Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Жулік ёсць Жулік

Летась у маёй прыяцелькі Фаіны бульба ўрадзіла, прычым так... «Можна парсючка падгадаваць», — падумала яна. А далей — адшукала ў газеце аб'яву, пазваніла, пачула, што парасяты сапраўды прадаюцца — і нядорага, і выбар ёсць. Фаіна хацела «бландзінчыка» ўзяць, а прыехала глядзець і разгубілася: парасяткі ў загоне маленькія, чорныя, шмат... Столькі — яна ніколі і не бачыла!


Фота: pexels.com

— Гэта ад свіней в'етнамскай пароды, — растлумачыў гаспадар. — Гадаваць іх — адно задавальненне! Ядуць — ну ўсё чыста! А вясной ды ўлетку на выган выпусціў, дык і карміць не трэба. Да восені гарантавана кілаграмаў 60 набяруць, а то і на 20 болей... Адзінае — лепей пару браць. Двое лепей растуць.

— Але ж я хацела большанькага, белага, аднаго, — прызналася пакупніца. — На дваіх, на пару я і грошай не брала.

— Дык я вам па-сучаснаму — двух аддам па цане аднаго, — прапанаваў гаспадар.

Угаварыў, карацей, жанчыну: узяла яна парасят, прывезла дамоў, стала карміць і ўсё з думкамі, што столькі свініны ёй, вядома ж, не трэба...

Аднаго парсючка вырашыла сваім пляменнікам аддаць: гарадскія, сямейныя — хай сапраўднай свежыны пакаштуюць.

На «забойства», праўда, іх не паклікала. Спецыяліст быў паблізу, свой і хуценька ўсё зрабіў. Гаспадыні заставалася хіба спарадкаваць: разлажыць, што ў маразільнік з халадзільнікам, што ў кубельчык... А тое, што для пляменнікаў — па-брацку, пароўну — у пакецікі ды пакеты.

У той жа дзень хлопцы па іх прыехалі і забралі...

Віця дадому прывёз, на стале разлажыў — можна сказаць, падарунак лёсу: там салка, там паляндвічка, там ножкі на халадзец...

— А на боршчык рабрынак што — не было? — пытае жонка.

Гаспадар глядзіць ды патыліцу чухае:

— Можа, цётка іх не паклала? Можа, сам правароніў — не ўсе пакеты ўзяў? А можа, у свіней в'етнамскай пароды толькі хрыбетнік, а ўсё астатняе — сала ды мяса?

— Ты што — з глузду з'ехаў? — з недаверам спытала жонка, але сварыцца ды нешта высвятляць не стала. Варыла ж яна боршчык раней, будзе варыць і далей — нейкія скабкі знойдуцца.

...І сапраўды яны, можна сказаць, знайшліся, бо вечарам тога ж дня пазваніла цётка і стала выбачацца: маўляў, знайшла вінаватага. Пакет з рабрынкамі сабака сцягнуў, Жулік. Відаць, і ён захацеў адмысловай, в'етнамскай свежыны.

— І каб галодны быў, — абуралася Фаіна. — А то ж карміла сабаку!

— Не перажывайце, — супакоіў цётку Віктар. — Жулік — на тое і Жулік, каб нешта ўкрасці... Будзеце новага сабаку заводзіць, думайце, як назваць.

— Не, Віця, калі бульбачка ўродзіць, я лепш новых парасятак куплю. І сабе мяса будзе, і вам.

Фаіна паабяцала. А значыць, пасадзіць бульбу, вырасціць ураджай і парасят, напэўна ж, купіць...

Якіх? Пажывём — пабачым.

Т. НОВІК

г. Клецк.


Не вучыце рыбу плаваць

...Той калгас называўся гучна — «Чырвоны барацьбіт»! І, напэўна ж, змагаўся ён за высокія паказчыкі, але ніколі іх не меў. А значыць, і людзі не мелі добрых заробкаў, умоў для работы, для жыцця. Спецыялісты, а найбольш механікі, увесь час звальняліся, раз'язджаліся хто куды, а на іхняе месца, часова, ставілі тады Сцяпана.

Ён дзядзька галавасты быў: разбіраўся ў зварцы, у зборцы, кавальскую справу ведаў. Не бяды, што адукацыі восем класаў — Іванавіч спраўляўся, прычым і на чужой пасадзе механіка, і на сваёй — трактарыста. Рукі ў яго ўмелыя былі...

Дык вось неяк Сцяпана разам з іншымі спецыялістамі ў райвыканкам выклікаюць: кажуць, нарада там па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых работ.

У калгасе «Чырвоны барацьбіт» з гэтым нядрэнна было: гатоўнасць — амаль 80 працэнтаў. Можа было б і болей зрабіць, але...

Іванавіч ведаў, што для гэтага трэба, прадумаў і як сказаць, калі раптам спытаюць. Прыбраўся яшчэ (да людзей жа ідзе, да начальства). Белую кашулю надзеў, новае галіфэ, хромавыя боты... Усё чыстае... Не чакаў, што яго там з граззю змяшаюць. І дарэмна.

