Вы тут

Як зберагчы культурны скарб Беларусі


У прэс-цэнтры БелТА прайшла сустрэча, прысвечаная гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, яе захаванню і папулярызацыі. Удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі, што Год гістарычнай памяці абавязвае звярнуць павышаную ўвагу на культурны скарб Беларусі — архітэктурныя помнікі, абрады, традыцыі і рамёствы. Спікеры акрэслілі галоўныя напрамкі ў рабоце па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама анансавалі шэраг адпаведных мерапрыемстваў.


Кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар паведаміў, што на сённяшні дзень у галоўны ахоўны дакумент уключана больш за 5,5 тысячы гісторыка-культурных каштоўнасцяў:

— Летась у штаб-кватэру ЮНЕСКА была накіравана намінацыя «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменне» для ўключэння ў рэпрэзентатыўны спіс матэрыяльна-культурнай спадчыны чалавецтва. У снежні 2022 года гэта намінацыя будзе разгледжана, і мы спадзяёмся, што ў Беларусі з'явіцца новая каштоўнасць са статусам ЮНЕСКА. Сёлета была падрыхтавана яшчэ адна намінацыя, прысвечаная беларускаму мастацтву выцінанкі. Таксама сакратарыят канвенцыі ЮНЕСКА выдзеліў транш на захаванне вясновага абраду «Юр'еўскі карагод», што ладзіцца ў вёсцы Пагост.

Генадзь Ходар адзначыў, што ў 2021 годзе былі праведзены рэстаўрацыйныя работы ў Гальшанскім замку — у паўночнай вежы адкрылася музейная экспазіцыя «Легенды і паданні Гальшанскага замка», якая распавядае аб знакамітых беларускіх дынастыях Гальшанскіх і Сапегаў. Для зручнасці наведвальнікаў была добраўпарадкавана прылеглая да замка тэрыторыя.

— Некалькі слоў аб запланаваных на 2022 год работах. У першую чаргу гэта Гальшанскі замак, у прыватнасці, яго паўночна-ўсходні корпус. Завершыцца рэстаўрацыя будынка канюшні былога палаца Агінскіх у Залессі. А таксама працягнуцца работы ў палацы Ружаны, што знаходзіцца ў Пружанскім раёне, — дадаў Генадзь Ходар.

Загадчык цэнтра археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Кошман засяродзіў увагу на тым, што ў Год гістарычнай памяці работа археолагаў набывае большую актуальнасць:

— Былі зроблены пэўныя крокі ў даследаванні падзей перыяду 30-х гадоў мінулага стагоддзя, часу Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці, генацыду беларускага народа. З 2014 года ў межах рэстаўрацыі і рэканструкцыі Трасцянца на яго тэрыторыі адбываліся археалагічныя работы — былі знойдзены цікавыя звесткі, якія, я спадзяюся, у хуткім часе знойдуць адлюстраванне ў манаграфіях.

Як адзначыў Вадзім Кошман, красавік і май — асноўныя месяцы, калі археолагі дзеляцца вынікамі сваіх даследаванняў. Загадчык цэнтра археалогіі запрашае наведаць Інстытут гісторыі 18-20 мая — у гэтыя даты там адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная вынікам палявых археалагічных работ сезона 2021 года (пра гэта мы абавязкова напішам). З 1 да 3 чэрвеня на базе Брэсцкага краязнаўчага музея таксама адбудзецца археолага-гістарычная канферэнцыя, асноўнай тэмай якой стане 40-гадовы юбілей музея «Бярэсце» — будуць абмеркаваны пытанні кансервацыі і захавання вырабаў з дрэва. Наступная падзея — Беларуская праваслаўная царква адзначае сваё 1030-годдзе, падчас канферэнцыі, прымеркаванай да круглай даты, археолагі і гісторыкі Акадэміі навук прэзентуюць свае матэрыялы і даследаванні.

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.