Вы тут

Адкрылася выстаўка старшыні Саюза мастакоў Глеба Отчыка «Пад знакам Рыбы»


Калі зведаў «Таямніцы Купальскай ночы», то лепш разумееш схаваныя ад вачэй з'явы, бо ў прыродзе ўсё звязана і прадумана. Глеб Отчык, старшыня Саюза мастакоў Беларусі, больш схільны да маштабных работ, бо вучыўся на манументальным аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Напрыклад, тая самая мазаіка пра купальскую ноч была яго дыпломнай работай, а потым упрыгожыла фасад завода «Керамін». Отчык умее працаваць з каменем, графітам і стварае фрэскі для сабораў. У прыватнасці, у вёсцы Вішнева Валожынскага раёна ён распісаў храм у гонар святых Козьмы і Даміяна. Але гэтымі днямі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі можна пабачыць яго жывапіс.


Творы, што аб'ядналіся ў выстаўцы «Пад знакам Рыбы», зусім не маштабныя па памеры, ім уласцівая хутчэй нейкая камернасць. Але ў іх ёсць тое, што вельмі кладзецца на нашу рэчаіснасць. З аднаго боку, гэта мастацтва для вачэй: аўтар гуляе з колерамі, у бездань, дзе плаваюць рыбкі, урываецца іх знешняя прыгажосць, яркасць і бляск лускі — гэта вельмі эфектна і прыгожа! Здаецца, дзесьці мастак свядома «згушчае фарбы» (рыбы існуюць у цемры), а дзесьці працуе на іх сутыкненні (нават туды прабіваецца святло, прычым яго носьбітамі часта з'яўляюцца самі жыхары). А з другога боку, тут тэма задае тон. Бо рыбін свет — гэта прыродная глыбіня, працэсы, якіх мы не бачым, не адчуваем, але гэта не значыць, што іх няма. Прырода існуе ціха, а свет марскіх (рачных, азёрных) глыбіняў наогул маўклівы. Але там ёсць жыццё.

Паводле мастацкіх работ Глеба Отчыка, яно таксама камернае — абмежаванае асобнымі ўдзельнікамі ці невялічкімі суполкамі рыбін, аб'яднанымі нябачнымі сувязямі. У рыбін бывае розны лёс: яны могуць збівацца ў зграйкі, могуць плыць адна за адной у агульнай плыні, але яны ўмеюць плаваць у розныя бакі, адчуваючы сябе натуральна ў роднай воднай прасторы. Праўда, і тут не без нечаканасцяў: можна трапіць у сетку, але нават там рыбы могуць існаваць, пакуль знаходзяцца ў сваёй стыхіі, а то і выслізнуць пры выпадку. Ці наогул сыходзяць углыб, адчуваючы небяспеку. Яны выклікаюць захапленне тут, на выстаўцы: можна адпачыць у арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея, уяўляючы, што вакол цябе акварыумы з істотамі водных прастораў, якія нібыта шапочуць, што ўсё будзе добра, і супакойваюць ужо нават сваім выглядам.

Адчуваецца, што мастак сам захапляецца прыродным светам. У жывапісе Глеб Отчык ахвотна піша пейзажы і эцюды, любіць эксперыментаваць, стварае серыі твораў («Пара туманаў», «РыбаLOVE», «Беларускі алфавіт») і прапагандуе беларускае мастацтва як адзін з тых, хто мае на яго ўплыў не толькі паводле пасады, але і як творчая асоба з разнастайнымі зацікаўленасцямі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.