Вы тут

Sex-балясы. Ну і ГАДжэТЫ!


Пачну з фразы Веніяміна Карлавіча Рубілава ў выкананні колішняга квз-шніка, нашага земляка, Вадзіма Галыгіна: «К-а-л-і-і — т-а-д-ы-ы...» Ну як можна забыць? Тым больш рэмейк праз гады быў! Я да таго, як усё раней было зразумела — не тое, што цяпер, у час «тырнэтаў». («Гэта зараз перапіска нічога не значыць. Вось раней ты разумеў, што вельмі падабаешся бабе, якая піша, таму што кожнае СМС каштавала грошай».) Чулі нядаўнюю гісторыю (насамрэч іх безліч) пра тое, як барысаўчанін вёў перапіску на сайце знаёмстваў ад імя былой каханай?


З заявай у міліцыю звярнулася 28-гадовая жыхарка Смалявіч. Дзяўчына расказала, што раней неаднаразова заходзіла з тэлефона маладога чалавека ў свой уліковы запіс. Пасля расстання мужчына вырашыў скарыстацца гэтым і нашкодзіць былой каханай. («Шкада, што нельга адправіць паведамленне з той жа інтанацыяй, з якой ты прагаварыў яго ў галаве».) Праваахоўнікі ўстанавілі, што 32-гадовы барысаўчанін, даведаўшыся, што тая зарэгістравана на сайце знаёмстваў, аўтарызаваўся ў яе профілі і вёў перапіску са старонкі, прапануючы паслугі інтымнага характару за грашовую ўзнагароду. Пры спробах заяўніцы выдаліць акаўнт падазраваны зноў яго аднаўляў і працягваў перапіску. (« — Пачастуеце дзяўчыну келіхам чырвонага віна?» — «Не, у мяне ў кватэры не прыбрана». — «Пры чым тут гэта?» — «Тым больш, калі ні пры чым».)

А жыхар аўстралійскага горада Хобарт, штат Тасманія, некалькі месяцаў сачыў за аўтамабілем і тэлефонам былой дзяўчыны пры дапамозе спецыяльных дадаткаў. («Калі мая жонка нечакана падыходзіць да мяне, абдымае цалуе і кажа: «Ведаеш, як я цябе люблю?», мне становіцца страшна. Машына? Здрада? Крэдыт? Цёшчу пажыць пазвала?») Мужчына дапамог ёй купіць машыну і такім чынам даведаўся ідэнтыфікацыйны нумар аўто. Пасля расстання ён выкарыстаў яго, каб атрымаць доступ да інфармацыі аб перасоўваннях дзяўчыны. («СМС ад добра выхаванага мужа: «Мацюкамі цябе прашу — ідзі дадому!») Праграма аўтаматычна перасылала даныя на яго электронны адрас і дазваляла дыстанцыйна ўключаць і выключаць пэўныя функцыі аўтамабіля. Акрамя таго, мужчына ўсталяваў на мабільны тэлефон сваёй ахвяры шпіёнскае праграмнае забеспячэнне, якое адсочвае яе месцазнаходжанне. Дзяўчына ў нейкі момант усё зразумела. («— Вой, Мойша, вы ўсе, мужчыны, аднолькавыя!» — «Розачка, вось калі б вы былі прыстойнай жанчынай, то не ведалі б за ўсіх мужчын!») Калі скарысталася ноўтбукам, замест яе акаўнта адкрылася электронная пошта мужчыны, які сачыў за ёй. Там дзяўчына ўбачыла паведамленні аб яе перамяшчэннях, карты месцаў работы і прыпаркаванага аўтамабіля. («Хутка адзіным бяспечным носьбітам праўдзівай інфармацыі застанецца толькі плот».) Паліцэйскія абшукалі дом мужчыны і знайшлі ў яго запісной кніжцы даты заняткаў на курсах, якія планавала наведваць дзяўчына, спіс месцаў, дзе яна бывала, і іншую персанальную інфармацыю. У судзе падазраваны прызнаў віну. («Не ведаў, што знаходжуся ў адносінах, пакуль са мной іх не пачалі высвятляць».)

А ў Расіі некалькі гадоў таму разглядалі магчымасць увядзення крымінальнай адказнасці за прагляд тэлефона мужа і жонкі. («— Моня, вы жанаты?» — «Так... Але не вельмі!») Прапаноўвалася забараніць на заканадаўчым узроўні доступ сужэнцаў да гаджэтаў, у тым ліку і сотавых тэлефонаў адно аднаго, паколькі ў іх змяшчаецца канфідэнцыяльная асабістая і службовая інфармацыя. («Прыязджае мужык з тыднёвай камандзіроўкі, а ў яго сем штрафаў за курэнне на балконе...») Узлом смартфона адным з сужэнцаў, згодна з прапановай, павінен быў карацца па ўсёй строгасці расійскага Крымінальнага кодэкса як умяшанне ў прыватнае жыццё чалавека. («— Ты тэлефон Віктара ведаеш?» — «Не». — «Ну хаця б прыблізна...»)

І што тут сказаць? Амерыканец, які рамантуе смартфоны, раскрыў жонцы кліента вочы на ??яго здрады. («— Ало, любімы, гэта ты?» — «Так, а хто гаворыць?») Мужчына аддаў майстру смартфон, усярэдзіне якога была цыдулка і купюра: «Калі ласка, скажыце маёй жонцы, што тэлефон не падлягае рамонту, яна жадае праверыць гісторыю званкоў. З мяне 100 долараў, дзякуй». Калі жонка прыйшла па тэлефон, майстар расказаў ёй усё. («Даслаў сваёй дзяўчыне на мабільнік паведамленне: «— Добрай ночы!» — «А чаму такім тонам?») Ён заявіў, што не адрамантаваў тэлефон і не хоча быць уцягнутым у сямейныя разборкі. Жанчына раззлавалася і сказала, што дасць яму 200 долараў, калі ён паправіць смартфон. («Жонка — мужу: «— А ты любы, гляджу, прыбіральшчыкам падпрацоўваеш». — «З чаго ты ўзяла? — «Цябе то з адной шварбай бачаць, то з другой...») Майстар пагадзіўся, у выніку да яго прыйшоў муж, накрычаў, пачаў граміць майстэрню і кідаць у яго розныя рэчы. Большасць каментатараў у сеціве пахвалілі рамонтніка за яго ўчынак, аднак некаторыя абвінавацілі ў парушэнні «кодэкса мужчынскага братэрства». («Вярнуўшыся дадому на гадзіну раней, я выявіў жудаснае: жонцы варыць боршч яшчэ гадзіну!»)

Эх... К-а-л-і-і — т-а-д-ы-ы... Насамрэч справа не ў сучасных тэхналогіях, а ў тым, хто і як іх выкарыстоўвае... («— Ало, хуткая? Ператэлефануйце мне, бо я з мабільніка званю!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.