Вы тут

У свяце вёскі Пугачы ўзялі ўдзел пісьменнікі-землякі


У Год гістарычнай памяці асабліва важна памятаць пра свае карані і вытокі, ушаноўваць сваю малую радзіму... Святы вёсак, якія адбываюцца па ўсёй Беларусі — адна з традыцый, якая гэтаму спрыяе.


Ёсць на Валожыншчыне вёска Пугачы, 
Дзе рэчышчы сцяжын не зараслі ў лугах, 
У агародчыках красуюць касачы, 
Буслы на захад сонца коцяць па дубах. 

Так узнёсла напісаў пра сваю малую радзіму паэт Віктар Шніп.

Вось якраз гэта самая вёска адзначала сваё свята сонечным днём 10 ліпеня. І ўраджэнец Пугачоў, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп прыехаў з Мінска, каб павіншаваць аднавяскоўцаў, каб засведчыць, што малая радзіма назаўсёды ў ягоным сэрцы і ў ягоных творах. З Віктарам завітала на Валожыншчыну ягоная жонка, вядомая пісьменніца, супрацоўніца «Звязды» Людміла Рублеўская. Пісьменнікі прывезлі ў падарунак Пугачоўскай сярэдняй школе і бібліятэцы кнігі, многія з якіх пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». 

Падчас свайго выступлення Віктар Шніп адзначыў, што Пугачы — ці не самая літаратурная вёска краіны, таму што нядаўна ў сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі прынялі дырэктарку Пугачоўскага сельскага Дома культуры, паэтку Наталлю Жызнеўскую. Менавіта яна была адным з арганізатараў свята вёскі і прывітала гасцей уласнай песняй.

Цёплым словам адазваўся пра пугачоўцаў, працалюбівых і таленавітых, старшыня Ракаўскага сельвыканкама Аляксандр Мякінка. Зразумела, знайшліся падарункі для самых адметных. Гэты чатыры лепшыя механізатары — Рыгор Сасноўскі, Віктар Пралат, Антон Шніп, Мікалай Жызнеўскі. Былі ўшанаваныя таксама найстарэйшая жыхарка Пугачоў — Марыя Вікенцеўна Шніп, заслужаны настаўнік, ветэран працы, якая 42 гады адпрацавала ў Пугачоўскай школе, і наймалодшы пугачовец — Ягор Шут. Былі адзначаныя выхавацелька дзіцячага садка Ганна Шымановіч, шматдзетная сям’я Рэзановічаў, а таксама гаспадыня найлепшага падворка — Ірэна Сікорская. 

Адметна, што ў пугачоўцаў сёлета шмат сямейных юбілейных дат — Віктар Шніп і Людміла Рублеўская адзначаюць 35 гадоў вяселля, Міхаіл і Таццяна Клімовічы — сапфіравае вяселле, 45 гадоў сумеснага жыцця. А былы старшыня калгаса Станіслаў Лужынскі з жонкай святкуюць залатое вяселле.

Святочны настрой дапамагалі ствараць самадзейныя артысты не толькі Пугачоў, але і Валожынскага раённага цэнтра культуры і Дорскага сельскага Дома культуры. Аздабляла свята выстава-кірмаш вырабаў мяцовых умельцаў. Пасля ўрачыстай часткі яшчэ доўга гучалі песні і працягваліся скокі. Хочацца верыць, што вёска, дзе столькі таленавітых людзей, будзе квітнець і прырастаць моладдзю.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.