Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Песта з лісця радыскі

Гэта выдатны соус з, можна сказаць, самых даступных кампанентаў. Вясновы, свежы смак, які выдатна дапоўніць стравы. Гатуецца вельмі проста і хутка.

Спатрэбіцца: лісце радыскі — 1 пучок, алей аліўкавы — 100 мл, часнок — 2 зубкі, насенне сланечніка (ачышчанае) — 4 сталовыя лыжкі, пармезан надзёрты — 3-4 сталовыя лыжкі, соль і перац — на смак.

Перш-наперш, вядома, зразаем зяленіва з радыскі.

Добра прамываем лісце і выкладваем яго на папяровы ручнік, каб абсушыць.

Абсмажваем семачкі на сухой патэльні да румянасці. Сачыце, каб не пачалі гарэць, і своечасова пераварочвайце.

Наразаем прамытую націну радыскі на кавалачкі паменш і складваем яе ў блэндар. Дадаём нарэзаны часнок. Уліваем аліўкавы алей. Высыпаем абсмажаныя семачкі.

Здрабняем усё блэндарам. Дадаём надзёрты пармезан і соль з перцам на смак.

Узбіваем усё блэндарам да аднастайнай кансістэнцыі, каб атрымаўся соус.

Песта з лісця радыскі падавайце гэтак жа, як звычайны, у якасці соусу да макароны або да закускі.


Салата з курыцай і ананасамі

Спатрэбіцца: курыная грудзінка — 400 г, ананас кансерваваны — 1 бляшанка, кукуруза кансерваваная — 1 бляшанка, яйка варанае — 6 шт., морква вараная сярэдняя — 1 шт., цыбуля зялёная — 1 пучок, маянэз і соль — на смак.

Курыную грудзінку адварыць і астудзіць. Грудзінку, ананас, моркву, яйкі і цыбулю парэзаць невялікімі кубікамі. Дадаць кукурузу. Змяшаць усе інгрэдыенты ў салатніку. Заправіць маянэзам. Пасаліць на смак.


Торт з печыва з кафейным водарам

Спатрэбіцца: яйкі — 4 шт.; цукар — 200 г; масла — 200 г; печыва — 0,5 кг; 1 шклянка моцнай кавы; парашок какавы — 2 ст. л.; ванільны цукар — 10 г; шакалад — 100 г.

Змяшаўшы яйкі з цукрам, какава-парашком і ванільным цукрам, праграваем усё на вадзяной ванне да загусцення. Пасля астуджаем атрыманую сумесь і, дадаўшы ў яе размякчанае масла, узбіваем да атрымання аднастайнай масы.

Прамазаўшы маслам форму, укладваем у яе пластамі печыва, папярэдне абмакваючы яго ў прыгатаваную каву. Кожны пласт прамазваем атрыманым крэмам. Калі ўсе пласты будуць выкладзеныя, ставім торт у халадзільнік, каб ён набрак на працягу некалькіх гадзін.

Дастаўшы торт з халадзільніка, асцярожна пераварочваем форму і ўпрыгожваем наш выраб надзёртым шакаладам.


Якія бактэрыі прыносяць карысць нашаму арганізму

Кішэчнік насяляе велізарная колькасць бактэрый, якія не складаюць небяспекі для нашага арганізма, а нават наадварот — іх можна назваць памочнікамі. Карысныя мікраарганізмы, што жывуць у чалавеку, называюць мікрабіётай. Калі б іх не было, наш арганізм хутка падвяргаўся б нападу хваробатворных бактэрый. Якія з іх можна аднесці да сяброў чалавека?

Біфідабактэрыі

З усёй колькасці бактэрый, якія жывуць у кішэчніку, на іх долю прыходзіцца 90 %. Задача біфідабактэрый заключаецца ў дапамозе нашаму арганізму пазбаўляцца ад рэшткаў неператраўленай ежы. Колькасць гэтых бактэрый можа мяняцца — напрыклад, пры захапленні некаторымі дыетамі, фаст-фудам, а таксама пры стрэсавых сітуацыях іх колькасць зніжаецца. Павялічыць колькасць біфідабактэрый можна за кошт спажывання кісламалочных прадуктаў. Пры гэтым трэба памятаць пра адзін важны момант — для падтрымання жыццядзейнасці біфідабактэрый патрабуецца клятчатка. Таму ў рацыён, акрамя кісламалочных прадуктаў, неабходна ўключаць гародніну і злакі.

Лактабактэрыі

Іх існуе вялікая колькасць, але найбольш вядомая ацыдафільная палачка. Месцам пасялення гэтых мікраарганізмаў з'яўляюцца кісламалочныя прадукты. Лактабактэрыі выконваюць некалькі функцый: яны бяруць удзел у засваенні малочных прадуктаў, а таксама стаяць на варце імунітэту. Таму для падтрымання ахоўных сіл патрабуецца рэгулярна ўжываць кісламалочныя прадукты: спецыялісты лічаць, што яны павінны прысутнічаць на нашым стале 3 разы на дзень. Атрымаць лактабактэрыі можна з ёгурту, кефіру, тварагу.

Кішачная палачка

Яе можна толькі часткова назваць сябрам, бо яна адносіцца да ўмоўна-патагеннай флоры. На практыцы гэта азначае, што ў залежнасці ад умоў кішачная палачка можа станавіцца як сябрам, так і ворагам нашаму арганізму. Напрыклад, пры незахаванні элементарных правілаў гігіены яна здольная выклікаць кішачныя атручэнні. Пры спрыяльных умовах кішачная палачка становіцца нашым саюзнікам і ўдзельнічае ў сінтэзе некаторых вітамінаў (К і групы В).

Як зберагчы карысныя бактэрыі

Галоўны вораг карысных бактэрый — антыбіётыкі. Гэтыя лекі не робяць адрозненняў паміж шкоднымі і карыснымі бактэрыямі, таму прымяняць іх трэба толькі ў самых крайніх выпадках. Пры гэтым пажадана піць прабіётыкі, якія падтрымліваюць мікрафлору кішэчніка. І само сабой, не выключаць з рацыёну багатыя на карысныя мікраарганізмы прадукты.

Антыбактэрыяльнае мыла дзейнічае прыкладна гэтак жа, як антыбіётыкі, выклікаючы бактэрыяльны дысбаланс у арганізме. Мыць рукі трэба абавязкова, вось толькі мыла лепш выбраць звычайнае, якое не нашкодзіць карысным бактэрыям.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.