Вы тут

Выстава ўнікальных фотапартрэтаў песняра адкрылася ў музеі Коласа


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачала працу часовая экспазіцыя «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа». У мерапрыемстве, прымеркаваным да 140-годдзя з дня нараджэння класіка, удзел прынялі беларускія пісьменнікі, навукоўцы, а таксама прадстаўнікі сям’і Якуба Коласа. 


 

Падчас адкрыцця выставы куратар праекта, праўнучка паэта Васіліна Міцкевіч адзначыла, што 50 прадстаўленых фотаздымкаў дапамогуць уявіць жыццёвы шлях Коласа:

— Фотапартрэты песняра складуць яго фоталетапіс, пачынаючы ад першага вядомага нам здымка, які быў зроблены ў Нясвіжы ў 1901 годзе, і заканчваючы апошнім — ён датуецца 1956 годам. Амаль усе 50 фотапартрэтаў разам з рарытэтнымі фатаграфіямі, якія таксама прадстаўлены ў экспазіцыі, беражліва захоўваюцца ў калекцыях нашага музея. 

Дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс распавяла аб адметнасцях тэхналогій таго часу — людзям, якія пазіравалі перад фотакамерай, даводзілася доўга сядзець нерухома. Менавіта таму часам можна заўважыць стомленасць на іх тварах:

— Сапраўды, калі праглядаеш фотаздымкі Якуба Коласа, можна фантазіраваць і ўяўляць, аб чым у той момант думаў наш класік. А калі звярнуць увагу на даты, то можна зразумець, якімі былі жыццёвыя абставіны. Усе фотаздымкі, што захоўваюцца ў фондах музея, унікальныя і каштоўныя тым, што на іх засталіся душа і позірк нашага паэта. 

Адметна і тое, што партрэты, прадстаўленыя ў экспазіцыі, суправаджаюцца выказваннямі пісьменніка, цытатамі з ягоных твораў. Як адзначылі супрацоўнікі музея, гэта дэталь раскрые Коласа адразу з некалькі бакоў — не толькі як класіка айчыннай літаратуры, навукоўца, грамадскага дзеяча, але і як філосафа, чалавека з паглыбленным успрыманнем жыцця. 

Падчас адкрыцця выставы Васіліна Міцкевіч нагадала аб яшчэ адной важнай падзеі, якая адбудзецца восенню — адкрыццё помніка на малой радзіме паэта ў Стоўбцах. На імпрэзе прысутнічалі скульптары, якія працавалі над помнікам — Іван Міско і Сяргей Логвінаў. 

— Ад імя ўсяго аўтарскага калектыву я хачу засведчыць: помнік цалкам адліты ў матэрыяле — бронзе. І цягам дзён скульптура будзе дастаўлена ў Стоўбцы. Ужо там адбудуцца мантажныя работы ды падрыхтоўка да ўсталявання. Запрашаю ўсіх восенню на ўрачыстае адкрыццё, — падзяліўся навіной Іван Міско. 

На мерапрыемства былі запрошаны айчынныя пісьменнікі і журналісты. Намеснік галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Літаратуры і мастацтва» Аляксей Чарота выказаў падзяку стваральнікам выставы:

— Гэта той рэдкі выпадак, калі мы можам убачыць вочы нашага песняра. Адразу заўважна мудрасць паэта, нават калі ён быў яшчэ маладым чалавекам. 
У сваю чаргу старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазднякоў звярнуў увагу на тое, што 2022 год — асаблівы: 

— Сёлета Год гістарычнай памяці, 140-годдзе з дня нараджэння нашых класікаў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Безумоўна, іх спадчына — гэта наша гісторыя, багацейшы набытак, якім мы ганарыліся і будзем ганарыцца. Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама прымае актыўны ўдзел у самых розных мерапрыемствах, прысвечаных нашым класікам. 

Напрыканцы свята выступіла Марыя Міцкевіч, дачка Міхася Міцкевіча. Унучка класіка падаравала музею апошні фотапартрэт Якуба Коласа: 

— Калі стваралі гэтую выставу, адкрылася, што ў фондах музея не хапае аднаго здымка — самага апошняга. Ён быў зроблены маім бацькам у 1956 годзе. Я бы хацела, каб ён таксама быў у калекцыі. 

На выставе «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа» прадстаўлены здымкі розных аўтараў. Сярод іх і майстры фатаграфіі — Генрых Фрыд, Рыгор Вайля, Майсей Напельбаўм, Зянон Паўлоўскі, і аматары — сябар Якуба Коласа Міхась Лынькоў і малодшы сын паэта Міхась Міцкевіч. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.