Пра недахопы ў яго калгасе спачатку дакладчык казаў, а потым і Сцяпана з месца паднялі — на трыбуну пайшоў.

Непрывычнае месца, хваляваўся чалавек, але ж сказаў, што для рамонту тэхнікі бракуе запчастак, што ў майстэрні — амаль ніякіх умоў для работы. Але ж галоўнае — не хапае кадраў. «Тэхніку з горам папалам мы, можа, і паправім, — казаў начальству трактарыст. — А вось каго на яе пасадзіць? Мала ў нас механізатараў (пра вакансію механіка Сцяпан змаўчаў — думаў, што начальства ж ведае)...

А яно, падобна, забылася, бо, пачуўшы Сцяпанава «няма каго пасадзіць на трактар», дакладчык аж з крэсла падскочыў — закрычаў:

— Як гэта няма?..Чаму? Распусціў свае кадры? Тады сам галіфэ знімай ды садзіся...

Сцяпан на гэтыя словы, мякка кажучы, здзівіўся, бо на яго нават жонка голас не павышала, аднак псіхаваць не стаў. Сказаў:

— Спалохалі вожыка голым задам! Ды я хоць сёння на трактар сяду і ўсё, што трэба, зраблю! А вы, як выглядае, толькі крычаць і можаце!

Сказануў так, сышоў з трыбуны, а назаўтра і сапраўды здаў «партфель» механіка, сеў на трактар, потым — на камбайн... Вельмі ўдала сезон адпрацаваў: мала таго, што грошай зарабіў, дык яшчэ і медаль...

Уручаць яе меліся ў райцэнтры, магчыма, у той самай зале.

А таму Сцяпанава жонка выцягнула з шафы парадны пінжак, да яго — тую ж белую кашулю, галіфэ...

— Вось яго — схавай! — загадаў Іванавіч. — Не буду надзяваць.

— Але чаму? — не зразумела жонка.

— Дык мяне ж па ім за вярсту пазнаюць, яшчэ вожыка прыпомняць ды вымову дадуць — замест медаля.

...У той раз, дзякуй богу, усё абышлося. Праўда, галіфэ Сцяпан так больш і не надзеў. Пастуху падарыў — хай носіць.

Васіль КАБАЧЭЎСКІ

г. Орша.


Вынік — справа дзясятая

Гэты кур'ёзны выпадак адбыўся 31 снежня 90-нейкага года ў суседнім райцэнтры. Там тры сяброўкі-цырульніцы, што называецца, дабывалі на рабоце апошнія гадзіны не проста дня і месяца — года... Не працавалі, бо кліентаў не было. Што і зразумела: многія спяшаліся дадому сталы накрываць, стаялі ў чэргах. Крамы тады пустыя былі, зялёны гарошак і той з боем бралі, калі яшчэ недзе «выкінуць» (дадуць у продаж).

Факт, што час на тое, каб адзначыць Новы год, у цырульніц быў. Выпівалі-закусвалі што бог даў. А ён, трэба сказаць, не на жарт расшчадрыўся: адной з дзяўчат прыслалі з вёскі некалькіх кольцаў дамашняй каўбасы і «пластмаску» — 0,7 — самагону. Файна пасядзелі... Мякка кажучы, вясёлыя былі.

А таму, калі ў цырульні «намаляваўся» кліент, выпіхваць яго за дзверы ды казаць, што рабочы дзень амаль скончаны, дзяўчаты не сталі. Наадварот — сустрэлі мужчыну радасна: пачаставалі рэшткамі каўбасы. (Гарэлкай, трэба сказаць, ён пачаставаўся раней, але ж успомніў, што Новы год сустракаць будзе ў кампаніі, у прысутнасці дам. Дзеля іх, падумаў, нядрэнна было б пагаліцца).

— Дык мы ж гэта мігам! — заверылі яго майстрыхі, і самая вопытная з іх, Валянціна, узялася за справу.

«Працэс» пайшоў хутка і досыць весела: кліент, апынуўшыся ў крэсле і ў цэнтры ўвагі, «балдзеў» — рассыпаў кампліменты і распускаў рукі. Валя, спрабуючы ад іх ухіліцца, намыліла яму твар і станком стала саскрабаць шчаціну...

Праз нейкі час з горам папалам галенне было скончана. Мужчына ўбачыў у люстэрку сваю пачырванелую фізіяномію, пагладзіў яе рукой, сказаў:

— Нешта ж калючая... І шчокі гараць.

— Гэта адэкалон такі, — не разгубілася майстар. — Не бойцеся, ён добры. А што не вельмі гладка, дык сам вінаваты: не трэ было замінаць.... Яшчэ дзякуй скажы, што нідзе не парэзала.

— І праўда, дзякуй, — згадзіўся чалавек, разлічыўся, ушчыкнуў-ткі Валю за мяккі бачок і развітаўся.

Сталі збірацца па дамах і цырульніцы. Валянціна ўзялася памыць станок, і...

Такога рогату іх КБА не чуў! І такой «карціны», вядома ж, не бачыў, бо аказалася, што апошні ў тым годзе кліент быў паголены, як ніхто — станком, у якім не было... ляза.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.