вакансій нізкакфаліфікаванай працы, такіх як падсобны рабочы, прыбіральшчык памяшканняў, вартаўнік і іншыя. Звяртаюцца ў камісію і людзі з вышэйшай адукацыяй. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы запатрабаваныя такія прафесіі як заатэхнік, ветэрынарны ўрач, інжынер. З сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — трактарыст-машыніст, электрагазазваршчык. У райцэнтры пастаянна адкрываюцца сеткавыя крамы. Усё больш з'яўляецца прыватных гандлёвых аб'ектаў.

Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў працаўладкаванні, прапаноўваецца ўдзел у часовых платных грамадскіх работах. Напрыклад, яны могуць збіраць бульбу, буракі, садавіну ў сельгасарганізацыях, прыбіраць камяні з поля. Усім ахвотным таксама даюць накіраванне на навучанне прафесіям, запатрабаваным на рынку працы. Напрыклад, у ацяпляльны сезон арганізацыі, прадпрыемствы, сацыяльныя ўстановы маюць патрэбу ў аператарах кацельні. Вядома, без пэўнай падрыхтоўкі наймальнік не можа ўзяць чалавека, таму што гэта адказная работа, якая патрабуе ведаў, захавання тэхнікі бяспекі. Звяртаюцца ў камісію і тыя, хто хоча авалодаць новай прафесіяй. Спецыялісты службы занятасці кансультуюць іх наконт таго, якія спецыяльнасці запатрабаваныя, якія курсы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі можна прайсці.

— Але ёсць людзі, што даўно не працуюць, па дзесяць і больш гадоў. Ім цяжка ўвайсці ў соцыум, прызвычаіцца да новай абстаноўкі. Магчыма, яны закамплексаваныя, а магчыма, некага такі лад жыцця задавальняе. Не трэба кожны дзень уставаць раніцай, спяшацца на работу. Аднак неабходна за нешта жыць, харчавацца. Некаторыя сядзяць на шыі бацькоў-пенсіянераў. Як правіла, гэта працаздольныя мужчыны. У сельскай мясцовасці яны могуць крыху падзарабіць — дапамагаючы пасадзіць бульбу, заараць агарод, расчысціць падворак ад снегу, пакалоць дровы, — кажа Ігар Пятровіч.

Некаторыя грамадзяне вядуць асацыяльны лад жыцця, маюць праблемы са здароўем. Для іх цяжка знайсці работу, якая б адпавядала іх фізічнаму стану. Але калі чалавек імкнецца змяніць сваё жыццё, яму заўсёды дапамогуць.

— Мы пастаянна працуем з такой катэгорыяй грамадзян, даём накіраванне на бясплатнае медыцынскае абследаванне. Толькі ідзі, калі ласка, а работу мы табе падбяром. Добра, згаджаюцца. А ў канчатковым выніку не даходзяць да наймальніка, які прызначае сумоўе. Мы ведаем гісторыю кожнага такога кліента і тое, што ён скажа, чым абгрунтуе сваю адмову ад вакансіі. Многія, хто да нас звяртаецца, сапраўды гараць хутчэй уладкавацца. Падчас пасяджэння камісіі асабіста набіраю нумар тэлефона кіраўніка прадпрыемства, арганізацыі, прашу прыняць патэнцыяльнага работніка. І наймальнік называе канкрэтны дзень і час для сустрэчы. Адмовы ніколі не было.

— А здараецца, што чалавек адмаўляецца ад работы з прычыны невялікай зарплаты?

— Чалавек нізкай прафесійнай кваліфікацыі, без спецыяльнай адукацыі зможа працаваць вартаўніком, прыбіральшчыкам, санітарам, але ён не будзе атрымліваць такую ж зарплату, як кваліфікаваны рабочы або спецыяліст. Разам з тым, у раёне нядрэнная зарплата: сярэдняя — больш як тысячу рублёў. А ў некаторых арганізацыях яшчэ вышэйшая. Напрыклад, у лясгасе, гаргазе.

Ёсць у спіску вакансій і нізкааплатныя работы, але варта разумець, што з набыццём вопыту, з павышэннем кваліфікацыі і разраду заробкі будуць павялічвацца. Не варта апускаць рукі. З цягам часу ўсё атрымаецца. Галоўнае — жаданне і мэтанакіраванасць — так падтрымліваюць наведвальнікаў члены камісіі.

Дарэчы, тут дадуць прафесійную кансультацыю, раскажуць аб магчымасцях адкрыцця сваёй справы, дапамогуць аформіцца ў якасці рамесніка.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.